Прайшоў V пленум раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу

Главное Сельская гаспадарка

На мінулым тыдні адбыўся V пленум раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, на якім разглядаліся пытанні калектыўна-дагаворной работы.
З дакладам выступіла старшыня райкама прафсаюза Тамара Калошыч, якая адзначыла, што прыярытэтным напрамкам работы райкама, пярвічных прафсаюзных арганізацый з’яўляецца развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, удасканаленне калектыўна-дагаворных адносін. Дакладчык падкрэсліла, што менавіта праз калектыўныя дагаворы можна рэгуляваць пытанні заработнай платы і матэрыяльнага стымулявання, ствараць для работнікаў належныя ўмовы працы і быту, замацоўваць моладзь на вёсцы, падтрымліваць ветэранаў працы, праводзіць іншыя дадатковыя выплаты. Калектыўныя дагаворы з наймальнікамі заключаны ў дваццаці дзвюх прафсаюзных арганізацыях АПК, у якіх налічваецца 3720 членаў прафсаюза. Адсутнічаюць калектыўныя дагаворы толькі ў нанава створаных пярвічках прыватнай формы ўласнасці: СЗАТ «Агракамбінат «Колас», філіял «Птушкаферма» СЗАТ «Агракамбінат «Колас», ТАА «Коласбел Лагістык», ТАА «Гандлёвы дом «Коласбел», СТАА «Мясапрадукт», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Вядзецца работа па стварэнні і заключэнні даных дакументаў.
Найбольш прафесійна падыходзяць да падрыхтоўкі і заключэння калектыўных дагавораў у ААТ «Вялікі Двор» (старшыня прафкама – Вікторыя Райская) – на абласным аглядзе-конкурсе дагавор прызнаны адным з лепшых, у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (старшыня прафкама – Валянціна Карнічэнка), у ААТ «Агранёманскі» (старшыня прафкама – Марына Касматовіч), у ААТ «Дзераўное» (старшыня прафкама – Галіна Карповіч), у ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» (старшыня прафкама – Наталля Кузьміч).

Найпершая задача прафсаюзаў – стварэнне для работнікаў здаровых і бяспечных умоў працы. Лепш за ўсё пастаўлена гэтая работа ў ААТ «Вялікі Двор» і ТАА «СЖК «Налібакі» (старшыня – Міраслаў Грыгаровіч). У пярвічках працуюць дваццаць дзве камісіі па ахове працы. Лепшай прызнана камісія Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» (старшыня – Дзмітрый Бандаровіч). Ажыццяўляюць кантроль за выкананнем патрабаванняў і праводзяць мерапрыемствы па прафілактыцы вытворчага траўматызму 43 грамадскія інспектары па ахове працы, сярод якіх вылучаецца грамадскі інспектар Андрэй Бурновіч (ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»).
Для мабілізацыі работнікаў АПК на павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі райкамам прафсаюза штогод арганізоўваецца працоўнае спаборніцтва. Стала добрай традыцыяй ушаноўваць пераможцаў непасрэдна на рабочых месцах. Сёлета падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункамі падчас масавых палявых кампаній адзначаны 92 чалавекі. У ходзе правядзення прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» быў ушанаваны 121 работнік. Не засталіся ўбаку пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі і наймальнікі, якія адзначылі сваіх работнікаў падарункамі і прэміямі.
Вядзецца культурна-масавая работа. Сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама райкамам прафсаюза ладзіліся конкурсы. У прыватнасці, «Вясковая прыгажуня», на лепшыя рамонтную майстэрню і малочнатаварную ферму, прафесійнага майстэрства спецыялістаў па штучным асемяненні жывёлы. Праведзены злёт аператараў машыннага даення. Прымалі ўдзел у святкаванні Дня горада і «Дажынак-2018». Разам з райкамам ГА «БРСМ» быў праведзены конкурс «Уладар сяла».
Штогод для сельскіх работнікаў праводзяцца зімовая і летняя раённыя спартакіяды. Каманда раённай арганізацыі прафсаюза брала ўдзел у абласной спартакіядзе. Для членаў прафсаюза і іх сем’яў арганізоўваліся экскурсійныя паездкі. Прафсаюзныя арганізацыі і наймальнікі выдзелілі сёлета сродкі для патаннення пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Падчас правядзення акцыі «Збяры партфель у школу» райкамам і абкамам прафсаюза была аказана матэрыяльная дапамога 721 сям’і з ліку шматдзетных, малазабяспечаных, няпоўных, а таксама тых сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды.
Немалаважнае пытанне – замацаванне маладых кадраў на сяле. У гэтым напрамку робіцца нямала: маладым спецыялістам выдзяляецца жыллё, аказваецца матэрыяльная дапамога, кампенсуецца аплата за пражыванне на кватэрах і г. д. У прафсаюзных камітэтах пярвічак створаны камісіі па рабоце з моладдзю.
У павышэнні эфектыўнасці работы і аўтарытэту прафкамаў вялікую ролю адыгрываюць галоснасць, шырокае інфармаванне членаў прафсаюза аб рабоце прафсаюзных кадраў, гаспадарчых органаў. На прафсаюзных сайтах вобласці і рэспублікі райкамам прафсаюза змешчана васямнаццаць інфармацыйных матэрыялаў. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з раённай газетай «Прамень».

Аб рабоце, якая вядзецца ў пярвічках, расказалі старшыні прафсаюзных камітэтаў Ганна Новік (ААТ «Жацерава»), Марыя Каспяровіч (установа «Стаўбцоўская райветстанцыя»), Жанна Навіцкая (ААТ «Рочавічы») і Святлана Кажура (ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»). Выказалі свае слушныя прапановы старшыні прафкамаў ААТ «Вялікі Двор» і «Радзіма Якуба Коласа».
З заключным словам да прысутных звярнуліся намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Іван Каскевіч і галоўны бухгалтар Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Кучура, якія выказалі ўдзячнасць райкаму прафсаюза і старшыням пярвічак за вялікую работу, якая праводзіцца па абароне правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза. Іван Аляксеевіч таксама акцэнтаваў увагу на падрыхтоўцы актыву да прафсаюзна-выбарчай кампаніі ў пярвічках, якая пройдзе ў студзені-кастрычніку наступнага года.
Рашэннем Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Стаўбцоўская раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК прызнана лепшай у рэспубліцы.
У рабоце пленума прыняў удзел першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Шыманец.
Надзея БАТАЛКА
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *