Конкурс «Я — даследчык» прайшоў на Стаўбцоўшчыне

Адукацыя Главное

«Раскажы – і я забудуся, пакажы – і я запомню, дай паспрабаваць – і я зразумею», – так гаворыцца ў кітайскай прыказцы.

Вось чаму юныя знаўцы кожны год прымаюць удзел у конкурсе даследчых работ дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Я – даследчык». І 2018-ты не стаў выключэннем. Конкурс праходзіў два дні. Месцамі яго правядзення сталі дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы і гімназія № 1.

Да ўвагі журы былі прадстаўлены 53 работы даследчага характару з 31 установы адукацыі (13-ці дашкольных і 18-ці – агульнай сярэдняй адукацыі) – 17 даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту, 36 – навучэнцаў 1-4 класаў.

Даследчыя работы дзяцей дашкольнага ўзросту былі прадстаўлены ў наступных намінацыях: «Дзіця і прырода», «Незвычайнае ў звычайным»,»Бюро знаходак», «Мая Радзіма Беларусь».

Ад самых юных ўдзельнікаў конкурсу можна было даведацца, напрыклад, чаму ў птушак не мерзнуць лапы зімой. Былі раскрыты тайны  імёнаў знакамітых бонстыкаў. Даследчыкі паведамілі журы пра мёд, які не капае,  расказалі, чаму ў кошкі вочы свецяцца, а таксама чаму курыныя яйкі розныя.

Малодшыя школьнікі прадставілі свае даследаванні ў намінацыях: «Матэматыка, фізіка, тэхніка, робататэхніка»; «Прыродазнаўства (жывая прырода)»; «Прыродазнаўства (нежывая прырода)»; «Гуманітарныя веды».

Дзеці – прыроджаныя даследчыкі. Гэты свет для іх поўны таямніц і цудаў. У працэсе сваёй даследчай актыўнасці яны пераўтвараюць простую дзіцячую цікаўнасць у найкаштоўнейшую якасць – пазнавальную патрэбнасць, так неабходную ім у сучасным дынамічным свеце.

Найбольш ярка ўменні і навыкі даследчыкаў выявіліся ва ўласных творчых пошуках. Напрыклад, як падоўжыць жыццё мыльнай бурбалкі, чаму валасы не сеюць, не саджаюць, а яны самі вырастаюць. Даследчыкі паведамілі, што прысмакі не толькі для радасці, але і для пісьменнасці, расказалі аб тым, навошта зайцу патрэбны доўгія вушы. Рыхтуючыся да конкурсу, юныя даследчыкі вывучалі, як зарабіць свае першыя грошы, вырабіць асвяжальнік паветра і інш.

У рамках мерапрыемства прайшлі стэндавая абарона работ з элементамі інтэрв’ю і гутаркі, кірмаш даследчых праектаў. Для дзяцей і іх бацькоў былі арганізаваны студыі выяўленчага мастацтва, спартыўныя навагоднія забавы, танцавальны калейдаскоп, «караоке»-клуб, фотазона. Педагогі дадатковай адукацыі Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі правялі для юных даследчыкаў майстар-класы, а супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры – забаўляльнае мерапрыемства з удзелам казачных герояў «Зімовыя забавы».

Па выніках конкурсу, усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама. Восем даследчыкаў, сярод якіх выхаванцы дашкольных устаноў адукацыі – Аляксандра Калбаска (яслі-сад № 4 г. Стоўбцы),  Валерыя Стонька, Арцём Ражко (дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы), Дзіяна Шчарбацэвіч (Старасвержанскі сад), навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі – Аляксей Караневіч (гімназія № 1 г. Стоўбцы), Марыя Вяршэня, Васіліса Гамза, Мацвей Шпакоўскі (сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы), атрымалі «пуцёўку» на абласны этап конкурсу.

Немагчыма ўявіць, аб чым яшчэ паведамяць нашы даследчыкі ў наступным годзе, аднак падтрымка і развіццё інтэлектуальна-творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту знаходзіць водгук у кіраўніцтва нашага раёна і вобласці. Жадаем вам поспехаў і новых перамог!

Яўгенія Слесарчык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *