Ансамбль народнай музыкі «Славяначка» адзначыў юбілей

Главное Культура

Прыгожы народны ансамбль народнай музыкі “Славяначка” Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў адсвяткаваў 25-гадовы юбілей з дня заснавання і запрасіў жыхароў ваеннага гарадка на канцэрт.
Урачыстасць адбылася ў Наваколасаўскім цэнтры культуры. У ліку гледачоў былі ваеннаслужачыя вайсковай часці, бацькі выхаванцаў школы. Ад імя райвыканкама з падарункам юбіляраў павіншавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль.
Ва ўсіх быў прыўзняты настрой. У гледачоў – ад судакранання з сапраўдным мастацтвам. Ансамбль прыгожа і прафесійна выконвае народную музыку. У рэпертуары – апрацоўкі беларускіх, рускіх, украінскіх, яўрэйскіх, малдаўскіх, фінскіх народных песен. У час канцэрта прагучала 14 нумароў.
Для ўдзельнікаў ансамбля была найбольшая радасць у тым, што яны мелі магчымасць паіграць, паказаць свой прафесіяналізм, выйсці на сцэну не з адным-двума нумарамі, а выканаць за раз столькі твораў, самім атрымаць асалоду ад музыкі.
25 гадоў назад ансамбль быў заснаваны Аляксандрам Гундаравым, светлай памяці. З 2002 года гэтым адметным калектывам кіруе настаўніца школы мастацтваў Наталія Кур’яновіч і выконвае ў калектыве партыю бас-гітары. У ансамблі народнай музыкі акрамя яе іграюць яе калегі Наталля Нікалаева (скрыпка), Яўгенія Міхаськова (цымбалы), Ягор Дырда (баян), Таццяна Дырда (ударныя інструменты), Валянціна Берасцевіч (акардэон).
Калектыў вядзе актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць. Не адзін раз быў лаўрэтам розных конкурсаў і фестываляў. Пабываў на гастролях у Калінінградзе, Белгарадзе, Уладзіміры, Суздалі, Закарпацці, даў 40 канцэртаў у розных гарадах Францыі. У бягучым годзе ансамбль “Славяначка” стаў лаўрэатам абласнога фестывалю народнай музыкі “Грай, гармонь!”, які прайшоў у Нясвіжы.
Гэты мастацкі калектыў са званнем народны – гонар не толькі Наваколасаўскай школы, але і ўсяго раёна.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *