10 падзей, якія запомняцца

Нумары Падзеі і здарэнні

Агульны ўклад у добраўпарадкаванне свайго горада. У 2013-м працоўныя калектывы раёна працавалі на суботніках і пералічылі каля 320 мільёнаў рублёў на рахунак добраўпарадкавання. У тым ліку і за гэтыя сродкі было закуплена 2 076 м2 тратуарнай пліткі, 1 444 і 656 пагонных метраў тратуарнага і дарожнага борта. Асабліва хочацца адзначыць актыўнасць і свядомы падыход працаўнікоў Стаўбцоўскіх ПМК, электрасетак, торфабрыкетнага завода «Нёман», камерцыйных прадпрыемстваў — «Лесформінвест-плюс», «Брылеўскі і сыны», «ВанісТорг», ІП Максімовіч. Імкніцеся і вы папоўніць гэты спіс у новым годзе!

Навасёлы дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў «Калінка-1», «Стоўбцы-2» і «Стоўбцы-3» атрымалі ключы ад кватэр, пабудаваных з дзяржаўнай падтрымкай. У новым годзе навасёлаў чакаюць 24 кватэры ў так званым сацыяльным доме — першым з такім статусам на Стаўбцоўшчыне. Для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прапанаваны і іншы варыянт — жыллёвы фонд камерцыйнага выкарыстання. Гэты фонд развіваецца, у ім ужо налічваецца сем кватэр, усе яны знайшлі сваіх жыльцоў.

Для радзільнага аддзялення бальніцы і ЗАГСа год выдаўся самым нараджальным. Калі ў 2012-м стаўбчанкі нарадзілі 295 маленькіх гараджан, то ў 2013 (па даных на 17 снежня) — 324. Кожная адзнака аб нараджэнні ў кнізе запісаў актаў грамадзянскага стану — сапраўдная падзея і для шчаслівых бацькоў, якім і ў новым годзе не трэба спыняцца на дасягнутым і папаўняць свае сем’і сынамі і дачушкамі, і для тых, хто па доўгу службы займаецца выдачай маленькаму грамадзяніну першага дакумента.

Маладым мамам і тым, хто чакае нараджэння дзіцяці, гэты год запомніцца «Мамінай школай» — цікавым крэатыўным праектам стаўбчанкі Таццяны Дудзько (Яўсейчык), пакуль — адзіным у нашым раёне. На спецыяльных курсах можна атрымаць веды і практычныя навыкі, у прыватнасці, па грудным выкормліванні, якія дапамогуць сучаснай жанчыне нарадзіць здаровага малыша, захаваць каханне і сямейнае шчасце.

Моладзь удзельнічала ў рэспубліканскім маладзёжным з’ездзе БРСМ, які прайшоў з удзелам Прэзідэнта краіны і на якім прагучала справаздача стаўбчан пра справы нашага валанцёрскага руху «Добрае сэрца». А крыху раней, летам, наша моладзь упершыню брала ўдзел у складзе дэлегацыі БРСМ на міжнародным маладзёжным палітычным форуме «Фарос», адкуль прывезла свежы, з марскім брызам, погляд на супрацоўніцтва, на ролю маладых у фарміраванні грамадзянскай супольнасці і, канешне, узбагацілася сучаснымі ідэямі.

Воіны-інтэрнацыяналісты будуць памятаць, што ў 2013 годзе праведзены рамонт мемарыяльнай стэлы ў гонар іх загінуўшых таварышаў. Гэтаму помніку ў цэнтры горада больш за 20 гадоў. Нейкі час ён быў нібыта «схаваны» пад брэзентам вялікай ваеннай палаткі. Дзякуючы яе покрыву далікатныя рамонтныя работы, якія датычаць мармуру, не спыняліся… Трэба абавязкова паспець да 15 лютага 2014 года — дня, калі будзе адзначацца 25-я, юбілейная, гадавіна з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Па закліку сэрца сродкамі дзеля гэтай святой справы дзяліліся многія калектывы, стаўбчане, грамадскія арганізацыі.

Для новасвяржан зроблены прыпынкі грамадскага транспарту ў цэнтры іх больш чым двухтысячнага населенага пункта. Яны з’явіліся сёлета з абодвух бакоў дарогі пасля настойлівых зваротаў людзей. Дарожнікі ДЭУ-62, якія абслугоўваюць дарогу Пяршай — Івянец — Нясвіж, аснасцілі прыпынкі згодна з патрабаваннямі бяспекі дарожнага руху: «кішэнямі» для заезду маршрутных транспартных сродкаў, добраўпарадкаванымі пляцоўкамі чакання для пасажыраў (з лавачкамі, урнамі для смецця). У новым годзе, у другой яго палове, яны абяцаюць парадаваць такой жа «парачкай» прыпынкаў і тых новасвяржан, якія пражываюць на выездзе з вёскі. Акрамя прыпынкаў, у адыходзячым годзе 585-гадоваму паселішчу пакінуты і яшчэ адзін памятны «знак» — заасфальтаваная ўяздная дарога.

Для калектыву ДЭУ-62 адыходзячы год застанецца ў памяці дзякуючы ўчынку іх вадзіцеля Анатоля Мікалаевіча Фянько. Ён не застаўся назіральнікам, калі заўважыў пажар у адной з кватэр прыдарожнага трохпавярховага дома, а кінуўся аказваць пасільную дапамогу выратавальнікам па эвакуацыі людзей з верхняга паверху.

Нельга не прыгадаць і ўчынак маладога вадзіцеля-дальнабойшчыка з Аталезі Дзмітрыя Шыбко, які не разгубіўся і дапамог міліцыі затрымаць злачынцу ў адным з магазінаў горада.

У аматараў турызму з’явіўся новы маршрут, які вядзе акурат у сталіцу нашай рэспублікі на не зусім звычайную плошчу — плошчу Дзяржаўнага сцяга. Па водгуках экскурсантаў, гэтая плошча адразу стала блізкім ім сімвалам нашай краіны. Са знаёмства з ім цяпер пачынаюцца практычна ўсе аглядавыя экскурсіі па Мінску. У гэтым годзе школьнікі раёна, дзякуючы вядучаму спецыялісту службы аддзела перавозак аўтапарка № 17 Леанідзе Высоцкай, пабывалі і на ўроку патрыятызму — у музеі рускага палкаводца Суворава, што знаходзіцца ў горадзе Кобрыне.

Залужскіх школьнікаў асабліва будуць саграваць у навагоднюю ноч успаміны пра дзіўную Атлантыку, пра ірландскі гарадок Барысакейн, дзе дзеці пражылі сярод яго дабрачынных жыхароў амаль цэлы летні месяц, дзе давалі першыя ў сваім жыцці інтэрв’ю аб сінявокай Беларусі і спявалі пра сваю радзіму…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *