Камунальнікі раёна ажыцяўляюць замену цепласетак

Важное Эканомiка

Камунальнікі раёна завяршаюць асваенне інвестыцыйных сродкаў, выдаткаваных Банкам развіцця адмыслова на замену цепласетак.
З прымяненнем сучаснай пі-трубы ажыццёўлена замена амаль трох кіламетраў сетак, якія знаходзяцца на балансе РУП «Стаўбцоўскае АКС». Гэтыя работы праведзены на пяці найбольш састарэлых участках, дзе раней узнікалі парывы і іншыя аварыйныя сітуацыі (у Стоўбцах – ад цэнтральнага цеплапункта да СШ № 3 і да дома № 7 па вуліцы Энгельса, у Залужжы – ад кацельні да вучэбна-педагагічнага комплексу, у Старым Свержані – ад кацельні АКС да жылога дома па вуліцы Камарова, 16, і да Цэнтра культуры).
– Замена цепласетак надасць надзейнасць цеплазабеспячэнню спажыўцоў у бягучым і наступных ацяпляльных сезонах, – адзначае галоўны інжынер АКС Алег Кухарчык. – Ацяпляльны сезон 2018-2019 гадоў пачаўся ў першых чыслах кастрычніка і праходзіць у штатным рэжыме. Цеплавая гаспадарка адрэгулявана і працуе без збояў. На даны момант у дыспетчарскай адсутнічаюць заяўкі ад жыльцоў на недахопы ў рабоце ацяплення. Няма прэтэнзій адносна сацыяльных аб’ектаў.
Да ацяпляльнага сезона камунальнікамі была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. У прыватнасці, створаны значныя запасы паліва. На пачатак ацяпляльнага сезона было нарыхтавана 9 000 м3 дроў і 1048 м3 дранкі. На некаторых кацельнях, як у Заямным, Стаўбцоўскім доме-інтэрнаце, Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце, запасы такія, што іх хопіць да канца ацяпляльнага сезона.
– У бягучым сезоне ўпершыню адмаўляемся ад торфабрыкету, а яго звычайна выкарыстоўвалася не менш за тысячу тон. У сувязі з гэтым цяпло будзе абыходзіцца прадпрыемству танней, – заўважае Алег Кухарчык.
Алег Валянцінавіч, на якой стадыі знаходзіцца праект па будаўніцтве новай кацельні ў горадзе? Мяркуецца, што яна таксама будзе выкарыстоўваць толькі мясцовыя віды паліва.
– У адносінах да новай гарадской кацельні выраблена праектна-каштарысная дакументацыя, пройдзена яе экспертыза і вырашаецца пытанне аб выдзяленні грашовых сродкаў для будаўніцтва. Кошт новай кацельні складзе арыенціровачна 1,5 мільёна рублёў. Плануецца, што ў наступным годзе яна будзе ўведзена ў эксплуатацыю. Фінансаванне праекта – з абласнога бюджэту.
– Будаўніцтва кацельні – задача глабальная. Над ёй, дарэчы, працуе і кіраўніцтва раёна, вобласці. А якія лакальныя пытанні ў цеплазабеспячэнні патрабуюць першачарговага вырашэння? Над чым вы цяпер працуеце?
– АКС займаецца заменай катлоў у кацельні Цясноўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Два новыя катлы на мясцовых відах паліва (вытворчасці гомельскага завода «Камунальнік») сумарнай магутнасцю 150 кВт адрозніваюцца энергаэфектыўнасцю. Праводзіцца тэндар на выбар падраднай арганізацыі для замены помпавага абсталявання. Да канца бягучага года гэтыя работы павінны быць выкананы. Усе нашы работнікі працуюць напружана, не лічацца з асабістым часам. Для выездаў у жыллёвы фонд, вырашэння іншых пытанняў у мінулым годзе былі набыты аўтобус і аўтамабіль.
– Вы згадвалі пра адсутнасць нараканняў на цеплазабеспячэнне ў дыспетчарскай службе прадпрыемства. Ёсць інфармацыя, што хутка заяўкі мы будзем перадаваць па адзіным дыспетчарскім нумары.
– Сапраўды, Мінскім аблвыканкамам прынята рашэнне аб стварэнні на базе прадпрыемстваў ЖКГ Мінскай вобласці адзінай дыспетчарскай службы. Яе кароткі нумар – 115. Своеасаблівы эксперымент ужо праведзены на базе Салігорска. На Стаўбцоўшчыне на адзіны дыспетчарскі нумар будуць фактычна паступаць заяўкі ў адносінах да 38-мі арганізацый, якія аказваюць насельніцтву тыя ці іншыя жыллёва-камунальныя паслугі. Сярод іх – электрасеткі, Стоўбцыгаз, жыллёва-будаўнічыя кааператывы, дарожныя арганізацыі і да т. п. У дыспетчарскай АКС ужо ўстаноўлена неабходнае камп’ютарнае абсталяванне, чакаецца навучанне дыспетчараў для работы з адзіным нумарам.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *