Тратуар звяжа з мікрараёнам

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

354Дарожнікі ДРБУ № 135 плануюць асвоіць у бягучым годзе на добраўпарадкаванні стаўбцоўскіх вуліц не менш за тры мільярды рублёў.   

Заключаны дагаворы з аб’яднаннем камунальных службаў на правядзенне работ па вуліцах Кветкавай, Вечаркевіча, 17 Верасня. Да прыкладу, па вуліцы 17 Верасня было распачата ў мінулым годзе ўстройванне тратуара. Сёлетняй вясной работы будуць даведзены да канца і – немалаважна – новы, значнай працягласці, тратуар звяжа ў адно гэтую транзітную вуліцу і мікрараён Акінчыцы. А ў цэлым, калі параўноўваць магчымасці дарожнікаў з патрэбамі гарадскіх вуліц у добраўпарадкаванні, то, пры наяўнасці фінансавання, гэтыя магчымасці дазваляюць ім выконваць значна большыя аб’ёмы работ на нашых вуліцах.

З надыходам вясны да дарожнікаў звяртаюцца з заяўкамі на добраўпарадкаванне не толькі камунальнікі, а і многія іншыя прадпрыемствы і арганізацыі. Запатрабаваны імі паслугі па прывядзенні ў парадак уласных вытворчых тэрыторый, тых ці іншых аб’ектаў. Так, на добраўпарадкаванне разам з асфальтаваннем тэрыторыі ажыццявіла заказ ААТ «Альба», якое рэалізуе на тэрыторыі раёна інвестпраект па будаўніцтве таварнай фарэлевай гаспадаркі. У бліжэйшых планах ДРБУ – асфальтаванне тэрыторыі  фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Здачы гэтага аб’екта з нецярпеннем чакаюць усе стаўбчане. Акрамя таго, як адзначае начальнік дарожнай арганізацыі Віталь Дзям’янка, добраўпарадкаванне вуліц і аб’ектаў замоўлена ім у Дзяржынскім і Мінскім раёнах.             

У сёлетнім сезоне на ўласным асфальтабетонным заводзе ДРБУ № 135 плануе выпусціць 25-30 тысяч тон асфальту. Пераважная яго большасць спатрэбіцца дарожнікам акурат на сваіх аб’ектах, і толькі невялікі працэнт выпушчанага будзе рэалізаваны староннім арганізацыям.

Дарожнікі мяркуюць закупіць у гэтым годзе адзін ці два 20-тонныя аўтамабілі «МАЗ». Каб развівацца, яны шукаюць магчымасці зарабіць дадатковыя сродкі. Да прыкладу, заключаны дагавор з фірмай «Сармат» на пастаўку пяску з кар’ера ДРБУ «Слабодка-2». Аб’ём паставак – 30 тысяч тон, прыкладны кошт дагавору –   мільярд рублёў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *