Алена Мянжынская ўжо 16 гадоў працуе тэхнікам-асемянатарам

Сельская гаспадарка

Алена Мянжынская працуе тэхнікам-асемянатарам на МТФ «Рудзевічы» ААТ «Рочавічы». Яна старанная, добрасумленная. Агульны стаж Алены Баляславаўны ў жывёлагадоўлі складае шаснаццаць гадоў.

Адпавядае патрабаванням

Азімыя збожжавыя культуры ў гаспадарках раёна пасеяны сёлета на  14 800 гектарах, што на 2231 гектар больш, чым у мінулым годзе.

– На гэтыя мэты выкарыстана 3354 тоны насення, з якіх трэцяя частка вышэйшай рэпрадукцыі, – расказвае начальнік дзяржаўнай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Таццяна Шапецька. – Практычна ўся плошча адведзена на вырошчванне збожжа.

Больш пасеяна азімага трыцікале (58,6 працэнта ад усёй пасяўной плошчы), пераважае сорт «дзінара», на другім месцы «антось» і на трэцім – «праметэй». У ААТ «Вялікі Двор» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» прапісаўся новы сорт «грэнада», а ў ААТ «Агранёманскі» і «Радзіма Якуба Коласа» – «блага».  Лідарам па плошчы, занятай азімай пшаніцай, стаў сорт «ода», за ім ідуць «мроя» і «аўгусціна». Агранёманцы завезлі новы сорт «гірлянда». Азімая пшаніца заняла ў севазвароце 31 працэнт плошчы. Азімага жыта пасеяна 10,4 працэнта, пры гэтым больш за палову высеяна сорту «галубка». ААТ «Налібакі Агра» пасеяў тэтраплоіднае жыта «зазерская 3». Трэба адзначыць, што маса тысячы зярнят па ўсіх вышэйназваных культурах сёлета была значна ніжэйшая, чым летась. Азімы рапс заняў у раёне 3420 гектараў,  гібрыдамі засеяна практычна чвэрць плошчаў. Больш пасеяна азімага рапсу сорту «імперыял». Набыты новыя гібрыды «арыолус», «мінерва» і «мэрсэдэс». Азімая свірэпіца сорту «вераніка» заняла 1178 гектараў. Усё пасеянае насенне азімых сельскагаспадарчых культур адпавядала патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Са спецыяльнымі штрыхкодамі

Згодна з законам Рэспублікі Беларусь «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочванні сельскагаспадарчай жывёлы (статкаў), ідэнтыфікацыі і прасочванні прадуктаў жывёльнага паходжання», за апошнія паўтара года ў сельскагаспадарчых таварыствах раёна праведзена вялікая работа. Пазначаны біркамі са спецыяльнымі штрыхкодамі ўся буйная рагатая жывёла і коні. Укаранёна аўтаматызаваная сістэма, і створана адзіная база ўліку пагалоўя. У кожнай гаспадарцы працуе спецыяліст па ідэнтыфікацыі жывёлы. Найлепш гэтая справа пастаўлена ў ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Дзераўное», «Радзіма Якуба Коласа» і «Каганец». Работа ў даным напрамку працягваецца, рэгіструецца маладняк БРЖ. У прыватным сектары ідэнтыфікаваны 386 кароў і пяць коней. Поўная празрыстасць у жывёлагадоўлі ўсё часцей становіцца адной з умоў допуску прадукцыі жывёлагадоўлі на рынкі развітых краін свету.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *