ТАА «СЖК»Налібакі» — флагман па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі

Важное Сельская гаспадарка

ТАА «СЖК «Налібакі» – у ліку лепшых таварыстваў раёна. Яно зяўляецца флагманам па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Сёлета работнікі таварыства чарговы раз пацвердзілі званне наймацнейшых. Прадукцыйнасць дойнага статка тут па-ранейшаму самая высокая. Працаўнікі фермаў спрацавалі з прыбаўкай і, па папярэдніх падліках, надояць у сярэднім ад кожнай каровы звыш васьмі з паловай тысяч кілаграмаў малака. Дасягнуты пэўныя поспехі ў мясным цэху. Павялічылася вытворчасць ялавічыны, вырашчана больш за 660 тон мяса ў жывой вазе.

– Бягучы год выдаўся для нас у цэлым нядрэнным, – расказвае дырэктар Віталій Кушнер. – Жывёлагадоўчая галіна на ўздыме. Нават у раслінаводстве мы здолелі, нягледзячы на складаныя ўмовы  надвор’я, заняць чацвёртае месца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна па ўраджайнасці збожжавых культур. Восенню заклалі трывалы падмурак будучага ўраджаю і спадзяёмся на высокі вынік. Нарыхтавалі больш, чым летась, і якасных травяных кармоў.

Галоўны эканаміст Таццяна Лойка, бухгалтар Ядвіга Пажога, галоўны бухгалтар Яніна Ліпніцкая, бухгалтар Надзея Півавар

У таварыстве падабралася выдатная каманда аднадумцаў-спецыялістаў. Галоўным заатэхнікам на працягу доўгага часу працуе Уладзімір Чарняўскі. Дзякуючы яго вопыту і ведам, а таксама намаганням жывёлаводаў паступова павялічваюцца паказчыкі ў жывёладоўчай галіне. Працягвае сямейную дынастыю Уладзіміра Чарняўскага сын – Віталій, які пасля заканчэння сельскагаспадарчай навучальнай установы прыйшоў на работу ў гаспадарку і нядаўна прызначаны на пасаду брыгадзіра МТФ «Налібакі». Менавіта на гэтай ферме пабудавана гаспадарчым спосабам новае жывёлагадоўчае памяшканне пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы з убудаванай даільнай залай. Тут створаны належныя ўмовы не толькі для работы, але і сацыяльна-бытавыя.

Брыгадзір фермы «Налібакі» Віталій Чарняўскі

Лідзіруе па надоях малака калектыў МТФ «Целяхі» (брыгадзір Павел Юргель), на другім месцы  – МТФ «Церабейнае» (брыгадзір Алена Шапялевіч), на трэцім – МТФ «Цэнтр» (брыгадзір Ірына Жвірбля), якія ўшчыльную наблізіліся да дзевяцітысячнага рубяжу. Да васьмітысячнай вяршыні падыходзіць калектыў МТФ «Пруды» (брыгадзір Павел Міхно).

Пастаянна на высокім узроўні ўзнаўленчая работа. Шчыра працуюць тэхнікі-асемянатары Валянціна Мусік і Святлана Даргевіч, якія сёлета сталі лепшымі сярод калег у раённым конкурсе-атэстацыі. У агульным поспеху немалая заслуга галоўнага ветурача Вячаслава Вільняўца. Асаблівай стараннасцю вылучаюцца аператары машыннага даення Святлана Бабрыковіч, Ганна Саланкевіч, Алена Гаптар, Алеся Дубіцкая, Святлана Рынкевіч, Жанна Калпак, Галіна Чыжэўская, Валянціна Стасевіч. Яны лепшыя сярод сваіх калег і сярод калег раёна. Своечасова корміць жывёлу, працуючы на кормараздатчыку, Генадзій Чарняўскі.

Аператары машыннага даення Алеся Дубіцкая і Наталля Шаляпёнак

Наладжаны адкорм буйной рагатай жывёлы. Дзякуючы праведзеным рэканструкцыям і паўнацэннаму кармленню павялічыліся сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў. Жывёлаводы фермы «Пільніца», якой кіруе Сяргей Богдан, дасягнулі кілаграмовых прываг. Стабільна працуе калектыў МТФ «Янкавічы» (брыгадзір Аліна Шумчык). Стараюцца жывёлаводы  Ядвіга Чарняўская, Ганна Камейша, Настасся і Аляксей Акулікі, Франц Карніцкі.

Механізатары Сяргей Паляшчук і Павел Ляпніцкі

Ёсць таварная прадукцыя, а значыць – і грошы. Фінансавае палажэнне стабільнае, што дазваляе таварыству развівацца далей, у прыватнасці закупляць новую тэхніку. Машынна-трактарны парк істотна папоўніўся, што дазваляе своечасова спраўляцца з выкананнем розных палявых работ. Сёлета набылі два энерганасычаныя трактары, кормараздатчык «Хозяин», прэс-абмотчык, касілку. Рупяцца механізатары Аляксандр Шаламоўскі, Анатолій Маскалевіч, Генадзій Доўнар.

Загадчыца склада Аліна Шумчык, вадзіцель Анатолій Вялічка, слесар Міхаіл Ліпніцкі, механізатары Павел Ціхановіч і Аляксандр Жыбуль

Працуюць у таварыстве і над вырашэннем жыллёвай праблемы. Для  людзей, якія прыехалі на работу ў гаспадарку, купілі сёлета ў Налібаках два дамы. У далейшых планах – будаваць новае жыллё. Такім чынам, адначасова будзе здымацца і праблема кадраў. Сярэдняя заработная плата ў таварыстве дастойная і складае сёння 900 рублёў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *