Лясны гадавальнік Стаўбцоўскага лясгаса вырошчвае навагоднія ёлачкі

Важное Эканомiка

У базісным лясным гадавальніку Стаўбцоўскага лясгаса растуць будучыя навагоднія ёлачкі, якія потым з задавальненнем набудуць заказчыкі. Акрамя таго, пасадачны матэрыял з гадавальніка штогод трапляе ў лясніцтвыдля пасадкі і дапаўнення адмысловых навагодніх плантацый.

Пушыстыя навагоднія прыгажуні – гэта сапраўдны цуд, ад якога не адвесці вачэй. Але прыроднага хараства не было б, калі б не намаганні лесаводаў. Гэта іх рукамі, з зярнятка-насення, песціцца прыгожае дрэўца.

– За колькі яно вырастае? – цікавімся ў гаспадыні гадавальніка Валянціны Сахар.

– За 7-9 гадоў. Першыя два гады – у пасяўным аддзяленні, наступныя два  – у школьным, пасля дрэўца трапляе для дарошчвання ў навагоднія плантацыі ў лясніцтвах. Традыцыйна ў якасці сімвала Новага года выступае еўрапейская ёлка, хаця жадаючым мы можам прапанаваць і сасну. У апошнія гады папулярнасць набылі навагоднія дрэўцы ў кадушках, што вельмі экалагічна. Сёлета ўпершыню ў Беларусі праходзіць акцыя «Захаваем сімвал свята», якая прапануе беларусам набыць навагоднія дрэўцы менавіта ў кадушках, гаршках або скрынях, захаваць іх да вясны (напрыклад, на балконе або дачы) і высадзіць у бліжэйшым лясніцтве падчас вясенняй акцыі «Тыдзень лесу». Такім чынам, будзе магчымасць унесці ўклад у азеляненне малой радзімы.

Папулярнасцю карыстаюцца навагоднія ёлкі і ў кадушках, як гаворыць Валянціна Сахар

Ужо ў першай дэкадзе снежня ў гадавальнік пачалі паступаць заказы на навагоднія ёлкі. Асноўныя з іх ужо выкананы, таму лесаводы Святлана Вахнер, Галіна Сідорык і Валянціна Гарбуз (брыгадзір) нарыхтоўваюць святочныя букеты з галінак сасны. Кажуць, яны добра разыходзяцца падчас ёлачных кірмашоў у сталіцы, куды традыцыйна выязджае лясгас напярэдадні Ражджаства і Новага года. Але асноўны занятак работнікаў гадавальніка ў гэтую пару – нарыхтоўка шышак сасны. Рыхтуецца задзел пад новы пасадачны матэрыял. Невялікай брыгадай ужо назапашана каля адной тоны шышак.

Гарачая пара ў гадавальніку будзе вясной, калі ў лясгасе пачнецца пасадка лясных культур, а ў населеных пунктах – азеляненне і добраўпарадкаванне. Гадавальнік прапануе больш за 40 відаў розных культур. Пасеў і догляд сеянцаў і саджанцаў – гэта фактычна бесперапынны круглагадовы цыкл.

З гадавальнікам звязалі сваё жыццё (злева направа) Галіна Сідорык, Валянціна Гарбуз і Святлана Вахнер

У жанчын-лесаводаў – усмешкі на тварах, хоць умовы іх працы камфортнымі ніяк не назавеш. Да гэтага трэба дадаць яшчэ і капрызы надвор’я.

– Работа фізічная, грэе. Для сябе мы ўжо і не бачым іншага занятку, – не губляе аптымізму Святлана Вахнер.

Жаночая брыгада складаецца са старажылаў. Усе жывуць недалёка ад гадавальніка, у навакольных вёсках. Гадавальнік раскінуўся больш чым на 20 гектарах побач з Атцэдай, сярод лесу. На яго тэрыторыі ёсць бытавое памяшканне з печкай, дзе можна абагрэцца, прасушыць адзенне, прыгатаваць чай. Лесаводы прызнаюцца, што фактычна не хварэюць – за многія гады работы на свежым паветры выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт.

І ці толькі імунітэт? Прафесіяналізм – першая ўмова, без якой не абысціся работнікам гадавальніка. Дасканалае веданне справы ў спалучэнні з высокай агратэхнікай дае добры вынік. Так, сёлета вырашчаны ў гадавальніку 4 мільёны 700 тысяч штук пасадачнага матэрыялу. У дапамогу работнікам – комплекс абсталявання  польска-дацкай фірмы «Эгедал» для ажыццяўлення пасеву, культывацыі і іншых работ па доглядзе культур. Для «экзотаў» прадугледжана цяплічная гаспадарка.

Работнікі гадавальніка, якія далі нараджэнне тысячам навагодніх дрэўцаў, як і ўсе мы, святкуюць Новы год з ёлачкай. Дома ўпрыгожваюць дрэўца для дзяцей, унукаў. Радасць напаўняе душу, а хату – незвычайны водар лесу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *