«Людзі чакаюць нас». Жанчыны-паштальёны аб сваёй працы

Важное Соцыум

На Стаўбцоўскім участку паштовай сувязі працуе нямала тых, каго людзі паважаюць і чакаюць штодзённа.

Паштальён Алена Бохан абслугоўвае адзін з самых вялікіх участкаў горада, які ў тым ліку ўключае і самую густанаселеную вуліцу Міру. Ёй трэба зайсці і ў пад’езды, і ў прыватныя дамы. «Паспяваю абысці ўсіх, таму што рухаюся подбегам», – з усмешкай тлумачыць Алена. Дарэчы, яе мабільны тэлефон «піша» пра дзесяць тысяч зробленых крокаў ужо ў сярэдзіне рабочага дня.

А колькі тысяч крокаў зроблена паштальёнам за ўвесь рабочы дзень, які заканчваецца не раней за 16 гадзін?.. Алена не вядзе такую арыфметыку, не глядзіць на гадзіннік, а выконвае сваю работу да тых пор, пакуль ёсць у сумцы газеты і пісьмы. Асабліва шмат клопатаў у тыя дні, калі трэба выдаць пенсіі, аформіць падпіску на перыядычныя выданні. Веласіпед, службовы транспарт паштальёна, у Алены прастаяў на прыколе нават у летні перыяд, таму што ім нязручна карыстацца ў мікрараёне са шматпавярховымі дамамі. Аднак да цяжкасцяў ёй, вясковай дзяўчыне, не прывыкаць.

– Раней працавала ў Стоўбцах на дрэваапрацоўчым камбінаце, – дзеліцца Алена Бохан, ураджэнка Любкаўшчыны. – Калі захацела змяніць працу, прыйшла на пошту па аб’яве. Было гэта два з паловай гады таму. З першага дня мне даверылі ўчастак у горадзе. Яго абслугоўваю і сёння. А па прафесіі я повар, да дэкрэтнага адпачынку паспела папрацаваць у сталовай ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

Спяшаюцца да людзей з перыёдыкай і пісьмамі Алена Бохан (злева) і Анастасія Арцем’ева.

Цяпер адмысловыя поварскія навыкі патрэбны Алене пераважна ў дамашніх умовах. У выхадныя дні ў сваёй кватэры па вуліцы Міру (кватэру сям’я Боханаў пабудавала з дзяржаўнай падтрымкай у 2011 годзе) яна выпякае бліны ды гатуе розныя салаты для дачушак-школьніц і мужа. Для аблягчэння працы паштальёна на такім вялікім участку арганізаваны тры падвозкі перыядычных выданняў (у раёне магазіна «Шкатулка», Дома гандлю і па вуліцы Міру, 9).

Галоўны вынік – гэта тое, што працай Алены Бохан задаволены стаўбчане. Да яе прыходу паштальёны на ўчастку часта мяняліся і ўзаемаадносіны, зразумела, былі крыху іншыя. Алену палюбілі за адказнасць, уважлівасць да патрэб людзей. У яе заказваюць паштоўкі, канверты, тавары народнага спажывання. Цяпер робяць заяўкі на навагоднія падарункі Дзеда Мароза. Спецыфіка работы паштальёна на гэтым участку – вялікая колькасць заказных пісьмаў з розных дзяржаўных органаў і арганізацый, якія трэба ўручыць кожнаму адрасату. Падпісчыкам яна дастаўляе больш за 200 экзэмпляраў раённай газеты «Прамень».

У аддаленых населеных пунктах раёна з маладым энтузіязмам працуе паштальён па суправаджэнні Анастасія Арцем’ева. Разам з вадзіцелем Максімам Кузурам яны штодзень пераадольваюць маршрут працягласцю 200 і больш кіламетраў, ад Семенчыцаў да Рудні Пільнянскай, каб даставіць вяскоўцам газеты, пісьмы, пенсіі, тавары народнага спажывання.

Анастасія працуе на пошце не так даўно, крыху больш за год, але паспела зарэкамендаваць сябе з самага лепшага боку. Яна закончыла Мінскі юрыдычны каледж, раней працавала ў сталіцы загадчыкам абутковай фабрыкі. На Стаўбцоўшчыне выйшла замуж. Пасля дэкрэтнага адпачынку шукала працу ў райцэнтры і спынілася на ўчастку паштовай сувязі. «Ужо прывыкла да калектыву», – кажа Анастасія. У яе сям’і ў гэтым годзе здарылася шчаслівая падзея: дачушка пайшла ў першы клас. Анастасія і сама плануе вучыцца, атрымаць вышэйшую адукацыю, каб развівацца і дасягаць прафесійных вяршынь.

– Людзі чакаюць нас і аддзячваюць цікавасцю да нашых паслуг, попытам і шчырай усмешкай, – з радасцю заўважае Анастасія Арцем’ева.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *