У Рэспубліке Беларусь устанавілі адзіны дзень бяспекі

Афіцыйна Важное

На Стаўбцоўшчыне створаны раённы міжведамасны савет па пытаннях правядзення адзінага дня бяспекі. Адзіны дзень бяспекі павінен стаць у маштабах рэспублікі новай формай прафілактычнай работы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў.

На чарговым пасяджэнні раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях было згадана, што кіраўнік краіны адобрыў прапанову дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь аб устанаўленні ў краіне адзінага дня бяспекі, у ходзе якога будуць праводзіцца не толькі мэтанакіраваныя прафілактычныя мерапрыемствы, але і навучанне паводзінам ва ўмовах пажараў і аварый, аказанню першай дапамогі і да т. п. Згодна з палажэннем, міжведамасны савет з’яўляецца калегіяльным органам, які створаны з мэтай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў, грамадскіх арганізацый па правядзенні адзінага дня бяспекі. У раёне міжведамасны савет узначаліў першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі. Персанальны склад міжведамаснага савета зацверджаны рашэннем камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме.

З улікам прапаноў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый быў зацверджаны і план правядзення на Стаўбцоўшчыне адзінага дня бяспекі. Ён уключае розныя мерапрыемствы, у прыватнасці праверку сістэмы апавяшчэння шляхам запуску сірэн, правядзенне вучэнняў і трэніровак па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару на выбухова- і пажаранебяспечных аб’ектах, аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей, функцыянаванне ведамасных гарачых ліній, правядзенне сустрэч у працоўных калектывах, у тым ліку па пытаннях бяспекі Беларускай АЭС. Рэалізацыю мерапрыемстваў у адпаведнасці з кампетэнцыяй будуць ажыццяўляць арганізацыі і прадпрыемствы раёна.

Мэтай адзінага дня бяспекі з’яўляецца максімальнае зніжэнне гібелі людзей ад знешніх прычын, яго задачамі – развіццё ў грамадстве культуры бяспекі і жыццядзейнасці, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем, прапаганда бяспечных умоў пражывання насельніцтва. Адзіны дзень бяспекі плануецца праводзіць двойчы на год, у перыяд з 20 лютага па 1 сакавіка і з 1 па 10 верасня.

У парадку дня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях было і пытанне гатоўнасці суб’ектаў гаспадарання да работы ў складаных умовах надвор’я.

Вынікі маніторынгу, які напярэдадні правялі работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, далажыў інжынер РАНС Аляксандр Крамко:

– У цэлым ДЭУ-62, ДРБУ № 135, Стаўбцоўскае АКС гатовы да работы ў зімніх умовах. У ДЭУ-62 ёсць 30 адзінак тэхнікі, і ўся яна знаходзіцца ў спраўным стане. Па некалькі адзінак тэхнікі на момант маніторынгу былі не на хаду ў ДРБУ № 135 і АКС. Для камунальнікаў характэрна 100-працэнтнае выкананне плана па нарыхтоўцы пясчана-саляной сумесі, чаго пакуль не скажаш пра дарожнікаў. Сярод выяўленых недахопаў – адсутнасць у ДЭУ-62 металічных каністраў для дазапраўкі аўтатранспарту ў выпадку пападання яго ў заторы.

Для выканання рашэння Мінскага аблвыканкама выратавальнікамі быў праведзены маніторынг кацельняў раёна. Высветлілася, што даручэнне аб абсталяванні кацельняў прыстасаваннямі для падключэння перасоўных модульных кацельняў не выканана. У выпадку неабходнасці немагчыма па тэхнічнай прычыне ажыццявіць запуск рэзервовага катла ў кацельні  Залужскага ВПК. Усе недахопы ў бліжэйшы час будуць ліквідаваны.

Зацверджаны план работы камісіі па надзвычайных сітуацыях на першае паўгоддзе 2019 года.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *