В Рубежевичах прошло заседание районной комиссии по предупреждению пьянства и алкоголизма

Афіцыйна Важное

На базе Рубяжэвіцкага сельскага Савета прайшло выязное пасяджэнне раённай камісіі па папярэджанні п’янства і алкагалізму.
З пачатку года ў ААТ «Рубяжэвічы» выкрыта 49 фактаў знаходжання працаўнікоў на рабочым месцы ў п’яным выглядзе. Пераважная большасць іх – работнікі жывёлагадоўлі, некаторыя папаліся паўторна, але ніхто не быў накіраваны на кансультацыю да ўрача-нарколага.
Са справаздачы вынікала, што ўсе 49 фактаў выкрыты мабільнай групай гаспадаркі і да злосных парушальнікаў працоўнай дысцыпліны прыменены розныя метады ўздзеяння – ад пераканання да матэрыяльных санкцый, – але яны, як бачна, не далі жаданага эфекту.
«Паглядзець у вочы таго, хто злоўжывае спіртным, відавочна недастаткова. З гэтымі людзьмі неабходна працаваць выключна на вынік, каб яны не «дапіліся» да стану, у якім трапляюць у рэанімацыю або паміраюць проста на вуліцы», – заглядае наперад галоўны ўрач Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. І для пацвярджэння прыводзіць сумную статыстыку: – Паказчык смерці ад атручэння алкаголем у Стаўбцоўскім раёне перасягае сярэднеабласны».
Нагадаем, што сёння ў раённай бальніцы працуюць два ўрачы-нарколагі, гатовыя аказаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Разам з даступнасцю гэтага віду медыцынскай дапамогі важна акрэсліць і яе ананімнасць, адсутнасць такога фактара, як пастаноўка на ўлік.
Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Руслан Харута звярнуў увагу на тое, што ні аб адным з 49-ці выяўленых у гаспадарцы фактаў знаходжання на рабочым месцы ў п’яным выглядзе не было паведамлена ў міліцыю, а ў такіх сітуацыях адміністрацыйны рэсурс бывае вельмі нават дарэчы. На падставе Закона «Аб прафілактыцы» да таго, хто неаднаразова быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і не жадае праходзіць лячэнне ў добраахвотным парадку, можна прымяніць меры прымусовага характару.
Дырэкцыяй ААТ «Рубяжэвічы» ў мінулым месяцы былі накіраваны на лячэнне ад алкагольнай залежнасці за кошт гаспадаркі трое работнікаў. Важна пачынаць прафілактычную работу ў гэтым напрамку яшчэ на стадыі прыёму на працу. Іншагародніх прэтэндэнтаў не лішне праверыць праз банк даных органаў міліцыі. З улікам прапаноў вырашана актывізаваць работу мабільнай групы ў складзе ўрача-нарколага і іншых вузкіх спецыялістаў ЦРБ, скласці графік яе выезду ў гаспадаркі раёна. Задача гэтай мабільнай групы – расказаць аб дзейнасці ўрача-нарколага, індывідуальна пагутарыць з тымі, хто ўваходзіць у групу рызыкі, і запрасіць іх на кансультацыю і лячэнне.
Са справаздачай аб рабоце камісіі па папярэджанні п’янства і алкагалізму на прадпрыемстве таксама выступілі прадстаўнікі ААТ «Вялікі Двор» і «Дзераўное», РУП «Навасвержанскі лесазавод». Для сельгаставарыстваў, дзе не такія высокія заробкі і ўмовы працы не назавеш лёгкімі, актуальнасць мае матывацыя работніка. Але як фарміраваць яе ў таго, каму цвярозасць не надта і патрэбна?.. У асобных работнікаў, якія злоўжываюць спіртным, няма і не было сям’і, дзяцей… Тым не менш, варта спрабаваць розныя падыходы, у тым ліку ўключэння гэтых людзей у грамадска-культурнае жыццё прадпрыемства.
Пры абмеркаванні сітуацыі на Навасвержанскім лесазаводзе былі прыгаданы ранейшыя факты вытворчага траўматызму. Аднак за апошні час ніводзін работнік лесазавода не накіраваны на кансультацыю да ўрача-нарколага, няма і фактаў выкліку міліцыі з-за п’янства на рабочым месцы. Як патлумачыла прадстаўнік лесазавода, кардынальна змянілася сітуацыя пасля стварэння ўласнай службы аховы, кантрольна-прапускнога пункта. Такім чынам, выяўленне нецвярозых работнікаў ажыццяўляецца на стадыі прыходу на работу. Такіх выпадкаў зафіксавана на прадпрыемстве з пачатку года 25. Пасля таго як пяць чалавек за адзінкавыя факты ўжывання спіртнога на рабочым месцы былі звольнены, іншыя задумаліся.
Тым не менш, назваць такую работу камісіі па папярэджанні п’янства і алкагалізму дастатковай будзе не зусім правільна. Прадпрыемства пазбавілася ад ненадзейнага работніка. А што далей?.. У лепшым выпадку ён пойдзе шукаць новае месца працы і там усё паўторыцца, у горшым – адправіцца ў запой і папоўніць рады беспрацоўных.
На выязным пасяджэнні былі заслуханы асобныя парушальнікі працоўнай дысцыпліны ААТ «Рубяжэвічы». Кожнаму з іх прапанавана прайсці кансультацыю ва ўрача-нарколага. Гаспадаркай быў прадстаўлены і станоўчы прыклад работы са сваімі работнікамі. Маладая жанчына працуе даяркай, атрымлівае нядрэнную зарплату. Яна, як і яе муж, вярнуліся да цвярозага жыцця. Год не ўжываюць спіртнога. Працяглы час праблему не асэнсоўвалі. Былі зрывы, за якімі паўстала пагроза адабрання з сям’і дваіх дзяцей. Бацькі прайшлі курс антыалкагольнага лячэння. «Пры аб’ездзе сем’яў наведалі і гэтую сям’ю. У доме – ідэальны парадак», – канстатаваў старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Павел Карніцкі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *