5 студзеня — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

Главное Соцыум

У 2019 годзе адзначаецца 100-годдзе сацыяльнай службы Рэспублікі Беларусь. Гэтая юбілейная дата, а таксама прафесійнае свята сталі нагодай наведаць раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які ажыццяўляе шматгранную дзейнасць, аб чым мы даведваемся  падчас інтэрв’ю з супрацоўнікамі арганізацыі.

Дырэктар Святлана Блашко (у цэнтры) з юрысконсультам Таццянай Бурновіч і намеснікам дырэктара Наталляй Усціновіч

Святлана БЛАШКОдырэктар:

– Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў адкрыты ў 2004 годзе. Ён разрастаўся, і на сучасны момант працуе пяць аддзяленняў. У штаце цэнтра 140 супрацоўнікаў, 88 з іх – сацыяльныя работнікі. Пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама за апошнія чатыры гады нашым калектывам праведзена значная работа па развіцці новых форм сацыяльных паслуг. У аграгарадку Налібакі арганізавана дзейнасць стацыянарнага сацыяльнага пункта, работу якога забяспечвае Наталля Давыдзенка. Год таму ў вёсцы Літва адкрыты Дом сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей. Работа нашага цэнтра непарыўна звязана з цэнтральнай раённай бальніцай, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, аддзелам унутраных спраў, сельскімі выканаўчымі камітэтамі, рэлігійнымі і грамадскімі арганізацыямі раёна. Усе разам мы клапоцімся аб людзях і дзякуем усім за супрацоўніцтва. У сацыяльнай рабоце няма абсалютна аднолькавых сітуацый. Наш калектыў лёгка арганізаваць на любую справу. Мэтанакіраванасць усіх маіх калег настройвае на тое, што няма задач, якіх нельга выканаць, – патрэбна толькі знайсці нестандартнае рашэнне. У цэнтры працуюць як моладзь, так і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Гэта гаворыць аб тым, што сістэма сацыяльнага абслугоўвання мае будучае.

Загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Анастасія Мельнікава (у цэнтры) са спецыялістамі Марыяй Глебка, Наталляй Трафімчык, Таццянай Мамайка, Таццянай Мяцельскай і Вольгай Жыжко

Наталля Усціновіч, намеснік дырэктара:

– Ля вытокаў дзейнасці цэнтра стаяў яго першы дырэктар – Уладзімір Стома. Шмат сіл і энергіі Уладзімірам Сямёнавічам аддадзена стварэнню і развіццю сістэмы сацыяльнага абслугоўвання ў даверанай яму новай установе. Ён умеў працаваць з людзьмі: заўсёды быў ветлівым, уважлівым, добразычлівым. Гэтаму вучыў і сваіх падначаленых. І цяпер Уладзімір Сямёнавіч у нашым цэнтры не толькі жаданы госць, але і добры дарадчык і надзейны сябар.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Валянціна Дубіцкая (у цэнтры) са спецыялістамі Таццянай Місюкевіч, Святланай Калоша, Таццянай Бруй

Валянціна Дубіцкая, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму:

– Надомнае абслугоўванне з’яўляецца самым запатрабаваным відам сацыяльнай дапамогі. На комплексным абслугоўванні на даму штогод знаходзяцца каля 800 пажылых грамадзян і інвалідаў, якіх абслугоўваюць 88 сацыяльных работнікаў. Больш за 15 гадоў гэтую важную работу – догляд нямоглых людзей – выконваюць сацыяльныя работнікі Людміла Гамза, Кацярына Кажамяка, Кацярына Богдан, Ірына Емяльяненка, Марына Якусік, Жанна Райская, Валянціна Паплаўская, Іосіф Чарняўскі, Валянціна Угрыновіч, Наталля Мамонька. Вялікі вопыт работы маюць інспектары па асноўнай дзейнасці Таццяна Місюкевіч, Жанна Падасецкая, Таццяна Бруй, Святлана Калоша. У нас працуюць 16 сядзелак, 9 нянь аказваюць дапамогу сем’ям, у якіх нарадзіліся двойні. Укаранёны такія інавацыйныя формы жыццяўладкавання грамадзян пажылога ўзросту, як гасцявая сям’я, прыёмная сям’я, дамы зімоўкі. Штодзённа клапоцячыся аб грамадзянах, наша служба пацвярджае сацыяльную накіраванасць дзяржавы і яе сілу.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Алена Юхноўская (у першым радзе справа) са спецыялістам па сацыяльнай рабоце Марыяй Яўстратчык і псіхолагамі Інай Сенька і Святланай Колпак

Алена Юхноўская, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі:

– Чалавек у сваім жыцці можа сутыкнуцца з сітуацыямі, у якіх складана разабрацца ў адзіночку. З ліпеня 2014 года ў нашым цэнтры аказваецца паслуга часовага прытулку. Грамадзянам, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, прадастаўляецца крызісны пакой. Тут ім аказваюць псіхалагічную дапамогу. Больш за 25 асоб з ліку дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, атрымліваюць паслугу па суправаджэнні ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Запатрабаваны  паслугі салона «Міласэрнасць» па атрыманні гуманітарнай дапамогі ў выглядзе адзення, абутку, пасцельнай бялізны. Штогод мы праводзім раённыя дабрачынныя і міжведамасныя акцыі. Праз пункт пракату стараемся прадаставіць грамадзянам тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. Мы рэалізуем сацыяльныя праекты, у тым ліку і сумесныя са Стаўбцоўскім благачыннем Беларускай Праваслаўнай Царквы, для дзяцей-сірот, грамадзян, якія прыбылі з месцаў пазбаўлення волі, людзей з інваліднасцю, грамадзян пажылога ўзросту, якія наведваюць тэрытарыяльны цэнтр.

Галоўны бухгалтар Жанна Калеснік (у цэнтры) з бухгалтарам Аленай Харынай і эканамістам Таццянай Кухарчык

Наталля Макава, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў:

– У нашым аддзяленні забяспечваецца дыферэнцыраваны падыход да людзей з інваліднасцю: створана мэтавая група для асоб з множнымі фізічнымі ці псіхічнымі парушэннямі, арганізавана работа ў дзвюх майстэрнях. З ліпеня 2015 года сем’і з дзецьмі-інвалідамі на платнай умове карыстаюцца паслугай «Сацыяльная перадышка» ў выхадныя дні. Спецыялісты аддзялення Наталля Курыла і Аксана Жыбуль арганізоўваюць фізкультурна-аздараўленчую дзейнасць і адпачынак нашых падапечных. Вырабы, выкананыя інвалідамі ў працоўных майстэрнях пад кіраўніцтвам Таццяны Шаўчук і Ірыны Кізенковай, рэалізуюцца на кірмашах. Варта адзначыць і такі напрамак дзейнасці, як аздараўленне маладых інвалідаў у лагеры Дыяканічнага дома сацыяльнага служэння ў в. Тарасава і ў летнім аздараўленчым цэнтры «Аист» Беларускага дзіцячага хоспіса праз сістэму дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Загадчык аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс з кіраўніком гурткоў Людмілай Няверавай

Сяргей Есіс, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту:

– Наша аддзяленне маладое, было арганізавана ў 2015 годзе. Больш за 70 чалавек залатога ўзросту з’яўляюцца яго жаданымі наведвальнікамі. Штогод паслугай дзённага прыгляду карыстаюцца ў сярэднім пяць грамадзян пажылога ўзросту. Кіраўнік гурткоў Людміла Няверава ўмела арганізоўвае творчыя заняткі з 16 пажылымі грамадзянамі на платнай умове. Наведвальнікі нашага аддзялення зацікавіліся заняткамі па скандынаўскай хадзьбе, так як і навучаннем камп’ютарнай грамаце. Пажылыя людзі дэманструюць свае таленты ў гуртку харавых спеваў «Родны кут». Мы ўдзячны нашым валанцёрам Яўгенію Карпуцю, Веры Карнаухавай, Марыі Яфрэмавай, Алене Гундзіловіч і іншым за іх старанні ў арганізацыі цікавага адпачынку для пажылых людзей.

Пакуль мы мелі зносіны з супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра, галоўны бухгалтар Жанна Калеснік, эканаміст Таццяна Кухарчык, бухгалтар Алена Харына падводзілі неабходныя рахункі на завяршэнні фінансавага года. Іх праца таксама ўносіць стабільнасць у размераны рытм творчага калектыву цэнтра.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *