У Старасвержанскім сельсавете разглядзелі пытанні работы з сем’ямі

Афіцыйна Главное

На базе Старасвержанскага сельсавета прайшло выязное пасяджэнне Каардынацыйнага савета і раённай камісіі па справах непаўналетніх, на якім у комплексе былі разгледжаны пытанні работы з сем‘ямі і рэалізацыі Дэкрэта № 18. Удзел у ім узяла памочнік пракурора раёна Юлія Чабан.

Сярод найбольш злабадзённых пытанняў – высвятленне прычын няпоўнай кампенсацыі сродкаў, што выдаткоўваюцца ў адпаведнасці з Дэкрэтам № 18 на ўтрыманне дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. У сувязі з гэтым заслухана работа з абавязанымі асобамі некаторых суб’ектаў гаспадарання. Разгледжаны і абавязаныя асобы, якія не да канца аплачваюць свой доўг перад дзяржавай і не ў поўным аб’ёме выконваюць план рэабілітацыі сям’і.

Так, у поле зроку трапіла абавязаная асоба, якая працуе на Навасвержанскім лесазаводзе. Як паведаміў дырэктар лесазавода Віктар Лужкоўскі, жанчына стала на шлях выпраўлення. На працягу 2018 года ў яе адрас паступалі ад кіраўніцтва цэха толькі станоўчыя водгукі. На прадпрыемстве пайшлі насустрач гэтай работніцы і, каб дзіця хутчэй вярнулася ў сям’ю, выдзелілі аванс для пагашэння запазычанасці па камунальных плацяжах.

– Падобная пазіцыя дырэкцыі ў рабоце з сем’ямі, у інтарэсах дзіцяці, заслугоўвае павагі, – падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, аднак агучыла ранейшыя патрабаванні адносна максімальнай загружанасці абавязаных асоб, выключэння выпадкаў адсутнасці іх на рабочым месцы без уважлівых прычын, прадастаўлення дадатковых працоўных магчымасцяў для таго, каб кампенсацыя дзяржаўных сродкаў ажыццяўлялася ў поўным аб’ёме.

Былі заслуханы абавязаная асоба, якой выдадзена накіраванне на працу ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», і непасрэдна кіраўнік гэтай гаспадаркі Дзяніс Дзішук. Жанчына гатова працаваць жывёлаводам, мае патрэбу ў службовым жыллі. У данай сітуацыі нагадана пра тое, што неабходна выконваць пастанову Каардынацыйнага савета адносна прадастаўлення інфармацыі ў выпадку працаўладкавання на тэрыторыі раёна абавязаных асоб з іншых раёнаў.

У гутарцы са шматдзетнай сям’ёй з Грабёнаўшчыны, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным і з якой суб’екты прафілактыкі вядуць работу з 2016 года, акрэсліліся новыя праблемы. Бацька звольніўся з працы, матуля заўважана ва ўжыванні спіртных напіткаў… Аднак змяненні ў план рэабілітацыі сям’і ў сувязі з гэтым не ўнесены. Сям’я знаходзіцца на чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Зразумела, што адабранне дзяцей у даным выпадку – гэта не выйсце з сітуацыі. Шматдзетнай сям’і неабходна дапамагчы ў вырашэнні злабадзённых праблем.

Пра работу з сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, расказала старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская: «Ажыццяўляем штомесячны патранаж такіх сем’яў, неадкладна паведамляем у органы апекі пра выяўленыя праблемныя сем’і, аказваем садзейнічанне ў працаўладкаванні бацькоў. Разглядаем гэтыя сем’і на савеце прафілактыкі і на пасяджэннях грамадскага пункта аховы правапарадку».

Важную ролю ў папярэджанні сямейнай нядобранадзейнасці іграе інфармацыйная работа. Праблемай застаецца залежнасць асобных бацькоў ад алкаголю, зрывы, якія здараюцца ў іх пасля праходжання адпаведнага лячэння. Дарэчы, у пераважнай большасці гаспадарак прымяняецца практыка кампенсацыі кошту такога лячэння. Урач-нарколаг ЦРБ Яўген Бахар, каментуючы праблему зрываў, растлумачыў: «Лячэнне ад алкагольнай залежнасці – гэта не аднамомантавае пытанне. Ёсць розныя тыпы людзей. З медыцынскага пункту гледжання, мы робім максімум намаганняў, прымяняем новыя методыкі і прэпараты».

Далёка не ўсе бацькі прыкладаюць дастаткова адказнасці і сумленнасці, каб пачаць цвярозы лад жыцця. У адной з сем’яў, якая была запрошана для разгляду на выязным пасяджэнні, назіраецца станоўчая дынаміка, але так і не ўхілена галоўная прычына, з-за якой становішча дзіцяці прызнана сацыяльна небяспечным, – злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Бацьку рэкамендавана неадкладна звярнуцца да ўрача-нарколага і больш увагі ўдзяляць сыну-пяцікласніку. Свае тлумачэнні адносна сем’яў, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, а таксама абавязаных асоб далі наймальнікі, прадстаўнікі адміністрацый ААТ «Агранёманскі» і  ААТ «Вялікі Двор». З боку некаторых наймальнікаў былі дапушчаны парушэнні. У прыватнасці, не заўсёды своечасова паступалі інфармацыя аб няяўцы абавязаных на работу і табелі ўліку іх рабочага часу. У некаторых абавязаных – шмат бальнічных лістоў і частыя прагулы.

– Мабільныя групы, якія дзейнічаюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, павінны рэгулярна выязджаць і кантраляваць выхады абавязаных на працу. Работу гэтых груп мы ў бліжэйшы час, безумоўна, праверым, – папярэдзіў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Харута.

Напярэдадні расшыранага пасяджэння было ажыццёўлена вывучэнне работы ДУА «Старасвержанская сярэдняя школа» па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

– Работа школы ў гэтым напрамку прызнана здавальняючай, – падкрэсліла намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. – Важна тое, што ў школе працуе каманда на чале з дырэктарам і яго намеснікам па выхаваўчай рабоце, сацыяльна-педагагічнай службай. Школа трымае руку на пульсе. У ёй толькі адзін вучань, з якім неабходна праводзіць індывідуальна-прафілактычную работу. Узровень гэтай работы адпавядае ўсім патрабаванням.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька ўзняла актуальныя пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння, якія ўзніклі ў працэсе рэалізацыі Дэкрэта № 18. Памочнік пракурора Юлія Чабан звярнула ўвагу на неабходнасць прыцягнення да працы ўсіх абавязаных асоб. Сярод тых, хто ўхіляецца ад працы, – адны і тыя ж грамадзяне.

Размова атрымалася грунтоўнай і канструктыўнай. На прыкладзе Старасвержанскага сельсавета паказана станоўчае, вартае развіцця і ўдасканалення, а таксама ўказана на  схаваныя рэзервы, над якімі варта і трэба працаваць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *