У Стоўбцах прайшоў дзень падпісчыка

Главное Соцыум

У мінулы чацвер у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі прайшоў дзень падпісчыка. Яго адметнасцю стаў выразны пераднавагодні каларыт, у якім знайшлося месца і адмысловаму падарунку да Новага года – бясплатнай падпісцы на раённую газету «Прамень».

Кліентаў пошты прыцягвалі стэлаж з багаццем навагодніх паштовак, скрыня-навінка, якая прызначана для пісьмаў Дзеду Марозу і Снягурачцы, а таксама яркія наборы ёлачных шароў. Ды і само памяшканне аддзялення выглядала па-святочнаму. У гэтым інтэр’еры былі створаны максімальна камфортныя ўмовы для тых, хто жадае аформіць падпіску на перыядычныя выданні на першы квартал 2019 года. За дадаткова створаным у цэнтры кліенцкай залы рабочым месцам абслугоўвала падпісчыкаў начальнік аддзялення Алена Груца. У якасці падарунка яна прапаноўвала на выбар часопісы для сям’і, дзяцей і дома. Сярод падпісчыкаў быў, як заўсёды, стабільны попыт на раённую газету «Прамень».

Прыемна, што сярод жадаючых падпісацца на раёнку сустракаліся як нашы даўнія чытачы, так і абсалютна новыя. Да прыкладу, прыйшла Ніна Нікіценка, з нядаўніх пор – жыхарка Стоўбцаў, яе гістарычнай часткі, і звярнулася з тым, каб выпісаць раённую газету. «Мне цікава даведацца, чым жывуць горад, сельскія населеныя пункты Стаўбцоўшчыны», – растлумачыла жанчына. А тыя, хто пастаянна чытае «Прамень» і робіць гэта не першы год, свой выбар красамоўна пацвярджалі эмоцыямі. «Прамень» – гэта наша газета!» – не раз даводзілася чуць у адказ у многім падобныя катэгарычныя воклічы з націскам менавіта на слова «наша». Многія, не задумваючыся, афармлялі падпіску на сваю газету адразу на першае паўгоддзе.

Заахвочваючы сваіх падпісчыкаў, рэдакцыя традыцыйна прапанавала латарэю-розыгрыш пяці бясплатных экзэмпляраў квартальнай падпіскі на раённую газету «Прамень». На гэты раз сярод шчасліўчыкаў аказаліся наступныя стаўбчане: А. С. Шынгель (вуліца Энгельса, 6), К. Г. Чэмка (вуліца Свярдлова, 38), С. Б. Молчан (3-ці завулак Прытыцкага), А. А. Клімовіч (вуліца Савецкая), А. І. Бельскі (вуліца Мінская). Віншуем пераможцаў, якія зрабілі сабе такі цудоўны падарунак да новага, 2019 года!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Ад рэдакцыі. Нягледзячы на тое, што снежань, апошні месяц года, толькі пачынае свой разбег, варта паспяшацца, каб своечасова завяршыць у бягучым годзе ўсе намечаныя справы. Адна з іх (і яна не церпіць адкладу) – афармленне падпіскі на раённую газету на першы квартал 2019 года. Для гэтага трэба зайсці на пошту або звярнуцца да паштальёна.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *