Раённыя навіны

Навіны Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

321НОВАЯ ЛІНІЯ ДЛЯ МЕШЫЧАЎ

У планах работ Стаўбцоўскіх раённых электрасетак на бягучы год – рэканструкцыя энергазабеспячэння вёскі Мешычы.

Як адзначае начальнік РЭС Вадзім Качановіч, падрыхтаваны праект будаўніцтва ў гэтай вёсцы новай лініі 10 кВ. Адначасова будзе ажыццёўлена замена васьмі трансфарматарных падстанцый.

Сярод значных аб’ектаў раённых энергетыкаў значыцца і Засульская школа, дзе  запланаваны вынас за тэрыторыю школы лініі электразабеспячэння.

 

І АСФАЛЬТАВАННЕ, І ГРЭЙДЗІРАВАННЕ

На ўтрыманне мясцовых дарог сёлета выдаткавана 4,2 мільярда рублёў, на іх бягучы рамонт – 1,8 мільярда рублёў.

За кошт гэтых сродкаў прадугледжана асфальтаванне участка аўтадарогі Рубяжэвічы – Хатава, ён праходзіць акурат па вёсцы Тонава. Работы распачнуць дарожнікі ўжо напрыканцы красавіка. На працягу красавіка мяркуецца актыўна пашчыраваць і над абнаўленнем інфраструктуры дарог – над пафарбоўкай мастоў, пуцеправодаў, стоек дарожных знакаў, павільёнаў, лавачак… На гэтыя работы, як адзначае начальнік ДРБУ № 135 Віталь Дзям’янка, выходзіць увесь калектыў інжынерна-тэхнічных работнікаў і – пры спрыяльных пагодных умовах –  за два-тры тыдні інтэнсіўнай работы ўся так званая аздоба дарог набывае пасля зімы зусім іншы, прывабны, выгляд.

Пасля зімы асаблівую актуальнасць набывае грэйдзіраванне вуліц, дарог. Непасрэдна на гэтым відзе работ у ДРБУ задзейнічаны два грэйдары. На ўсіх дарогах з маршрутнымі аўтобусамі ўжо праведзена неабходная прафіліроўка. Услед за гэтымі дарогамі грэйдары курсіруюць па гравійных дарогах, якія звязваюць населеныя пункты раёна. Згодна з правіламі ўтрымання мясцовых дарог, іх грэйдзіраванне вызначана інтэнсіўнасцю руху па іх, а  прыкладны парадак  – раз у два месяцы.

Найбольш балючае пытанне –  прафіляванне вуліц сельскіх населеных пунктаў. Мала таго, што яно ажыццяўляецца ў трэцюю, апошнюю чаргу, дык яшчэ і напрамую залежыць ад выдзеленых сродкаў. Вось і атрымліваецца, што адзін раз у квартал. Відавочна, што для  прыгарадных населеных пунктаў Новы Свержань, Задвор’е і іншых неабходнасць у грэйдзіраванні вуліц куды большая. Пры наяўнасці сродкаў мяркуецца зрабіць часцейшай перыядычнасць гэтых работ.                 

 

ПА БЕЗНАЯЎНЫМ РАЗЛІКУ

Ажыццяўляючы дзяржаўную праграму адыходу ад затратных наяўных грошай, райспажыўтаварыства сумесна са стаўбцоўскім аддзяленнем ААТ «Белаграпрамбанк» пастаянна пашыраюць магчымасці разліку за паслугі і тавары з дапамогай пластыкавых картак. З гэтай мэтай на прадпрыемствах гандлю спажывецкай кааперацыі ўстаноўлены 77 банкаўскіх плацежных тэміналаў.

Работнікі банка прааналізавалі, як на практыцы рэалізуецца гэтая праграма. За студзень  найбольш аперацый з пластыкавамі карткамі правялі работнікі прылаўка ўніверсама № 34 на аўтамагістралі. Па безнаяўным разліку яны прадалі тавараў на суму 85 мільёнаў рублёў. Амаль такая ж сума па безнаяўных аперацыях склалася ў суседнім магазіне «Sклад». Актыўна працуюць у гэтым накірунку прадаўцы магазнаў №№ 39, 53, «Гаспадарчыя тавары», «Дзіцячы свет».

У бягучым годзе плануецца ўстанавіць яшчэ тры плацежныя тэміналы – у магазінах вёсак Яблынаўка, Церабейнае, Янкавічы.

Тэрміналамі аддзялення Белаграпрамбанка даўно і паспяхова карыстаюцца фірменныя магазіны стаўбцоўскага мясакамбіната. Такая форма разліку магчыма і за бытавыя паслугі ў Доме быту.

Банк стымулюе выкарыстанне банкаўскіх плацежных картак правядзеннем рэкламных акцый, гульняў. За простыя і звычайныя дзеянні –  безнаяўныя разлікі трымальнікі пластыкавых картак могуць атрымаць дыпломы і прызы, так як і прадпрыемствы гандлю і сэрвісу.

 

КАЛІ ПЛАЧУЦЬ БЯРОЗЫ

Стаўбцоўскім доследным лясгасам закуплена больш за пяць тысяч поліэтыленавых мяхоў для нарыхтоўкі бярозавага соку. У сувязі са спрыяльнымі пагоднымі ўмовамі ў лясніцтвах ужо прыступілі да работ па падсочцы.

У сёлетнім сезоне лясгасам плануецца сабраць каля 600 тон гаючага ляснога напітку і рэалізаваць яго перапрацоўшчыкам (згодна з заключанымі дагаворамі): 200 тон – Стаўбцоўскаму філіялу ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», 250 тон – Мінскаму заводу безалкагольных напіткаў, 150 тон – ААТ «Савушкін прадукт».

– Для збору соку вызначаны Акінчыцкае, Налібацкае і Прудское доследныя лясніцтвы, дзе створаны спецыяльныя брыгады, – паведаміў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. – У гэтых лясніцтвах могуць набыць сок і ўсе жадаючыя. Кошт яго даступны – 960 рублёў за  літр. Жадаючым нарыхтаваць сок для ўласных патрэб самастойна трэба таксама звяртацца ў лясніцтвы, дзе іх азнаёмяць з правіламі саманарыхтоўкі і ўкажуць участкі, дзе можна зрабіць гэта без парушэння заканадаўства.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *