В ОАО «Деревное» наградили лучших механизаторов

Главное Сельская гаспадарка

У мінулую пятніцу ў ААТ «Дзераўное» прайшло раённае мерапрыемства. На ім былі ўшанаваны механізатары, якія вызначыліся на нарыхтоўцы кармоў. У мясцовай сталовай сабраліся пераможцы і прызёры раённага спаборніцтва ў гэтым відзе палявых работ. Ва ўрачыстасці прыняў удзел старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень, які цёпла павіншаваў прысутных з надыходзячым святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, пажадаў усяго найлепшага і ўручыў самым руплівым дыпломы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і прэміі (інфармацыя аб калектывах-пераможцах і прозвішчы перадавікоў былі надрукаваны ў папярэднім нумары газеты).

Дзяніс Колясень

– Нарыхтоўка кармоў – у ліку не толькі самых важных, а і самых адказных кампаній, бо ад таго, як будзе забяспечана жывёлагадоўчая галіна кармамі, залежаць паказчыкі ў вытворчасці малака і мяса. Менавіта ад рэалізацыі гэтай сельскагаспадарчай прадукцыі гаспадаркі маюць большы прыбытак, і яна, да таго ж, з’яўляецца асноўнай экспартнай прадукцыяй для нашай рэспублікі, – сказаў Дзяніс Сяргеевіч. – Таму ад таго, як вы папрацуеце ў перыяд корманарыхтовак, залежыць у цэлым патэнцыял краіны, валютная выручка, наш рэйтынг і дабрабыт ў вашых сем’ях.
Адзначалася, што ў перыяд напружанай кампаніі, якая працягваецца з вясны да позняй восені, механізатары працуюць поўны светлавы дзень і практычна без выхадных. Людзі разумеюць важнасць сваёй работы і выконваюць яе з адказнасцю і поўнай аддачай, за што заслужылі самыя шчырыя словы ўдзячнасці. Сянажна-сіласныя траншэі запаўняюцца згодна з тэхналогіяй, у сціслыя тэрміны, таму травяныя кармы закладваюцца якасныя. Жывёла атрымлівае збалансаваны па пажыўных рэчывах корм, а гэта значыць, што і надалей будуць высокімі надоі і прывагі, што дазволіць не страціць заваяваных пазіцый. Зараз наш раён па вытворчасці малака займае сёмае месца ў вобласці і дваццаць чацвёртае ў рэспубліцы.
старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень уручае дыплом дырэктару ААТ «Рубяжэвічы» Дзмітрыю Сахарэвічу

– Пазіцыі дастойныя дзякуючы і вашай працы, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама. – Ведаю літаральна кожнага з вас асабіста, часта сустракаюся на палетках і ганаруся прысутнымі тут людзьмі, якія з году ў год прымнажаюць здабыткі сваіх гаспадарак і раёна ў цэлым. Сярод вас, хто складае сёння касцяк механізатарскага корпуса, і маладыя працаўнікі, якія не адстаюць ад старэйшых, паказваючы прыклад у рабоце. Прыходзіць на змену новае пакаленне, але, на жаль, не такімі тэмпамі, як хацелася б. Трэба пераконваць сельскую моладзь, каб заставалася працаваць у родных мясцінах: такая стаіць задача не толькі перад кіраўніцтвам раёна, дырэктарамі сельгаспрадпрыемстваў, а і перад кожным з вас. Ад таго, ці папоўняцца гаспадаркі руплівымі і сумленнымі кадрамі механізатараў, здольнымі ў будучым рашаць сур’ёзныя задачы, якія пастаўлены перад усімі намі кіраўніком і ўрадам краіны, будзе залежаць наш з вамі дабрабыт.
Пераможцы спаборніцтва

Падзякавалі механізатарам за шчыраванне з пажаданнямі і ў далейшым дасягаць высокіх паказчыкаў (а рэзервы дзеля гэтага ёсць) дырэктар ААТ «Дзераўное» Юрый Тарасевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч.
Цікавую і змястоўную музычную праграму для перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці падрыхтавалі работнікі Дзераўнянскага цэнтра культуры і мясцовай музычнай школы.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *