Молодые педагоги встретились на Столбцовщине

Адукацыя Главное

Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама арганізавала выдатнае мерапрыемства для маладых спецыялістаў. 16 чалавек у бягучым навучальным годзе прыйшлі на свой першы ўрок у клас. 10 з іх – выпускнікі школ нашага раёна. Прайшла ўжо адна вучэбная чвэрць, і маладыя настаўнікі могуць падзяліцца сваімі ўражаннямі, расказаць, з чым яны сутыкнуліся, чаго не чакалі, што адкрылі для сябе.
Невыпадкова семінар-практыкум для маладых спецыялістаў у сферы адукацыі быў спланаваны ў Дзераўнянскай сярэдняй школе. Гэтая навучальная ўстанова прызнана лепшай сярод сельскіх па многіх напрамках работы не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў рэспубліцы. А чаго варты такі факт: з 32 педагогаў 21 – выпускнікі гэтай школы. І хто ж можа лепш сказаць аб вернасці прафесіі педагога?
Арганізатары мерапрыемства ставілі мэтай не толькі святочную сустрэчу з маладымі спецыялістамі, але і паказаць ім самыя новыя напрамкі работы. Для гэтага вопытныя педагогі падрыхтавалі для іх фрагменты заняткаў па інавацыйных методыках.
Іх правялі настаўніца пачатковых класаў першай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Беляковіч, настаўніца англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Людміла Бунчук, настаўніца англійскай мовы першай кваліфікацыйнай катэгорыі Людміла Ціхановіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ганна Філіповіч, настаўніца хіміі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Софія Банцарэвіч.
Вялікі інтарэс для маладых педагогаў уяўляла прэзентацыя інфармацыйных тэхналогій для павышэння матывацыі навучання, якую правялі адзіны ў нашым раёне педагог з кваліфікацыйнай катэгорыяй настаўнік-метадыст Алена Канановіч і настаўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі Таццяна Арленка. Маладыя спецыялісты былі на месцы вучняў і паспрабавалі асвоіць інфармацыйныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца на ўроках. Гэта цікавыя праграмы ў выглядзе гульні, якія правяраюць і замацоўваюць веды ў працэсе адказу на пастаўленыя пытанні.
Удзельнікі семінара-практыкуму з інтарэсам пабылі на прэзентацыі праекта «Пра цябе, мая Радзіма, я з любоўю раскажу…» Гэты праект скіраваны на вывучэнне гісторыі роднага краю, біяграфій вядомых мясцовых людзей і збору іншага краязнаўчага матэрыялу. Ініцыятарамі праекта сталі настаўнік Таццяна Арленка і бібліятэкар школы Ванда Даўгапол. У гэты праект цяпер уключылася ўся школа, вынік дзейнасці рознабаковы, сабраны цікавы і багаты матэрыял.
У гэтай жа актавай зале працягам семінара стала сустрэча ў форме адкрытага дыялогу з кіраўніцтвам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, прафсаюзнымі лідарамі. Свае пытанні маладыя спецыялісты маглі задаць начальніку ўпраўлення Людміле Стонька, начальніку кадравай службы Алене Варанецкай, загадчыцы метадычнага кабінета Таццяне Новак, дырэктару Дзераўнянскай сярэдняй школы Марыі Шумчык, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыю Ларычэву, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сямёну Юрчыку.
У прывітальным слове да маладых спецыялістаў кіраўнік сферы адукацыі раёна Людміла Стонька выказала вялікую павагу да сваіх калег, цеплыню пачуццяў, салідарнасць. Гутарка ў дыялогу была пабудавана так, каб даць магчымасць маладым спецыялістам не толькі задаць пытанні, але і раскрыць сябе, паказаць сваю індывідуальнасць. Гэтаму дапамагло пытанне вядучых аб тым, якія ўражанні ў іх пакінула першая вучэбная чвэрць. Атмасфера сустрэчы была настолькі даверлівай і сямейнай, што маладыя спецыялісты падзяліліся самымі кранальнымі пачуццямі, шчырымі прызнаннямі аб сваіх радасцях і цяжкасцях. Гэта вылікала да іх такую любоў прысутных, павагу, жаданне сагрэць і сардэчна абняць. Некаторым з іх прыйшлося спаўна акунуцца ў работу. Хрысціна Кавалёва ў Рубяжэвіцкай школе вядзе адразу два прадметы – біялогію і матэматыку, а яшчэ і працуе ў школьнай бібліятэцы. Настаўніца Рочавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Карына Тушынская выкладае таксама два прадметы – геаграфію і біялогію. З гумарам гаварылі пра свае першыя месяцы работы выхавацелі дзіцячага сада № 8 Макпал Андамасава і Юлія Карніевіч. Любоў да сваёй прафесіі ярка і красамоўна выказаў (і не адзін раз) настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 2 Вадзім Гайкевіч. Для вучняў Дзераўнянскай школы, якія таксама былі запрошаны на гэты дыялог з правам задаць свае пытанні, сустрэча з маладымі настаўнікамі дала добры арыенцір – старшакласнікі стаяць перад выбарам прафесіі.
Кіраўнікі, у ліку якіх усе па прафесіі – педагогі, успомнілі сябе ў статусе маладога спецыяліста, расказалі пра асаблівасці адукацыі таго часу, падзяліліся ўспамінамі. Не толькі на словах, але і на прыкладзе маладым спецыялістам было прадэманстравана, што іх поспехі, жаданне да самаўдасканалення ў прафесіі абавязкова будуць заўважаны кіраўніцтвам упраўлення, і гэта можа паспрыяць ім для кар’ернага росту. Вядучыя адкрытага дыялогу дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Марозік і і дырэктар Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу Станіслаў Войніч сталі кіраўнікамі навучальных устаноў ва ўзросце да 30 гадоў.
Маладыя спецыялісты задалі пытанні прафсаюзным лідарам і атрымалі патрэбную для сябе інфармацыю. Напрыклад, Сямён Юрчык паведаміў ім, што члены галіновага прафсаюза могуць за паўцаны шэсць разоў на месяц наведваць басейн у ФАКу і столькі ж – трэнажорную залу. Была данесена інфармацыя, які парадак атрымання пуцёвак у прафсаюзныя санаторыі краіны. Разглядаліся меры сацыяльнай падтрымкі ў навучальных школах на канкрэтных прыкладах. Напрыклад, большасць школ аплачваюць маладым настаўнікам арэнду жылля.
Ва ўнісон усёй душэўнай атмасферы сустрэчы было выдатнае кранальнае выступленне настаўніцы Дзераўнянскай СШ Ганны Дзямянка, настаўніцы з больш чым 20-гадовым стажам работы, выпускніцы Дзераўнянскай СШ. Яе выступленне прагучала як настаўленне для маладых, але з далікатнасцю, кранальнасцю, любоўю да сваёй прафесіі, што да глыбіні душы закранула кожнага.
Уся праграма семінара-практыкуму была пабудавана так, каб свае таленты маглі паказаць не толькі настаўнікі, але і вучні Дзераўнянскай школы. Гэта было да месца і характарызавала навучальную ўстанову ў яе высокіх дасягненнях. Дырэктар Марыя Шумчык у сваю чаргу зрабіла акцэнты на новых напрамках, адметнасцях дзейнасці ўстановы, добрых традыцыях. І гэта таксама гучала як наказ маладым настаўнікам – у кожнага з іх ёсць неабмежаваныя магчымасць раскрыць сябе і дасягнуць вышынь.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

1 комментарий по теме “Молодые педагоги встретились на Столбцовщине

  1. Правильно, необходимо помочь новоиспеченным специалистам побыстрее привыкнуть к новому месту работы, а также заинтересовать и показать перспективы работы в нашем районе, чтобы они тут остались надолго, а может и навсегда.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *