Стаўбчане звольніліся ў запас пасля тэрміновай ваеннай службы

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Гэтымі днямі звольніліся ў запас пасля тэрміновай ваеннай службы нашы землякі. Хлопцы вяртаюцца дамоў узмужнелымі, поўнымі планаў і надзей і, як самі прызналіся, – з іншым поглядам на жыццё.

Першыя тыдні яны асвойваюцца ў дамашніх умовах пасля армейскіх будняў, наталяюць настальгію па сяброўскіх сустрэчах, проста адпачываюць… Але думкі іх пра будучае – вучобу, пошук працы. Іранічна заўважаюць, што цяпер нарэшце адчуваюць сябе свабоднымі. Маўляў, можна смела паступаць ва ўніверсітэт і не баяцца, што адлічаць за непаспяховасць і забяруць у армію.

У райваенкамаце мы пазнаёміліся з Васілём Кавальчуком, Уладзіславам Звярынскім і Шындаўлетам Сіценавым. Усе трое – усмешлівыя маладыя людзі, выглядаюць у сваёй ваеннай форме сапраўднымі абаронцамі. Васіль і Уладзіслаў – сяржанты, Шындаўлет – яфрэйтар, але які! Служыў разведчыкам у элітных часцях спецназа! У лесе, з рукзаком за плячыма, ён вучыўся арыентавацца на мясцовасці, а сёння ў Шындаўлета ёсць магчымасць выбраць для сябе жыццёвыя арыенціры. Адзін з іх – гэта кантрактная служба ў асобым атрадзе. Круціцца ў галаве хлопца і яшчэ адна ідэя: арганізаваць з сябрам-аднагрупнікам па Уздзенскім ліцэі свой рэп-клуб. Шындаўлет – прыклад для малодшага брата-школьніка і, безумоўна, гордасць для матулі і таты, якія ў свой час прыехалі ў нашу рэспубліку з Казахстана. Сёння яны прыносяць карысць Стаўбцоўшчыне: бацька працуе на філіяле маторнага завода, маці – повар у цэнтральнай раённай бальніцы.

сустрэча ў райваенкамаце пасля дэмабілізацыі: (злева направа) начальнік групы прызыву Аляксей Луцэвіч, Васіль Кавальчук, ваенкам Аляксей Дзядкоў, Уладзіслаў Звярынскі і Шындаўлет Сіценаў

Не менш заслуг знойдзецца і ў іншых хлопцаў. Васіль Кавальчук адслужыў у войсках сувязі ў Валожынскім раёне, быў камандзірам аддзялення. У сувязі са звальненнем у запас камандаванне адзначыла граматай яго поспехі ў баявой падрыхтоўцы, узорную ваенную дысцыпліну. Па прафесіі Васіль – плітачнік, таму гатовы адбудоўваць і свой заўтрашні дзень.

На грудзях ва Уладзіслава Звярынскага паблісквае медаль за спартыўныя дасягненні. Ён таксама праходзіў службу ў элітнай часці ўнутраных войскаў. Яна дыслацыруецца ў Аколіцы. Даслужыўся да намесніка камандзіра ўзвода. Разам з таварышамі не раз ахоўваў правапарадак на вядомых спартыўных арэнах нашай сталіцы. Уладзіслаў перадаваў навыкі маладому папаўненню, вывучаў нарматыўную базу. Яго запрашаюць на працу ў Дэпартамент аховы. Уладзіслаў схіляецца да таго, каб знайсці сабе прымяненне ў грамадзянскай прафесіі. Тым больш, ён завочна займаецца на чацвёртым курсе БНТУ па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва».

Хлопцы служылі ў розных часцях і розных відах войскаў, але хутка знайшлі агульную мову. Адчуваецца, што на жыццё яны глядзяць па-даросламу. Адказна. З разуменнем іншых. Цэняць кожны момант, за які можна зрабіць многае, а можна – страціць усё.

Гэта іх, маладых, час.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *