Пра канапу-«падкідыш» і непададзеныя заяўкі

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Гэтай кучы смецця, зваленай у жылым мікрараёне горада побач з кантэйнернай пляцоўкай жыллёва-будаўнічага кааператыва «Маторабудаўнік»,  ужо не адзін месяц. Змянілася некалькі пораў года, а яна – жывучая, і ніхто не спяшаўся яе прыбіраць. Больш таго, як заяўляюць жыльцы дома, неўзабаве яна можа папоўніцца яшчэ і тым, што будзе лішнім у некага ў садзе або агародзе, –  розным галлём, травой і т. п.

Пры гэтым, звяртаем вашу ўвагу, сама кантэйнерная пляцоўка, абгароджаная з трох бакоў, чыстая. Стараецца дворнік гэтага кааператыва, ды і з боку аб’яднання камунальных службаў ачыстка кантэйнераў вядзецца штодзённа.

Але на прыкладзе гэтай доўгатэрміновай смеццевай кучы са старой канапай на пярэднім плане відавочна, што з уборкай нестандартнага, буйнагабарытнага смецця ў нашым горадзе не ўсё наладжана.

На даны момант падобнае смецце аб’яднанне камунальных службаў вывозіць згодна з заяўкай. Паслуга платная. Уласнікам гэтай кантэйнернай пляцоўкі з’яўляецца ЖБК «Маторабудаўнік», таму і падача заяўкі ўваходзіць у абавязкі старшыні кааператыва.

– Пры падачы заяўкі нестандартнае смецце вывозім максімум на працягу трох дзён. Праблем з вывазам не існуе, – падкрэслівае майстар АКС Андрэй Смоўж.

Але ў даным выпадку заяўка пададзена не была. «Гэта смецце не нашых жыльцоў, чаму мы павінны плаціць за яго вываз?» –  такую прынцыповую пазіцыю заняла старшыня кааператыва. Сапраўды,  горад і яго двары ў любым выпадку павінны быць чыстымі і – сваім парадкам – дастаўляць жыхарам задавальненне.   

Зразумела, што на тых падкінутых канапах і сапраўды не напісана, каму яны служылі, а ўсцяж па перыметры з ЖБК «Маторабудаўнік» знаходзіцца шмат якіх дамоў. Пайдзі даведайся, хто несумленны… Калі мы знаходзіліся на месцы, адзін з жыльцоў ЖБК «Маторабудаўнік», рэагуючы на ганебны факт са смеццем, паказаў рукою на канкрэтную кватэру ў доме па вуліцы Свярдлова (праз дарогу ад кантэйнернай пляцоўкі). Там вокны заменены на пластыкавыя. Магчыма, у гэтай кватэры  ішоў рамонт, і яе ўладальнікі захацелі своеасабліва, за чужы кошт, пазбавіцца ад непатрэбнага. Выклік трактара абышоўся б ім прыкладна ў 200 тысяч рублёў. А так – «халява», бо за руку не былі схоплены… Шкада, што па гарачых слядах не быў запрошаны ўчастковы інспектар міліцыі. Пры ўстанаўленні вінаватага штраф быў бы такі, што пятаму б заказалі рабіць калі яшчэ такое…

На жаль, псіхалогія многіх нашых людзей застаецца далёкай ад паняццяў санітарнай культуры. Літаральна падчас падрыхтоўкі да друку гэтага матэрыяла паступіў свежы сігнал: пад плот прыватнага дома (праўда, пустога) па завулку Я. Коласа, 13, суседзі «запускаюць» сваіх «падкідышаў» – пакеты са смеццем.      

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, які адсочвае і ацэньвае ўтрыманне тэрыторыі горада Стоўбцы і сельскіх населеных пунктаў раёна, бачыць выйсце ў тым, каб усе жыллёва-будаўнічыя кааператывы ў Стоўбцах уключыць у графік планава-рэгулярнага вывазу цвёрдых камунальных адходаў, выключыўшы заявачны прынцып, у тым ліку і адносна вывазу буйнагабарытнага смецця з кантэйнерных пляцовак, а таксама павялічыць кратнасць вывазу смецця з прыватнага сектара ў горадзе і сельскіх населеных пунктах.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Р.S. Пакуль вярстаўся нумар,  смецце было прыбрана. Спадзяемся, што чыста будзе і далей, жыльцы суседніх дамоў не стануць «кампрамеціраваць» кантэйнерную пляцоўку ЖБК «Маторабудаўнік».

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *