Мікалая Камяка мы сустрэлі ў цэху філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. На прывітанне ён адгукнуўся шчырым беларускім «Добры дзень! Чым магу быць карысны?». Прыгледзеліся – а на яго бэйджы – таксама ўсё па-беларуску.
Прыемна было чуць родную мову (заўважу: не сумнавядомую трасянку) у цэху прамысловага гіганта Стаўбцоўшчыны. Хоць чалавечы голас заглушаў гул станкоў, але нашы словы ў ім не гублялі мілагучнасці. Скажу шчыра: носьбітаў роднай мовы не заўсёды сустрэнеш і ў так званым гуманітарным калектыве, не кажучы пра калектыў «тэхнароў».
І вось менавіта «тэхнар» Мікалай Камяк аказаўся цвёрдым і паслядоўным беларусам, які ўсё сваё справаводства вядзе выключна па-беларуску. А гэта інструкцыі, справаздачы і іншая складаная дакументацыя. Пакрысе прывучыў да роднай мовы і сваіх калег. Яны пішуць па-беларуску заявы на імя майстра. Свайго майстра яны паважаюць і знаходзяць з ім агульную мову.
Беларусам, як сведчыць Мікалай Камяк, ён быў усё свядомае жыццё. Нарадзіўся ў Нясвіжскім раёне. На філіяле працуе з 1998 года, з 2005 года – майстрам.
Калі чуеш спрэчкі пра дзве дзяржаўныя мовы ў нашай краіне і цяжкасці па той прычыне, што ніхто не размаўляе па-беларуску, хочацца запярэчыць. Хто хоча, той будзе беларусам. Ён проста бярэ і размаўляе на сваёй мове. Усё атрымаецца. Вопыт Мікалая Камяка – таму яскравы прыклад.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ