«Прамень» для мяне – абавязковая газета». Чытачы раёнкі аб любімым выданні

Главное Соцыум

Напярэдадні Новага года мы пагутарылі з нашымі падпісчыкамі і чытачамі, з якімі пазнаёміліся на гарадскім аддзяленні паштовай сувязі падчас дня падпісчыка. Яны перадалі свае пажаданні раённай газеце і ўсім жыхарам Стаўбцоўшчыны.

Марына Бохан:

– «Прамень» адразу купляла ў кіёску, цяпер – выпісваю. Паштальён Тамара Бохан, мая цёзка па прозвішчы, гатова аформіць падпіску ў любы час. Люблю пачытаць свежы нумар «Праменя». Як повар па прафесіі звяртаю ўвагу на рэцэпты, дамашнія нарыхтоўкі. Усёй сям’ёй сустракаем святы, адзначаем дні нараджэння. Рыхтую для блізкіх нешта асаблівае. Праўда, навагодніх заявак мне пакуль не паступала. Дзеці і ўнукі палюбілі салат «Сняжынка», з ананасам і курыцай, адбіўныя «Асенні букет» і, безумоўна, ім вельмі падабаюцца дамашнія піражкі. Іх выпечкай займаюся і на рабоце, у кафэ «Спатканне». У нашым кафэ часта адзначаюць юбілеі, карпаратывы. Стараемся, каб заказчыкі засталіся задаволенымі. Новы год чакаюць усе і спадзяюцца, што ён будзе шчаслівым.

Сяргей Паляшук:

– Мне нават цяжка прыгадаць, колькі мы выпісваем «Прамень». Напэўна, гадоў каля дваццаці. Цешча таксама выпісвае раёнку. У нас гэта традыцыя. Што чытаю? Тое, што зацікавіла, прыцягнула ўвагу, ад першай старонкі да апошняй. Пішаце вы і пра нас, дарожнікаў, нашы справы. Па вечарах чытаем газету разам з дзецьмі. У мяне вялікая сям’я. Маю чацвёра дзяцей. Старэйшаму сыну – 22, ён адслужыў у арміі, працуе ў сваім раёне на прадпрыемстве «Фрэор Рэфрыгерайшн». Самаму малодшаму споўнілася два годзікі. Жонка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Клопатаў, цяжкасцяў дастаткова, але імкнёмся агульнымі намаганнямі з імі спраўляцца. Жыццё радуе, дзеці растуць. Думаю, у новым годзе будзе ўсё добра.

Вікторыя Чарняцова:

– У нашай сям’і «Прамень» і іншыя газеты выпісвае бабуля, Барташэвіч Рэгіна Вацлаваўна, а чытаем усе. Цікавую інфармацыю можна прачытаць у розных матэрыялах, ад навін да аб’яў. Знаходзім тое, што нам патрэбна. Месяц таму ў нас з мужам нарадзілася трэцяе дзіця, сын Цімафей, таму спадзяёмся пабудаваць кватэру ў Стоўбцах з дзяржаўнай падтрымкай. Рыхтуем дакументы, каб стаць на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. У наступным годзе наша старэйшая дачка – Марыя – пойдзе ў першы клас. Сыну Дзмітрыю – няма двух гадоў. Муж – на працы, забяспечвае сям’ю. Вось адлучылася на пошту, малых пакінула на бабулю і дзядулю. Без іх падтрымкі маладой матулі як без рук. Маё галоўнае пажаданне ў новым годзе – каб дзеці былі здаровымі, у кожнай сям’і панавалі мір і дабрабыт.

Уладзімір Лявіцкі:

– «Прамень» для мяне – абавязковая газета. Выпісваю яе пастаянна, прычым стараюся адразу на паўгода, каб не мець лішняга клопату. Паштальён прыходзіць дадому і прапануе аформіць падпіску. Мяне цікавіць усё, што друкуецца ў газеце. Я на пенсіі, таму чытаю ўсё ўважліва, магу вярнуцца да якога-небудзь артыкула некалькі разоў. Адпрацаваў 43 гады. На заслужаны адпачынак пайшоў з водаканала Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў. Многіх людзей ведаю. Здароўе не дазваляе чым-небудзь заняцца, маю другую групу інваліднасці, але і без работы не сяджу. Езджу ў Вечатарова даглядаць старэнькую матулю. Ёй 93 гады. У новым годзе жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, цяпла і ўзаемаразумення.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

1 комментарий по теме “«Прамень» для мяне – абавязковая газета». Чытачы раёнкі аб любімым выданні

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *