Вёска Курачкі ўсіх прыцягвае сваёй назвай

Главное Год малой родины

НЕ БУДЗЕМ УТОЙВАЦЬ: вёска Курачкі, што ў Літвенскім сельсавеце, прыцягнула нашу ўвагу сваёй назвай. І якое ж было здзіўленне з нейкім нават расчараваннем, калі мы пачулі ад мясцовых жыхароў, што назва яе пайшла не ад «стракатак»-птушак, як адразу думаецца. Аб гэтым нам расказвае настаўніца Рочавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Жанна Залатар, якая займаецца краязнаўствам і этымалогіяй назваў мясцовых вёсак. Як Жанна Адольфаўна гаворыць, ёсць гіпотэза, што назва вёскі паходзіць ад завода, дзе гасілі, а мясцовыя людзі казалі – «курылі», вапну. Ад завода засталіся толькі каменныя пліты ды назва вёскі.
Сама Жанна Адольфаўна, да пераезду ў вёску Рочавічы, 15 гадоў жыла ў Курачках. Кажа, ад шматлюднай вёскі засталіся толькі ўспаміны. Яна называе мясцовых людзей, якія былі яркімі асобамі, вылучаліся сваёй майстравітасцю. У ліку іх і яе свякроў – Залатар Юзэфа Вікенцьеўна, якая славілася тым, што вельмі добра пякла хлеб.
ЦЯПЕР У КУРАЧКАХ няшмат жылых дамоў, а тым больш тых, дзе пражываюць людзі працаздольнага ўзросту, як сям’я механізатара Віктара Цярэні, сям’я Аксінчыцаў, якая гасцінна прыняла журналістаў. Гаспадар Сяргей Яўгенавіч працуе слесарам на жывёлагадоўчай ферме, Тамара Пятроўна – аграном па спецыяльнасці. Іх дочкі атрымліваюць спецыяльнасці ў навучальных установах Мінска. Старэйшая дачка Яна ўжо замужам, жыве пад Мінскам. З двума ўнукамі, забаўнымі хлопчыкамі, яна гасціла ў бацькоў на прыгожым улонні роднага краю. Іх здымак прыемна было зрабіць у рознафарбнасці восеньскіх дароў прыроды, складзеных па-гаспадарску на вясковай прызбе.

Сям’я Аксінчыцаў з восеньскім багаццем

ЛЮДЗІ пенсійнага ўзросту, з якімі нам давялося пазнаёміцца, усе адметныя, а лепш сказаць – падобныя тым, што яны набожныя. Акрамя таго што ходзяць у касцёл у Рочавічы, яшчэ і дапамагаюць у храме, спяваюць у касцельным хоры. Рэгіна Кулікоўская ў ліку такіх актывістаў-вернікаў. У шаноўным узросце яе аберагаюць дзеці-гараджане, якія клапоцяцца не толькі пра маці, але і пра яе жыллё: многае памянялі на сучасны лад, стварыўшы тым самым добрыя ўмовы для пажылога чалавека. Чаго варта толькі адна печ! Яна выдатна абагравае ўвесь дом, яшчэ і з’яўляецца сапраўдным цэнтрам дызайна інтэр’ера. Зрабілі яе нядаўна, і можна спаўна ацаніць, якія прыгожыя сучасныя матэрыялы.
Прыяцелька Рэгіны Пятроўны – суседка Марыя Мойса. Разам ходзяць у касцёл, разам клапоцяцца аб арганізацыі жыцця прыхода. Марыя Вікенцьеўна доўжыць век са сваім мужам Іванам Антонавічам, побач – дом сына Івана, вадзіцеля ААТ «Рочавічы». Марыя Вікенцьеўна з мужам таксама працавалі ў мясцовым калгасе, яна – брыгадзірам паляводчай брыгады, Іван Антонавіч – трактарыстам. Гэта гаспадарлівая працавітая сям’я, аб чым сведчыць паўсюдны парадак. Яшчэ не так даўно трымалі дамашнюю гаспадарку. Удаве Рэгіне Пятроўне, якая ўжо 22 гады як пахавала мужа, такі суседскі «тыл» надае ўпэўненасці, спакою. Дзеці жывуць у гарадах, а суседзі – побач, і ім заўсёды можна патэлефанаваць, каб атрымаць дапамогу, калі раптам спатрэбіцца.
НАС УРАЗІЛА незвычайнае размяшчэнне вёскі. Яна складаецца як бы з некалькіх асобных хутаркоў, якія стаяць кучкамі, пакідаючы месца маляўнічым краявідам. Багаццем вёскі з’яўляюцца магутныя старадаўнія дрэвы. Мясцовыя жыхары некаторым з іх налічваюць гадоў пад дзвесце. Яны захоўваюць гісторыю вёскі, аберагаюць яе ад стыхій і нягод. І вельмі ўпрыгожваюць наваколле, робяць яго адметным, эксклюзівам населенага пункта. Як і сама яго пяшчотная мілагучная назва.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *