Служба «Адно акно» распачала сваю дзейнасць у новым фармаце

Главное Соцыум

27 лістапада свае дзверы адчыніла служба “Адно акно”, якая створана рашэннем № 1265  Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта ад 23.10.2018 у адпаведнасці з Палажэннем аб парадку стварэння і дзейнасці службы “Адно акно”, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 202 ад 24.05.2018. 

Спецыялісты службы «Адно акно» Таццяна Гайдукович і Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская абслугоўвае грамадзян

Якія адбыліся змены?

Раней сектар па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Стаўбцоўскага райвыканкама складаўся з двух чалавек. У яго абавязкі ўваходзіла 49 адміністрацыйных працэдур. Сёння калектыў расшырыўся да чатырох чалавек. Арганізавана служба “Адно акно”, якая выконвае 106 адміністрацыйных працэдур: 89 – з фізічнымі асобамі і 17 – з юрыдычнымі. Акрамя таго, у абавязкі сектара ўваходзяць рэгістрацыя зваротаў грамадзян на імя старшыні райвыканкама і яго намеснікаў, арганізацыя асабістых і выязных прыёмаў грамадзян, як з раённым кіраўніцтвам, так і вышэйстаячым, правядзенне прамых тэлефонных ліній. Таксама ён адказны за правядзенне адміністрацыйных і назіральных камісій Стаўбцоўскага раёна.

Спецыялісты службы «Адна акно» і галоўны спецыяліст сектара Ірына Маляўкіна

Рэканструкцыя памяшканняў для арганізацыі работы сектара праходзіла на працягу месяца. Зараз служба “Адно акно” абсталявана сучаснай мэбляй. Устаноўлены кабінкі і відэакамеры. Усё арганізавана так, каб грамадзяне адчувалі сябе камфортна. Асаблівая ўвага ўдзелена і людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх створана безбар’ернае асяроддзе, ёсць спецыяльныя парковачныя месцы.

Спецыялісты службы «Адна акно» і загадчык сектара Вольга Навіцкая

Куды звяртацца?

Служба размяшчаецца на першым паверсе Стаўбцоўскага райвыканкама ў кабінеце № 125. Працуе штодзённа па рабочых днях з 08.00 да 17.00, без перапынку, па серадах – з 08.00 да 20.00 без перапынку. Кожныя першую і трэцюю суботы месяца – з 09.00 да 13.00, без перапынку. Звярнуцца за кансультацыяй у службу “Адно акно” можна па кароткім нумары 142 або па тэлефоне 7-75-21 (толькі па адміністрацыйных пытаннях). Таццяна Гайдуковіч і Юлія Чарняўская (вопытныя спецыялісты службы “Адно акно”, якія раней працавалі ў іншых аддзелах райвыканкама) з задавальненнем вам дапамогуць.

Служба «Адно акно»

Сектар знаходзіцца таксама на першым паверсе райвыканкама, у кабінеце № 114. Загадчыкам сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Стаўбцоўскага райвыканкама з’яўляецца Вольга Навіцкая. Ірына Маляўкіна – галоўны спецыяліст. Тут арганізавана гарачая лінія (нумар – 7-75-20), куды грамадзяне могуць звярнуцца за кансультацыяй па любых пытаннях, якія тычацца дзейнасці сектара. Калі ўзнікае нейкая канфліктная сітуацыя, таксама можна звярнуцца да спецыялістаў. Ёсць кніга скаргаў і прапаноў.

Загадчык сектара Вольга Навіцкая

Па якіх пытаннях цяпер трэба звяртацца ў службу “Адно акно”?

Галоўныя функцыі службы “Адно акно” райвыканкама – прыём заяў і выдача  адміністрацыйных рашэнняў.

Акрамя тых працэдур, якія выконваліся раней, значная іх колькасць дабавілася з упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Стаўбцоўскага райвыканкама і УАЗ “Стаўбцоўская ЦРБ”. Практычна ўсе асноўныя адміністрацыйныя працэдуры з аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі цяпер выконвае служба “Адно акно”. Па пытаннях сямейнага капіталу таксама звяртайцеся ў даную службу. Адміністрацыйныя працэдуры ў сферы жыллёвых праваадносін, юстыцыі, газазабеспячэння працягваюць ажыццяўляцца ў службе “Адно акно”.

Загадчык сектара Вольга Навіцкая і галоўны спецыяліст Ірына Маляўкіна

Папулярныя працэдуры ў службе “Адно акно”:

выдача дазволу на будаўніцтва і на рэканструкцыю; выдача дазволу і крэдыту на газіфікацыю; пастаноўка на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; пераафармленне  дакументаў пры змене саставу сям’і грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; выдача льготных крэдытаў пад 3% на 10 гадоў (калі тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пражываюць у населеным пункце з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек); выдача грамадзяніну даведкі аб тым, што ён стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; выдача даведкі аб налічанай жыллёвай квоце; рэгістрацыя дагавораў найму прыватнага жыллёвага фонду і іх скасаванне.

Таксама служба “Адно акно” ажыццяўляе выдачу рашэння аб выдзяленні дзелавой драўніны ў выніку пажару, стыхійнага бедства, выконвае іншыя адміністрацыйныя працэдуры, прадугледжаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.10.2018 № 740.

Увесь пералік адміністрацыйных працэдур, якія праводзіць служба “Адно акно”, размешчаны на сайце Стаўбцоўскага райвыканкама.

Новаўвядзенні, якія тычацца сацыяльнай сферы

Сацыяльная абарона:

выдача даведкі аб памеры дапамогі на дзяцей і перыядзе яе выплаты (толькі тым, хто да выхаду ў дэкрэтны адпачынак не працаваў); выдача даведкі аб утрыманні аліментаў і іх памеры; прыняцце рашэння аб назначэнні  сямейнага капіталу (адмове ў ім);  выдача пасведчання шматдзетнай сям’і.

Апека, папячыцельства, патранаж, эмансіпацыя:

прыняцце рашэння аб устанаўленні апекі (папячыцельства) над паўналетнім (які прызнаны недзеяздольным або часткова дзеяздольным) ці непаўналетнім і назначэнні апекуна (папячыцеля); прыняцце рашэння аб выдачы аднаму з бацькоў, апекуну (папячыцелю) папярэдняга дазволу на ажыццяўленне здзелак, якiя супярэчаць інтарэсам дзіцяці ці што цягнуць змяншэнне маёмасці падапечнага; прыняцце рашэння аб перадачы дзіцяці на выхаванне ў прыёмную сям’ю; прыняцце рашэння аб устанаўленні патранажу (назначэнні памочніка); прыняцце рашэння аб змене прозвішча і ўласнага імя непаўналетняга, старэйшага за шэсць гадоў; прыняцце рашэння  аб абвяшчэнні непаўналетняга цалкам дзеяздольным (эмансіпацыя).

Адукацыя

выдача дубліката дакумента аб адукацыі, дадатку да яго, дакумента аб навучанні; выдача дубліката пасведчання на права абслугоўвання патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў; выдача ў сувязі са зменай палавой прыналежнасці  дакумента аб адукацыі, дадатку да яго, дакумента аб навучанні; выдача ў сувязі са зменай палавой прыналежнасці пасведчання на права абслугоўвання патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў; пастаноўка на ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ў размеркаванні ва ўстанову дашкольнай адукацыі.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *