«В моей работе много плюсов». Андрей Колковский о службе участкового инспектора милиции

Ахова правапарадку Главное

Участковы інспектар міліцыі Андрэй Калкоўскі нясе службу ўсяго два гады, але ўжо зарэкамендаваў сябе граматным і адказным спецыялістам. Паводле ацэнкі службовай дзейнасці, малады супрацоўнік – на перадавых пазіцыях у аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі.

Яго служба праходзіць на вуліцах Стоўбцаў, а менавіта на адміністрацыйным участку № 1. Участак уключае ў сябе два вакзалы, чыгуначны і аўтамабільны, стадыён, бальніцу, прыватны сектар… Не так даўно аўтавакзал трапіў у крымінальную зводку – раней судзімы ўчыніў грабеж. Гэта злачынства па сваёй дзёрзкасці атрымала шырокі рэзананс. Балявая кропка на адміністрацыйным участку – кафэ-бар «Стары Двор», дзе рэгулярна фіксуюцца як правапарушэнні, так і злачынствы.
– Участак стандартны ў межах горада, – гаворыць Андрэй Калкоўскі, – але з улікам розных абставін (у тым ліку прыходзіцца замяняць сваіх калег) «гарадскому» ўчастковаму неабходна ведаць увесь горад. Пры неабходнасці і мне прыходзяць на дапамогу. Калі на стадыёне «Юнацтва» ідуць масавыя мерапрыемствы, то для аховы правапарадку задзейнічаны ўвесь асабовы састаў райаддзела міліцыі.
Андрэй Калкоўскі быў прызначаны на пасаду ўчастковага інспектара пасля заканчэння Магілёўскага інстытута МУС. Ён тутэйшы – родам з вёскі Дудкі.
– Не расчараваліся ў атрыманай прафесіі? – цікавімся ў маладога ўчастковага.
– Не. У маёй рабоце шмат плюсаў. Цесна кантактую з людзьмі. Узаемадзейнічаю з кіраўніцтвам бальніцы, вакзалаў, райспажыўтаварыства, спартыўнай школы, і гэта дапамагае ў рабоце. Расслабляцца нельга, таму што ёсць тэрміны разгляду матэрыялаў. Каб не парушыць іх, усё трэба рабіць хутка і якасна.
Дапамогу маладому ўчастковаму інспектару аказвае яго непасрэднае кіраўніцтва – начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Юлія Белавусава, намеснік начальніка райаддзела міліцыі–начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Харута. Не забывае ён і сваю альма-матар – пры неабходнасці юрыдычнай кансультацыі па прымяненні крымінальна-працэсуальнага ці працэсуальна-выканаўчага кодэксаў звяртаецца да сваіх інстытуцкіх выкладчыкаў.
Штомесяц участковы інспектар міліцыі выходзіць на прафілактычную адпрацоўку адміністрацыйнага ўчастка. Абыходзіць не менш за два дзясяткі вуліц і завулкаў, наведвае не менш за сотню домаўладанняў грамадзян. Знаёміцца з людзьмі, пакідае свае кантакты. Рэчаіснасць паказвае, што падобныя гутаркі не праходзяць бясследна і абарочваюцца ўзаемным даверам.
На ўчастку Андрэй Калкоўскі працуе з раней судзімымі, тымі, хто злоўжывае спіртным, заўважаны ў сямейных скандалах. Яго рабочы графік у будныя дні пачынаецца ў 15 гадзін, у выхадныя і святочныя дні скарэкціраваны на больш позні час.
Задача ўчастковага – каб грамадзяне адчувалі сябе ў бяспецы, у горадзе быў спакой і парадак.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *