На месцы безгаспадарнага дома зараз свабодны зямельны ўчастак

Важное Соцыум

Адным безгаспадарным домам у нашым горадзе стала менш. На яго месцы цяпер свабодны зямельны ўчастак, які прызначаны для індывідуальнай жыллёвай забудовы і будзе выстаўлены на аўкцыён.
Шмат гадоў работнікі Стаўбцоўскага АКС і іншых арганізацый займаліся навядзеннем парадку вакол дома па вуліцы Чэхава, 11. Фактычна будынак даўно з’яўляецца нічыйным, таму трапіў у рэестр дамоў, якія пустуюць. У гэтым годзе, згодна з рашэннем суда, вызначаны яго канчатковы лёс.

– Рашэнне аб зносе безгаспадарнага дома прынята судом раёна ўпершыню за маю дырэктарскую дзейнасць, – падкрэслівае кіраўнік АКС Дзмітрый Мурын, які сам прыехаў на аб’ект. Дарэчы, у законную сілу ўступіла і рашэнне аб зносе яшчэ аднаго закінутага дома ў горадзе – па завулку Палявым, 34. Па гэтым адрасе працавала РБУ.

Каб ажыццявіць усе ліквідацыйныя работы, камунальнікамі прыцягнута шмат адзінак рознай тэхнікі, у тым ліку машына транспартная лясная, трактар, пагрузчык, грузавы аўтатранспарт. За разборам дома пачалі разбураць гаспадарчыя пабудовы. Друз адразу загружалі і вывозілі. За рулём машыны транспартнай лясной працаваў Віталь Мілашэўскі, на самазвале – Леанід Уліч. За ўсім сачыў майстар Алег Счаснюк, а таксама галоўны механік Станіслаў Пажога.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *