Да Новага года стаўбцоўскія кандытары распрацавалі новыя торты

Важное Эканомiка

«Мядовы ізумруд«, «Парэчкавае неба«, «Шакаладны барон«, «Вішнёвая магія» – ад адных толькі лірычных назваў здобы слінкі цякуць. Кандытарскі цэх райспажыўтаварыства прыступіў да святочнай выпечкі.

Распрацаваць тэхналогіі новых кандытарскіх вырабаў дапамаглі польскія тэхнолагі і спецыялісты кандытарскай вытворчасці, якія сярод беларускіх пекараў самі выбралі стаўбцоўскі кандытарскі цэх, каб правесці тут майстар-клас. Палякі прывезлі з сабой тэхналагічныя карты і разам са стаўбцоўскімі кандытарамі прыгатавалі торты, пячэнне, рулеты па новых тэхналогіях, новай рэцэптуры і з нетрадыцыйнымі інгрэдыентамі.

Аб гэтым нам расказвае кандытар Вольга Пачко, якая прадстаўляла Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства на конкурсах прафесіянальнага майстэрства і на апошнім абласным заняла другое месца.

У святочнай прадукцыі – настрой Вольгі Пачко

Да Новага года кандытары прапануюць пакупніку ражджэственскае «Венскае пячэнне» з мноствам нечаканых інгрэдыентаў, а таксама новыя торты – «Апельсінавы», «Зялёная паляна», «Вішнёвая магія», рулеты з рознымі фруктовымі начынкамі. Гэта новая прадукцыя цэха, распрацаваная сумесна са спецыялістамі польскай кампаніі, дзе закупляюцца гелі, джэмы, розныя іншыя інгрэдыенты для кандытарскай вытворчасці. Навінка гэтай прадукцыі ў тым, што торты і рулеты – вагавыя, іх можна купіць парцыённа, столькі, колькі пакупнік пажадае. Хоць гэтая прадукцыя па больш высокай цане, аднак да ражджэственскага стала нават тыя, хто жыве сціпла, дазваляюць сабе больш святочныя пакупкі. Некаторыя пакупнікі ўжо знаёмыя з названымі навінкамі, таму што яны былі прапанаваны ў продаж з дэгустацыяй.

Нам расказваюць, што ў вялікім аб’ёме будзе зроблена тая традыцыйная выпечка, якая многія гады карыстаецца попытам у мясцовых пакупнікоў і на выязным гандлі. Гэта паласа пясочная з натуральным бялковым крэмам, бісквіт «Беларускі», розныя рулеты з фруктовымі начынкамі, святочныя кексы.

Начальнік вытворчасці аддзела грамадскага харчавання Іна Александровіч звяртае ўвагу на тое, што, як і на іншых аб’ектах гандлю, у кафэ «Забава», якое працуе ў адным будынку з кандытарскім цэхам, будуць практыкавацца скідкі на святочную прадукцыю. Напрыклад, торт «Казка» і пернік «Навагодні» ўвесь снежань будуць знаходзіцца на акцыі. Многія пакупнікі аддаюць перавагу кандытарскім вырабам мясцовых вытворцаў не толькі таму, што яны маюць высокія смакавыя вартасці, але і таму, што торты і іншая кандытарская выпечка  – з натуральных прадуктаў. Тэрмін захоўвання тортаў – пяць сутак, а некаторых, як «Казка» са сметанковым крэмам, – наогул 36  гадзін.

Прафесіяналізм кандытараў запатрабаваны і ў заказах на эксклюзіўныя торты да юбілеяў, дзён нараджэння, вяселляў. Цяпер стала модным заказваць торты з адпаведным тэматычным афармленнем нават на хрэсьбіны. Начальнік аддзела грамадскага харчавання Жанна Галоўка расказвае, што кандытарам прыносяць малюнкі з інтэрнэту, і спецыялісты-практыкі такі ж торт вырабляюць па заказе. Унікальная прадукцыя стаўбцоўскіх кандытараў не раз экспанавалася на розных абласных і рэспубліканскіх святах, выставах, майстар-класах. Да Новага года ў продажы можна будзе знайсці скульптуры-цацкі з цеста ў падарунак дзецям. Такую, павышанай складанасці, прадукцыю па сілах выканаць спецыялістам кандытарскага цэха. У іх ліку такія прафесіяналы, як майстар-кандытар Ганна Шахнер, пад кіраўніцтвам якой працуюць умелыя кандытары Вольга Пачко, Ганна Пархімовіч, Жанна Нарановіч, Наталля Отт, Наталля Дубовік, Яна Шут і іншыя.

Акрамя гэтых святочных клопатаў, вытворцы, згодна з прайс-лістом, кожны дзень адпраўляюць   звыш 30 найменняў прадукцыі на ўсе гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства – райцэнтра і сельскай мясцовасці. Прадукцыю кандытарскага цэха заказваюць для продажу прыватныя магазіны і фірменныя прадпрыемствы. Апетытнымі булачкамі, пірожнымі, рулетамі з натуральнымі фруктовымі начынкамі забяспечваюць школьныя буфеты, якія працуюць у гімназіі № 1 і сярэдняй школе № 3. Гэтых ласункаў у буфетах ніколі не бывае многа. Попыт на фірменны хлеб кандытарскага цэха перавышае вытворчыя магчымасці, і яго пастаўляецца ў продаж столькі, колькі цэх мае магчымасць спячы.

Перад Ражджаством па каталіцкім календары, Новым годам і Ражджаством Хрыстовым па праваслаўным календары цэх будзе працаваць у падоўжаным вытворчым рэжыме, таму што аб’ёмы выпечкі павялічацца ўдвая. Святочная прадукцыя даставіць радасць спажыўцам і стане жаданым святочным дэсертам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *