У РЦК прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў

Соцыум

У раённым Цэнтры культуры прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў. Яго адметнасцю сталі масавы характар і душэўная атмасфера, а таксама магчымасць атрымаць сацыяльныя кансультацыі ад прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, бальніцы, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра. Кожны, хто неабыякавы да праблем людзей з інваліднасцю, мог унесці свае прапановы.

Ва ўступным слове дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко звярнула ўвагу на тое, што ў райцэнтры не спыняецца планамерная работа па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Значны ўклад у забеспячэнне якасці жыцця людзей з інваліднасцю ўносяць установы аховы здароўя. Разам з аказаннем медыцынскай дапамогі ёсць магчымасць размяшчэння на сацыяльныя ложкі. З пачатку 2018 года дзякуючы праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» на Стаўбцоўшчыне рэалізуецца міжнародны праект «Павестка 50». Акцэнт зроблены на вырашэнне дзвюх асноўных праблем: стварэнне безбар’ернага асяроддзя і інфармаванне насельніцтва аб правах і льготах людзей з інваліднасцю. За кароткі перыяд адбылося нямала сустрэч у сельсаветах, і гэта дало разуменне таго, што людзям патрэбен такі кантакт. Яны дзяліліся сваімі хваляваннямі, клопатамі, радаваліся падтрымцы. Перамена адбылася і ў нашай свядомасці: паняцце «інвалід» змянілася на «чалавек з інваліднасцю», таму што людзі па прычыне сваіх фізічных абмежаванняў не могуць быць недахопам, цяжарам для грамадства.

Зінаіда Катлашэўская і Аляксандр Клімаш

У цесным узаемадзеянні з тэрытарыяльным цэнтрам працуе раённая арганізацыя інвалідаў. Яе старшыня Зінаіда Катлашэўская падкрэсліла асаблівую значнасць праведзенай у гэтым годзе работы. Раённая арганізацыя выступіла актыўным удзельнікам кампаніі «Павестка 50», праекта «Адкрыты дыялог». У яго рамках выпушчаны інфармацыйныя буклеты і брашуры, якія могуць прынесці карысць тым, хто мае інваліднасць ці жыве і працуе побач з людзьмі з інваліднасцю. «Мэты праекта дасягнулі свайго выніку», – выказала ўпэўненасць Зінаіда Катлашэўская.

Старшыня раённай арганізацыі інвалідаў па зроку Аляксандр Клімаш спаслаўся на тое, што яшчэ трэба будзе зрабіць і заклікі (у тым ліку і ўласнымі вершаванымі радкамі) рабіць добрыя справы, каб Стоўбцы, горад Міру, стаў і горадам дабрыні, узаемаразумення. Эмацыянальным было выступленне старшыні раённай арганізацыі КПБ Ніны Дубовік.

Падчас сустрэчы гучалі добрыя словы ў адрас тых, хто ўносіць уклад у жыццё грамадскіх арганізацый інвалідаў раёна, былі ўручаны падзякі. Госці з Валожынскага цэнтра культуры – народны ансамбль народнай песні «Сваякі» (мастацкі кіраўнік Дзмітрый Завадскі) – парадавалі цікавай мастацкай праграмай. Упрыгожыла сустрэчу выстаўка-продаж творчых работ, якія выраблены рукамі наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *