Надзея Кім і Анжаліка Галімская аб тым, як быць маці салдата

Важное Соцыум

Сярод салдацкіх маці, якіх напрыканцы лістапада ўшанавалі ў Доме афіцэраў, былі і дзве стаўбчанкі – Надзея Кім і Анжаліка Галімская.

з падзячнымі пісьмамі за сваіх сыноў, абаронцаў Айчыны, стаўбчанкі Надзея Кім (злева) і Анжаліка Галімская.

Такі гонар выпаў жанчынам дзякуючы іх сынам, якія цяпер праходзяць тэрміновую ваенную службу. Малодшы сяржант Алег Кім служыць у 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску, і ўжо ў маі наступнага года павінен дэмабілізавацца. Дзмітрый Галімскі паўгода таму быў накіраваны ў Валожынскі раён, у войскі сувязі. Абодва атрымалі заахвочванне – трохдзённнае звальненне ў сувязі з урачыстай сустрэчай у Доме афіцэраў. Удзел у ёй прыняў і міністр абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў. Вітаючы матуляў і іх сыноў, ён падкрэсліў, што салдацкая служба не бывае без цяжкасцяў, але важна навучыць моладзь прымаць правільныя рашэнні.
Пасля сустрэчы Надзею Кім і Анжаліку Галімскую перапаўняюць неперадавальныя адчуванні, уражанні, якія хвалююць да слёз. У першую чаргу, гэта гордасць за сваіх сыноў. «Значыць, – кажуць жанчыны, – афіцэры знайшлі падыход, дапамаглі ім раскрыцца. Прыемна, што і наша роля ў выхаванні сыноў заўважана». Міністр абароны ўручыў матулям падзячныя пісьмы, а іх сынам у якасці падарунка за добрую службу – гадзіннікі з дароўнымі подпісамі.
Надзея Кім і Анжаліка Галімская завіталі ў рэдакцыю і з ахвотай падзяліліся тым, што для іх з’яўляецца асабліва дарагім, сямейным.
– Год службы Алега здаўся мне як дзесяць, у той час як паўтара года службы старэйшага сына праляцелі непрыкметна, – заўважае шматдзетная маці Надзея Кім. – У нашай сям’і чацвёра дзяцей, Алег – самы малодшы. Старэйшыя дзеці ўжо падарылі нам шасцярых унукаў. Думаем пра свайго малодшага і хвалюемся за яго. Ён кожны тыдзень тэлефануе, ні на што не скардзіцца. Мы столькі аддавалі любові Алегу, што я баялася, каб ён не вырас «мамчыным» сынком. Аднак яшчэ ў школе Алег адмаўляўся ад дапамогі: «Мама, я сам!». Будучы школьнікам, у армію ісці не хацеў. А потым, калі споўнілася 16 і яго сталі выклікаць у ваенкамат, загаварыў пра паветрана-дэсантныя войскі, спецназ. Жаданні яго збыліся. Цяпер сын часта бывае на вучэннях. Зрабіў два скачкі з парашутам. Казаў, што страху не было і хацеў бы скачкоў пабольш. Мяне не хоча засмучаць. Ведае, што маці не ў маладым узросце.
Пасля 11 класа Алег думаў пайсці вучыцца ў Ваенную акадэмію. Але паступіў у каледж у Баранавічы, атрымаў прафесію электрыка. Да службы паспеў папрацаваць на Навасвержанскім лесазаводзе. У лютым 2019 года плануе прыйсці ў водпуск. Дадатковыя двое сутак у яго ужо ёсць (паспяхова прайшоў навучанне і здаў экзамен на прыбарыста, спецыяліста па праверцы парашутаў) і спадзяецца зарабіць да гэтага часу яшчэ трое сутак. Мы чакаем сына. У арміі ён хутка стаў дарослым. 14-е чысло кожнага месяца, калі сын быў прызваны на службу, для нашай сям’і асаблівы дзень…
– Сын хацеў служыць, і менавіта ў дэсантных войсках. Па стане здароўя трапіў у войскі сувязі, – расказвае пра свайго адзінага сына Анжаліка Галімская. – Ён рыхтаваўся да службы. Займаўся футболам, валейболам. У ФАК хадзіў. Працаваў вадзіцелем у райспажыўтаварыстве. Пасля работы прыходзіў стомлены, але ўсё роўна бег у трэнажорную залу.
Не верыцца, што ўжо паўгода Дзіма ад мяне далёка. Раней за дзень мы сазвоньваліся з ім сотню разоў… Ездзім да яго кожны тыдзень. Усе па чарзе – бабулі з дзядулямі, бацька, хросныя, дзяўчына. Нічога такога ён не заказвае, хаця не адмаўляецца ад дамашніх далікатэсаў.
У школе, ліцэі браў удзел ва ўсіх мерапрыемствах. Каго крыўдзілі, таго абараняў. Я ніколькі не сумнявалася, што і ў арміі ён таксама будзе лепшы. Мне прыемна, што ён у свае 19 за што ні возьмецца, усё ўмее зрабіць. Шафу парамантаваў, пральную машыну. А пачалося з простага – з веласіпеда…
Матулі выказваюць удзячнасць райваенкамату, які арганізаваў іх паездку ў Дом афіцэраў, а таксама камандаванню воінскіх часцей, у якіх служаць іх дзеці. «Нашы сыны сталі мужнымі, разважлівымі, дарослымі», – не хаваюць захаплення Надзея Кім і Анжаліка Галімская. Як бы паміж іншым жанчыны заўважаюць: «У падзячным лісце нам адрасаваны такія прыгожыя словы! Яны хвалююць і саграваюць».
Як многа ўсяго перажывае любячае мацярынскае сэрца і як мала яму патрэбна?!
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *