Строительная бригада ЦРБ имеет большие шансы на победу

Главное Медыцына

Ведамасная будаўнічая брыгада цэнтральнай раённай бальніцы магла б дастойна прадставіць сябе на конкурсе прафесійнага майстэрства з высокімі шанцамі на перамогу. Аўтарытэт яе настолькі высокі, што галоўны ўрач медыцынскай установы Святлана Глебка папрасіла нас напісаць нарыс.

Валянціна Папкоўская (другая злева) са спецыялістамі-плітачнікамі Андрэем Камароўскім, Сяргеем Сычовым, Ірынай Чаер і Казімірам Станкевічам

Святлана Здзіславаўна гаворыць, што ёсць пачуццё віны перад будаўнікамі, якія застаюцца заўсёды ў цяні, калі здаюцца шыкоўныя аб’екты – адрамантаваныя аддзяленні райбальніцы, і гэтай падзеі прысвячаецца ўрачыстая прэзентацыя. І сапраўды, знаёмства з будаўнічай брыгадай пакідае самыя лепшыя ўражанні. Нас суправаджае намеснік галоўнага ўрача па гаспадарчай дзейнасці Валянціна Папкоўская. Валянціна Адамаўна 15 гадоў працуе на гэтай пасадзе ў райбальніцы, а наогул стаж работы па сваёй асноўнай спецыяльнасці ў выпускніцы Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (цяпер – БНТУ) складае больш за 20 гадоў. Валянціне Адамаўне ўдаецца выдатна кіраваць будаўнічай брыгадай, у складзе якой у асноўным мужчыны. Падчас размовы з будаўнікамі мы пачулі шмат добрых слоў і ў адрас Святланы Здзіславаўны, і ў адрас Валянціны Адамаўны. Яны сваёй нераўнадушнай пазіцыяй, зацікаўленасцю ў пераўтварэнні старых памяшканняў райбальніцы ў сучасныя карпусы, сваімі ініцыятывамі, нястомнымі стараннямі падаюць усім такі прыклад, што хочацца адказаць тым жа – прафесіяналізмам, самаадданасцю, жаданнем увасобіць іх планы ў жыццё аператыўна і з высокай якасцю выкананых работ.
На сучасны момант будаўнікі працуюць над бягучым рамонтам памяшкання для новага прыёмнага аддзялення. Валянціна Адамаўна расказвае і паказвае, што новае прыёмнае аддзяленне размесціцца ў памяшканні былой старой паліклінікі, якая знаходзіцца ў хірургічным корпусе. Апошнім часам яно выконвала функцыю гаспадарчага складскога памяшкання. Праект прадугледжвае цэлы комплекс, які ўключыць прыёмнае аддзяленне з тунэлямі, што злучаць яго з рэанімацыйным аддзяленнем. Хуткая дапамога перамесціцца ў памяшканне, дзе знаходзіцца цяпер прыёмны пакой. Адначасова распачата вялікая работа на вуліцы, чаго нельга не заўважыць. Будуць устаноўлены металічныя канструкцыі пад пандус для заезду машын хуткай дапамогі, што дасць магчымасць транспартаваць пацыентаў у машыне ў закрытую прастору, злучаную з прыёмным аддзяленнем, пацыенты не будуць знаходзіцца на вуліцы.
Падсобны рабочы Аляксандр Раманейка

Пакуль у памяшканні няма нічога, што б пацешыла вока: усё ў шэрых, цёмных танах, у развалінах. Работа ў самым разгары, у кожнага са спецыялістаў – свой клопат. Рыхтуюцца камунікацыі, ідзе работа па ўсіх напрамках. Мы сустрэлі тут і электрыкаў, і сантэхнікаў, і слесараў, і тынкоўшчыкаў. Валянціна Адамаўна клапоціцца, каб ніхто з іх не застаўся незаўважаным, таму што, гаворыць, кожны з іх заслугоўвае быць адзначаным як высокакваліфікаваны спецыяліст і старанны працаўнік. Усе работы выконваюцца сваімі сіламі без прыцягнення падрадных арганізацый, што значна эканоміць сродкі. Гэта патрабуе высокага прафесіяналізму.
Пры непасрэдным удзеле старшага майстра Дзмітрыя Давыдава былі спланаваны і праведзены рамонты гаспадарчым спосабам на шасці здадзеных аб’ектах у райбальніцы і астатніх у сельскай мясцовасці.
Высокі прафесіяналізм вызначае брыгаду плітачнікаў. У сучасным дызайне службовых памяшканняў медыцынскага прызначэння доля іх працы вялікая. І работа выканана адмыслова. Самы старэйшы сярод плітачнікаў – Казімір Станкевіч. Стаж работы ў прафесійнага будаўніка вымяраецца тэрмінам сорак гадоў. Апошнія 10 гадоў Казімір Казіміравіч працуе ў будаўнічай брыгадзе райбальніцы. Ён з любоўю гаворыць пра сваіх маладзейшых калег Андрэя Камароўскага, Сяргея Сычова. Кажа, што ў маладых таксама ёсць чаму павучыцца, бо атрымлівалі яны спецыяльнасць па новых тэхналогіях. У мужчынскай брыгадзе Ірына Чаер працуе плітачніцай 10-ы год.
Два сталяры – Ігар Грушэўскі і Валерый Калкоўскі – як два браты, дружна працуюць на сваіх участках – устаўляюць дзверы, вокны, падшываюць столь з гіпсакардону. Прыемныя ў зносінах гэтыя людзі ва ўнісон іншым адзначаюць, што буданічая брыгада ў іх, як родная сям’я, дзе ўсе адзін аднаму дапамагаюць, падтрымліваюць адзін аднаго. Ды і бальніца, у якой столькі зроблена іх умелымі рукамі, як родны дом. Гэта і спрыяе таму, што якасць работ – высокая, а тэмпы рамонтаў – найкарацейшыя. І прыёмнае аддзяленне плануецца здаць праз некалькі месяцаў.
Сталяры Валерый Калкоўскі і Ігар Грушэўскі

Маляр Валянціна Ліпніцкая і тынкоўшчыца Тамара Грамыка – спецыялісты з вялікім стажам работы. Яны гавораць, што вельмі любяць сваю прафесію. І атрымліваюць маральнае задавальненне, калі пасля прыкладання іх рук яшчэ нядаўна абшарпаная сцяна становіцца, як новая, і да работы могуць прыступіць плітачнікі. Гэты эфект заўсёды прыносіць радасць, дае сілу для далейшай работы. З дня заснавання брыгады бездакорна працуюць маляры Антаніна Буянава, Раіса Шульга і Ганна Гамза.
Тынкоўшчыца Тамара Грамыка і маяр Валянціна Ліпніцкая

Майстар Віктар Паўлоўскі кіруе майстрамі-сантэхнікамі і электрыкамі. Сам ён працуе ў гэтай брыгадзе з мая, аднак па сваёй спецыяльнасці мае вялікі стаж практычнай дзейнасці. Сантэхнікі Уладзімір Краўцоў, Валерый Галаўко ў брыгадзе тры гады. Іх калега Мікалай Чыркун выконвае работу і сантэхніка, і зваршчыка: мае чацвёрты разрад і па адной, і па другой спецыяльнасці. Гэта высокакваліфікаваны майстар, стаж работы якога складае каля 20 гадоў. Мікалай Мікалаевіч гаворыць, што ўсе аб’екты, якія ўведзены ў апошнія тры гады, выкананы з яго ўдзелам.
Майстар Віктар Паўлоўскі (у цэнтры) са зваршчыкам Мікалаем Чыркуном і сантэхнікам Уладзімірам Краўцовым

Віктар Хвалей і Віктар Лагутка – на пасадзе электраманцёраў. Нядаўна ўліўся ў калектыў Максім Ярмак, які мае папярэдні вопыт работы электраманцёрам у электрычных сетках. Віктар Хвалей гаворыць, што сістэмы медыцынскай установы складаныя, павінны працаваць бездакорна, таму ў электраманцёраў вялікая адказнасць і дастаткова напружаны графік работы. Акрамя рамонтаў яны абслугоўваюць усе дзеючыя лячэбна-прафілактычныя ўстановы ў сельскай мясцовасці. Электраманцёр сувязі Лілія Міюц, перасяленка з Украіны, выдатна ўлілася ў калектыў і прафесійна выконвае няпростую работу.
Муляр Мікалай Дубатоўка з падраднай арганізацыі – ПМК-233 (прадпрыемства выйграла працэдуру закупак), з якім мы размаўляем на вуліцы, гаворыць, што гэты вялікі аб’ект яны павінны закончыць у гэтым годзе. Гатовы працаваць і ў выхадныя дні, каб максімальна скарыстаць надвор’е да маразоў, бо шмат бетонных работ. Валянціна Адамаўна выказвае ўдзячнасць падраднай арганізацыі, якая ідзе насустрач, ушчыльняе графік работ.
На аб’екце — муляр Мікалай Дубатоўка

Новаё прыёмнае аддзяленне плануецца ўвесці ў строй у лютым. Паралельна з будаўнічымі работамі ідзе працэдура закупак абсталявання і матэрыялаў для дызайна інтэр’ера па самых сучасных патрабаваннях. Валянціна Адамаўна гаворыць, што выконваецца ўсё гэта з асабістым удзелам галоўнага ўрача Святланы Глебка, якая навучыла ўсіх выконваць работу, як для сябе. Таму і вынік рамонтаў з такім нечаканым эфектам. Новае прыёмнае аддзяленне таксама абяцае стаць тым наватарствам, якое будзе адметнае не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.
Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *