Денис Колесень посетил рабочий коллектив ПУ «Столбцыгаз»

Афіцыйна Важное

У рамках сустрэч з насельніцтвам старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень наведаў працоўны калектыў ВУ «Стоўбцыгаз».
Сустрэча праходзіла пад знакам адметнай даты – 60-годдзя газіфікацыі рэспублікі. Як адзначыў ва ўступным слове дырэктар прадпрыемства Іван Шпілеўскі, за гэты час у Беларусі пабудавана больш за 50 тысяч кіламетраў газаправодаў (для параўнання: імі можна абкруціць зямны шар), у тым ліку больш за 11 тысяч кіламетраў – на Міншчыне. На Стаўбцоўшчыне гэтая лічба набліжаецца да 800 кіламетраў. Для нашага раёна характэрны сапраўды высокі ўзровень газіфікацыі. Пажаданні, адрасаваныя газавікам, – развівацца, працаваць безаварыйна, бесперабойна забяспечваць спажыўцоў.
З’яўляючыся адным з філіялаў унітарнага прадпрыемства «Мінскаблгаз», з 1-га верасня 2015 года Стоўбцыгаз абслугоўвае тры раёны – Клецкі, Нясвіжскі і Стаўбцоўскі. У бягучым годзе распачата рэканструкцыя вытворчай базы, што дазволіць стварыць у бліжэйшы час сучасны цэнтр абслугоўвання насельніцтва.
Сваімі добрымі ўражаннямі аб дзейнасці калектыву Стоўбцыгаза падзяліўся і старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень, выказаў надзею на тое, што сельгаставарыствы ў разліках з газазабяспечваючай арганізацыяй будуць выконваць свае дагаворныя абавязацельствы. «Сустрэча служыць для таго, каб пачуць вашы пытанні і ініцыятывы, вашу думку аб развіцці раёна, існуючых недахопах у рабоце», – акрэсліў Дзяніс Колясень.
Работнікамі газавай службы былі ўзняты пытанні дарожнага руху ў Стоўбцах. У прыватнасці, людзей хвалюе адсутнасць святлафора на скрыжаванні вуліц Івянецкай і Магістральнай, наяўнасць на ім затораў у гадзіны пік.
Сапраўды, інтэнсіўны рух у горадзе вымагае пэўных арганізацыйных мер, але неабходнасць устаноўкі святлафорнага аб’екта на гэтым скрыжаванні далёка не актуальная. «На ўстаноўку святлафораў не хапае фінансаў, таму мы спрабуем вырашаць гэтае пытанне ў рамках інвестпраграмы, прапануючы іх устаноўку патэнцыйнаму інвестару як абцяжарванне», – патлумачыў Дзяніс Колясень.
Развіваючы дарожную тэму, старшыня райвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць арганізацыі яшчэ аднаго выезду з горада. У хуткім часе будзе здадзена другая чарга ліцейнай вытворчасці на філіяле маторнага завода, пачнецца будаўніцтва гарадской кацельні на цвёрдых відах паліва, і ў Стоўбцах узрасце паток грузавога транспарту. У сувязі з гэтым неабходна думаць, як разгрузіць вуліцу Цэнтральную, якая ўжо сёння нясе сур’ёзную нагрузку. Размова ў даным выпадку ідзе не толькі пра бяспеку, а і пра падтрыманне праезджай часткі ў належным стане. Як адзначыў Дзяніс Колясень, само жыццё падказвае, на што неабходна звярнуць увагу ў першую чаргу. Так, на вуліцы Магістральнай нядаўна зроблены пешаходны пераход, які злучае яе з вуліцай Міру. Удзельнікі сустрэчы пацікавіліся, ці будзе ён асветлены.
Да работнікаў газавай службы звярнулася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль: «Плануецца ўстанавіць у Стоўбцах помнік Якубу Коласу. З улікам таго, што на гэта атрыманы дазвол кіраўніцтва краіны, мы, землякі песняра, павінны прыкласці максімум намаганняў. Спадзяёмся і на вашы падтрымку і разуменне. Гатовы выслухаць прапановы».
Устаноўка помніка – справа высакародная і патрыятычная. Гэта знакавая падзея, якая чакае нас у Год малой радзімы. Пасля ўсіх абмеркаванняў выбраны аптымальны варыянт – устанавіць помнік Якубу Коласу на вуліцы Цэнтральнай, у скверы насупраць школы. Прыгадаем, што на гэтай вуліцы на сценах вышынных дамоў да Дня горада з’явіліся муралы з відарысамі Коласавых мясцін, усіх музейных філіялаў на Стаўбцоўшчыне. Тэматычныя муралы выклікалі захапленне ў гасцей нядаўняга рэспубліканскага свята «Каласавіны-2018» .
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *