«Стараемся задаволіць усе заяўкі». Андрэй Гарохавік аб працы майстра ў Стаўбцоўскай РЭС

Важное Эканомiка

«Стараемся задаволіць усе заяўкі. Сёння працуем у Стоўбцах, на вуліцы Дружнай», – коратка тлумачыць майстар Стаўбцоўскага РЭС Андрэй Гарохавік.

У гэты перыяд брыгадзе пад яго кіраўніцтвам давераны адзін з самых адказных участкаў – абслугоўванне і рамонт сетак вулічнага асвятлення. Замест свяцільнікаў, якія  адслужылі і выйшлі са строю, энергетыкі ўстанаўліваюць па магчымасці новыя, энергазберагальныя, якія і свецяць ярчэй, і маюць большы тэрмін службы. «На працягу 2018 года замянілі больш за тысячу свяцільнікаў. Гэтыя работы працягваюцца», – адзначае Андрэй Гарохавік.

Да энергазберагальнага эфекту, які даюць новыя свяцільнікі, неабходна дадаць і дзеючую «разумную» сістэму кіравання вулічным асвятленнем. Яго з дапамогай аўтаматызаванай праграмы «настройвае» з улікам часу сутак і пары года дыспетчар. У выпадку аварыйных сітуацый такі падыход максімальна садзейнічае іх лакалізацыі і ліквідацыі.

Брыгада пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Гарохавіка ўстанаўлівае энергазберагальныя свяцільнікі

Нягледзячы на ўмовы надвор’я, брыгада штодзённа працуе на вышыні. Стараюцца маладыя і энергічныя электраманцёры, якія добра ведаюць сваю справу і не наракаюць на цяжкасці. Брыгадзір Аляксандр Сахута працуе ў РЭСе з 2007 года, Леанід Ярмак – з 2009 года, Уладзімір Аксінчыц – з 2013 года, а ўвогуле яго стаж у энергетыцы складае каля 15 гадоў. За брыгадай замацаваны аўтапад’ёмнік, якім кіруе вадзіцель з больш чым 20-гадовым стажам Віктар Мазуркевіч. Майстар асабліва падкрэслівае адказнасць Віктара Эдмундавіча, яго гатоўнасць пры неабходнасці выйсці на працу і ў выхадныя дні.

Андрэй Гарохавік, як і яго падначаленыя, у свой час таксама прайшоў школу прафесіяналізму, пачынаючы з электраманцёра. Выпускнік Мінскага энергакаледжа, ён прыйшоў у РЭС у 2006 годзе і паралельна паступіў у ВНУ на завочную форму навучання. У 2009 годзе Андрэя Міхайлавіча прызначылі майстрам, а ў 2012 годзе ён атрымаў дыплом энергафака Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

Брыгада пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Гарохавіка – у ліку першых у Стаўбцоўскім РЭС, якая прайшла навучанне для правядзення работ на лініі пад напружаннем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *