«Ёсць прычына для трывогі». Прайшло чарговае пасяджэнне назіральнай камісіі

Ахова правапарадку Главное

У раёне ў бягучым годзе двое асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, прайшлі прафесійнае навучанне і атрымалі запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць – аператара кацельні і машыніста-качагара кацельні.

– Падобныя факты, на жаль, адзінкавыя, а большасць выпадкаў звязана з адлічэннямі за пропускі заняткаў, з’яўленне на вучобу ў нецвярозым выглядзе, нават бойкі ў інтэрнаце. Гэта не школьнікі, з якімі няньчацца, а дарослыя людзі, якія павінны самі за сябе несці адказнасць, – паведаміла прадстаўнік службы занятасці Ірына Гурбо падчас чарговага пасяджэння назіральнай камісіі.
У актавую залу райаддзела міліцыі, дзе агучвалася гэтая і іншая інфармацыя, якраз былі запрошаны тыя, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. Для іх пытанне працаўладкавання, як і праходжання супрацьалкагольнага лячэння, – у ліку самых надзённых. Выбар вакансій шырокі, у тым ліку 41 працоўнае месца спецыяльна забраніравана для працаўладкавання раней асуджаных. У іх ёсць магчымасць як прафесійнага навучання (курсы – бясплатныя, і яны арганізуюцца па 18-ці спецыяльнасцях), так і перасялення ў сельскую мясцовасць з перспектывай працаўладкавання і атрымання службовага жылля. У сезон карыстаюцца папулярнасцю аплатныя грамадскія работы. Двойчы на месяц працуе раённая камісія па садзейнічанні ў працаўладкаванні, якая ў тым ліку выязджае ў сельскую мясцовасць. Аднак многія раней асуджаныя элементарна не даходзяць да службы занятасці, хаця ім былі выдадзены накіраванні. Некаторыя не турбуюцца і пра афармленне асабістага пашпарта.
– Ёсць прычына для трывогі, таму што ў бягучым годзе раней судзімымі ўчынена 66 злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення, – патлумачыў начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі Уладзімір Кухарчык. – Асобныя грамадзяне пры выхадзе на волю імкнуцца хутчэй паспрабаваць спіртнога. У выніку ізноў міліцыя і замкнёнае кола.
На тэму п’янства і злоўжывання алкагольнымі напіткамі быў паказаны відэафільм. Перад прысутнымі выступіў урач-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Яўген Бахар. Яўген Міхайлавіч запрасіў на кансультацыю ў кабінет № 321 паліклінікі. Прайсці лячэнне можна ананімна. Бяда ў тым, што многія не лічаць сябе залежнымі, а пра залежнасць прыходзіцца гаварыць у выпадку, калі чалавек пастаянна думае пра ўжыванне алкаголю. Гэта праблема комплексная і працаваць над ёй неабходна крок за крокам, пастаянна, з усведамленнем таго, што неабходна мяняць жыццё.
Спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра Іна Сянько расказала пра магчымасць атрымання ў цэнтры неабходнай псіхалагічнай дапамогі. Кансультацыі аказваюць два псіхолагі, праводзяць іх у асобным кабінеце на падставе асабістага добраахвотнага звароту, ананімна.
– Універсальнай таблеткі не існуе, – папярэдзіла Іна Сянько. – Гэта працяглы працэс, які закранае свядомасць, светапогляд, асобасныя якасці чалавека. Спатрэбіцца як мінімум паўгода заняткаў з псіхолагам, каб адчуць перамены.
Тэрытарыяльны цэнтр прапануе гуманітарную дапамогу асобам, якія зрабілі памылку ў жыцці. Для гэтага неабходна прадставіць дакументы, у тым ліку даведку з месцаў пазбаўлення волі. У бягучым годзе гэты від дапамогі атрымалі восем раней асуджаных. Акрамя таго, раней асуджаныя могуць прэтэндаваць на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу. Яе ў выглядзе адзінаразовай дапамогі (50 рублёў) атрымалі ў бягучым годзе шасцёра грамадзян, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
Каб штосьці мяняць у сваім жыцці, патрэбны ў першую чаргу жаданне, сіла волі. Калі іх няма, то, як паказвае рэчаіснасць, чакае не надта радасная перспектыва: месцы пазбаўлення волі, ізалятар часовага ўтрымання або лячэбна-працоўны прафілакторый…

З Крымінальнага кодэкса

Артыкул 339. Хуліганства
1. Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства, суправаджаюцца прымяненнем насілля або пагрозай яго прымянення, або знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці, або адрозніваюцца па сваім характары выключным цынізмам (хуліганства), караюцца грамадскімі работамі або штрафам, або выпраўленчымі работамі да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі да двух гадоў, або пазбаўленнем волі да трох гадоў.
2. Хуліганства, учыненае паўторна, або групай асоб, або звязанае з супраціўленнем асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, або спалучанае з нанясеннем менш цяжкага цялеснага пашкоджання (злоснае хуліганства), караецца арыштам, або абмежаваннем волі да трох гадоў, або пазбаўленнем волі ад аднаго да шасці гадоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,
фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *