Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» пройдзе з 10 снежня па 11 студзеня

Соцыум

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычнiка 2018 г. № 754 аб’яўлена навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Яна пройдзе з 10 снежня 2018 года па 11 студзеня 2019 года.

Маштабнае мерапрыемства праводзіцца ў рэспубліцы з 1995 года. У адпаведнасці з мерапрыемствамі Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў, правядзенне акцыі «Нашы дзеці» накіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў асаблівай увазе і падтрымцы дзяржавы і грамадства.

Падчас кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведаюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя бальніцы, павіншуюць дзяцей з Новым годам, Ражджаством Хрыстовым і ўручаць падарункі.

Традыцыйна ў дабрачыннай акцыі ўдзельнічаюць грамадскія аб’яднанні «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», «Беларускі дзіцячы фонд», «БРСМ», прадстаўнікі афіцэрскіх сходаў, ветэранскіх і прафсаюзных арганізацый, а таксама буйныя прадпрыемствы і арганізацыі, прадстаўнікі бізнесу.

Цэнтральнай падзеяй акцыі стане навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі. На ім будзе прысутнічаць і кіраўнік дзяржавы. Мерапрыемства запланавана на 27 снежня 2018 года. Яго ўдзельнікамі стануць больш за 2 тысячы дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны: навучэнцы-пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў бежанцаў і іншыя.

Абласное свята пры ўдзеле старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Міхайлавіча Ісачанкі пройдзе ў горадзе Маладзечна 28 снежня 2018 года. Удзельнікамі мерапрыемства стануць каля 600 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх раёнаў Мінскай вобласці і горада Жодзіна. Рабят чакаюць займальнае прадстаўленне з уручэннем салодкіх падарункаў, цікавыя віктарыны, конкурсныя заданні, майстар-класы, выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі.

Штогод акцыя «Нашы дзеці» выклікае водгук і ў юных жыхароў Стаўбцоўшчыны. Так, навучэнцы ўстаноў адукацыі прымаюць удзел у дабрачыннай акцыi “Цуды пад Ражджаство”: збіраюць канцылярскія прылады, кнігі, дзіцячыя цацкі, настольныя гулльні, прысмакі, прадметы мастацкай творчасці для аднагодкаў, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе.

Разнастайныя мерапрыемствы падчас акцыі запланаваны на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна: 27 снежня 2018 года ў Стаўбцоўскім цэнтры культуры пройдзе раённае навагодняе свята «Воўк, ліса і навагоднія цуды» для навучэнцаў-пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей, становішча якіх прызнана сацыяльна небяспечным стан, для дзяцей-інвалідаў.

У Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі 27 снежня 2018 года пройдзе гадзіна зносін з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы «У гасцях у Ражджаства», 28 снежня 2018 года для навучэнцаў цэнтра адбудзецца забаўляльная праграма «Навагодняя казка».

Для дзяцей з дзіцячага сацыяльнага прытулку дзяржаўнай установы адукацыі «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна» 26 снежня 2018 года выхавальнікі арганізуюць гульнявую праграму «Да нас спяшаецца Новы год».

Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі 26 снежня 2018 года запрашае на навагодні паказ «Самая добрая ёлка».

Галоўная мэта рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» — акружыць увагай і клопатам кожнага дзіцяці, дарыць шчасце.

Яýгенiя Слесарчык, намеснiк рэдактара



1 комментарий по теме “Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» пройдзе з 10 снежня па 11 студзеня

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *