Яўгеній Новікаў і Ксенія Супрун сталі пераможцамі конкурсу «Прыгажосць Божага свету»

Главное Культура

У Маладзечанскай епархіі прайшлі ІV епархіяльныя ражджэственскія чытанні. У гэтым годзе яны былі прысвечаны актуальнай тэме  – «Моладзь: свабода і адказнасць».

У рамках ражджэственскіх чытанняў адбылося ўзнагароджанне пераможцаў епархіяльнага конкурсу дзіцячага малюнка «Прыгажосць Божага свету», у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Стаўбцоўскага благачыння на чале з благачынным протаіерэем Аляксандрам Марцінчыкам.

На ўрачыстасць былі запрошаны вучні мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Яўгеній Новікаў і Ксенія Супрун, якія былі ў ліку пераможцаў. Яўгеній з’яўляецца вучнем А. В. Зянько, Ксенія – вучаніцай І. М. Зянько. Ірэна Міхайлаўна суправаджала дзяцей на цырымонію ўзнагароджання.

Работы пераможцаў з усіх благачынняў Маладзечанскай епархіі былі змешчаны на выставе і даставілі ўсім радасць. З прывітальным словам да дзяцей звярнуўся епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Уладыка ўручыў юным мастакам падарункі. На памяць ім застануцца і фотаздымкі з епіскапам Паўлам. Вучні атрымалі фарбы, наборы каляровых алоўкаў, альбомы і маляўнічую праваслаўную кнігу-каляндар для дзяцей на наступны год. Іх работы адпраўлены на заключны этап конкурсу ў Маскву.

Падчас узнагароджання з епіскапам Паўлам Яўгеній Новікаў і Ксенія Супрун (трэцяя злева направа)

Незвычайную атмасферу стварыла не толькі ўрачыстасць з такім высокім прадстаўніцтвам духавенства, але і арганізаваная для дзяцей і настаўнікаў экскурсія па храмах Маладзечна. Суправаджаў групу благачынны цэркваў Маладзечанскага благачыння протаіерэй Віталій Багданёнак. Ён расказваў пра святыні храмаў, гісторыю цэркваў. Юныя мастакі наведалі кафедральны сабор Успення Прасвятой Багародзіцы, храмы Пакрова Прасвятой Багародзіцы, велікамучаніка Георгія Пабеданосца. Дзеці і настаўнікі прыклаліся да цудатворных ікон, да машчавікоў. У храме велікамучаніка Георгія Пабеданосца ім дазволілі падняцца на званіцу, паказалі, як прыгожа гучаць званы. Дзеці маглі нават самі пазваніць, што пакінула ў іх незабыўныя яркія ўражанні. У гэтай жа царкве для юных паломнікаў была падрыхтавана посная трапеза, так як ідзе Ражджэственскі пост. Аднак для дзяцей яна была са святочнай шакаладнай выпечкай, што стала для іх нечаканым сюрпрызам.

Паездка для вучняў школы мастацтваў і настаўніка была арганізавана транспартам благачыння, за што Ірэна Зянько выказала вялікую ўдзячнасць айцу Аляксандру. Па дарозе ўдзельнікі ўрачыстасці дзяліліся ўражаннямі. Яны казалі, што нідзе не адчувалі такой дабрыні, увагі, сардэчных адносін, як падчас знаходжання на гэтым свяце. У душы засталіся святло і вялікая радасць.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *