В рамках проекта «Открытый диалог» столбчане посетили Данию

Соцыум

Не так даўно вярнуліся з Даніі пасля тыднёвай паездкі дырэктар ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святлана Блашко і загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармацыі і прагназавання Анастасія Мельнікава. Паездка была наладжана ў рамках праекта «Адкрыты дыялог», які ўвасабляецца ў нашым раёне з мэтай рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў. Фінансаванне забяспечыла дацкая арганізацыя «Еўрапейскі дом».

– У групе былі прадстаўнікі гарадоў Шчучын, Столін, Бабруйск і Валожын, дзе таксама рэалізуюцца падобныя праекты. Мэта візіту – адукацыйная, убачыць работу ў іншай краіне з людзьмі з інваліднасцю на ўсіх узроўнях. Штодзённа знаёміліся з работай розных структур, пачынаючы ад Міністэрства сацыяльнай абароны. Праграма была вельмі насычанай і па магчымасці сумешчана з экскурсійнай, – падзяліліся Святлана Блашко і Анастасія Мельнікава.
– Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў у 2016 годзе. Данія – значна раней. На што вы звярнулі ўвагу?
– Данія ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў у 2009 годзе. За гэты час дацкай дзяржавай зроблена шмат. Сацыяльная сфера ў гэтай краіне настолькі структуравана, раздробнена, што даходзіць літаральна да кожнага чалавека. Пры гэтым няма раздутых штатаў. Выбудавана вертыкаль, і ўся работа пачынаецца якраз на месцах, у муніцыпалітэтах. Муніцыпалітэт – гэта прыкладна тое ж, што наш раён, таму мы фактычна акунуліся ў «сваю» рабочую абстаноўку. Праўда, нам не змаглі адказаць на пытанне, колькі ў іх людзей з інваліднасцю. Падобная статыстыка проста не вядзецца, як і адсутнічаюць паняцці інваліда першай, другой або трэцяй груп. Гэтыя людзі хутчэй успрымаюцца як тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, мае псіхічныя ці фізічныя формы інваліднасці. Нарматыўная база аб’яднана адным дакументам – законам «Аб сацыяльных паслугах».

dav

– Данія распаўсюджвае сваю сістэму работы з людзьмі з інваліднасцю на іншыя краіны. У чым яе моцныя падыходы?
– Дзяржаўная палітыка заключаецца ў тым, каб прыцягнуць максімальную колькасць людзей з інваліднасцю на працоўны рынак. На мясцовым, муніцыпальным, узроўні ствараюцца ўмовы для гэтага. Рэалізуецца праграма Flexijob, якая дапамагае адаптаваць чалавека да працы. Даюцца субсідыі працадаўцу і таму, хто, да прыкладу, суправаджае чалавека з інваліднасцю на работу, яго памочніку-асістэнту. Рабочы тыдзень у Даніі складае 37 гадзін, і столькі ж, без ніякіх абмежаванняў, можа працаваць чалавек з інваліднасцю, калі ў яго ёсць на тое магчымасць і жаданне. У складаных сітуацыях заахвочваецца няпоўная занятасць. У Капенгагеге і іншых гарадах створана безбар’ернае асяроддзе (займаецца гэтым міністэрства транспарту). Большасць будынкаў даступныя за кошт сваёй «прыземленасці» (невысокай павярховасці). Важна, што ўсе ініцыятывы адносна адаптацыі чалавека да працы ажыццяўляюцца паралельна, а не паасобку. Дзяржава не навязвае прадпрыемствам браць на работу інваліда, але прынцып дыскрымінацыі не павінен быць парушаны. «Еўрапейскі дом», які запрасіў нас у Данію, працуе над стварэннем новых рабочых месцаў для людзей з інваліднасцю. Для Даніі характэрны высокія гарантыі сацыяльнай абароны і добрыя перспектывы па прыцягненні інвалідаў на працоўны рынак.
– Інваліды маюць розныя дыягназы. Далёка не ўсіх можна адаптаваць да працы.
– Дыягназ ставяць урачы, і ён у Даніі служыць толькі для аказання медыцынскіх паслуг. Калі пасля праведзенага вялікага аб’ёму работы не ўдалося працаўладкаваць чалавека з інваліднасцю, яму прызначаецца фінансавая дапамога. Акрамя доўгатэрміновай дапамогі прадугледжаны розныя формы індывідуальнай падтрымкі людзей з інваліднасцю, выдзяляюцца гранты для таго, напрыклад, каб наняць яму сядзелку, купіць аўтамабіль, атрымаць адукацыю і т. п. Усе сацыяльныя паслугі – бясплатныя, і ў гэтым праяўляецца прынцып салідарнасці грамадства. Датчане з гонарам заяўляюць: «Мы плацім вялікія падаткі!»
dav

Падаткі трапляюць у мясцовыя муніцыпалітэты, але, паколькі магчымасці ў рэгіёнаў розныя, то дзейнічае субсідыярны прынцып падтрымкі. Сістэма ўлады – выбарная, і ўлада нясе адказнасць перад чалавекам. На гэтым шляху стаяць амбудсмены, якія вырашаюць спрэчныя пытанні і, такім чынам, скардзіцца ў Даніі не мае сэнсу. Сацыяльны работнік у Даніі – гэта прэстыжная пасада, хоць і не высокааплатная. У муніцыпалітэце працуюць чатыры-пяць чалавек. У гутарцы з імі мы даведаліся, што ўсе – з вышэйшай адукацыяй, маюць шырокі кваліфікацыйны спектр.
– Якія арганізацыі аказваюць у Даніі сацыяльныя паслугі?
– Муніцыпалітэт выбудоўвае сваю структуру па аказанні сацыяльных паслуг. Калі мы ў тэрытарыяльным цэнтры займаемся ўсім (працатэрапіяй, сацыяльна-бытавой адаптацыяй, вольным часам людзей з інваліднасцю), то ў Даніі кожным з гэтых напрамкаў займаецца асобны цэнтр. Так, мы наведалі Дацкі інстытут па правах чалавека (ён у тым ліку займаецца маніторынгамі работы з людзьмі з інваліднасцю, каб сфарміраваць прапановы ў парламент), Дом для недзяржаўных грамадскіх арганізацый (так званая кампанія-«парасон», штаб-кватэра, пад дахам якой знаходзяцца валанцёры 37 арганізацый). Пры муніцыпалітэце ёсць таварыства па інвалідах, савет па пытаннях інваліднасці. Гэта органы, да думкі якіх прыслухоўваюцца. Да прыкладу, савет па пытаннях інваліднасці каардынуе і кантралюе ўсю работу ў рэгіёне, выяўляе слабыя месцы. Цікава было наведаць на востраве Борнхольм сацыяльныя аб’екты – цэнтры па працоўнай падрыхтоўцы, арганізацыі вольнага часу, дзённага знаходжання інвалідаў. Мы атрымалі шмат інфармацыі, незабыўных уражанняў ды яшчэ раз пераканаліся ў тым, што поспех у сацыяльнай рабоце найперш залежыць ад адносін чалавека да сваёй справы.
– Што з убачанага вы мяркуеце прымяніць у рабоце з людзьмі з інваліднасцю?
– Разам з раённай арганізацыяй інвалідаў мы пачалі рэалізоўваць свой невялікі праект «Адкрыты дыялог», накіраваны на павышэнне інфармаванасці аб правах людзей з інваліднасцю, ільготах, паслугах для іх. Праект даў штуршок для больш цеснага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва, і гэта павінна развівацца далей. У горадзе і сельсаветах праходзяць сустрэчы з людзьмі, кансультацыі. Распаўсюджваем буклеты, брашуры.
– Чым запомнілася вам радзіма казачніка Г. Х. Андэрсена?
– Прырода, клімат, гарадскі ландшафт, ды і кухня Даніі вельмі падобныя на нашы. На вуліцах уразіла невялікая колькасць аўтамабіляў. Затое шмат веласіпедаў. Каля ўсіх будынкаў – велапаркоўкі. Для «калясачнікаў» тратуарныя дарожкі выкладзены тактыльнай пліткай. Многія ходзяць пешшу. А вечарам – загадкава міргаюць на падаконніках запаленыя свечкі…
Гутарыла
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



1 комментарий по теме “В рамках проекта «Открытый диалог» столбчане посетили Данию

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *