Магазін «Сельская лаўка» запрашае па пакупкі

Важное Сельская гаспадарка

У ведамасны магазін «Сельская лаўка», які належыць ААТ «Дзераўное», завозяць разнастайны асартымент харчовых тавараў. На паліцах і ў халадзільных вітрынах – прадукты на любы густ, хоць зала  невялікая па памерах. І што немалаважна, яны маюць даволі прымальную цану. У магазіне пастаянна ёсць пакупнікі. Асабліва шматлюдна ў той дзень, калі завозяць тавар. Таварыства супрацоўнічае з рознымі вытворцамі, якія выпускаюць мясную, рыбную і малочную прадукцыю, хлебабулачныя, макаронныя, кандытарскія вырабы і іншыя. Цесныя стасункі ў першую чаргу з ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», Клецкім філіялам ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» і Стаўбцоўскім філіялам ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». На названыя вышэй прадпрыемствы гаспадарка пастаўляе сваю сыравіну – бычкоў, малако і цукровыя буракі адпаведна. Немалым попытам карыстаецца прадукцыя СВК «Агракамбінат «Сноў».

Прадавец Галіна Рысявец і загадчыца магазіна Часлава Гаптар

Пакупнікоў ветліва і культурна абслугоўваюць загадчыца магазіна Часлава Гаптар, якая адначасова спалучае абавязкі прадаўца, і прадавец Галіна Рысявец. Абедзве жанчыны маюць немалы вопыт работы ў гандлі. Часлава Станіславаўна аддала гэтай прафесіі чвэрць стагоддзя. Яна падкрэслівае: вясковыя людзі задаволены тым, што цяпер на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ёсць і запатрабаваны магазін. Не трэба далёка ісці, і за раз можна купіць самыя неабходныя прадукты харчавання. Дарэчы, работнікі таварыства могуць набыць тавар у лік заработнай платы. Штодзённая грашовая выручка ад продажу тавараў неблагая, што таксама пацвярджае запатрабаванасць магазіна сярод вяскоўцаў. Нярэдка спыняюцца ля гандлёвай кропкі і заходзяць, каб набыць патрэбную прадукцыю, і гараджане, якія едуць да сваіх блізкіх. Такім чынам, «Сельская лаўка» на роўных канкурыруе з усімі магазінамі, якія размешчаны ў аграгарадку Дзераўная.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *