Праект «Праменя»: Сям’я. Царства Нябеснае ўнутры вас ёсць

Важное Соцыум Сям'я

Вячаслаў Мышко ў нашым горадзе вядомы тым, што ўзначальвае цэнтр, які аказвае рытуальныя паслугі насельніцтву. Калі мы рыхтавалі рэкламную паласу аб гэтай службе, было вельмі прыемна і, не скрыем, нечакана даведацца, што ён – шматдзетны бацька, у яго сям‘і растуць чацвёра дзетак – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. І нам захацелася бліжэй пазнаёміцца з гэтай сям’ёй.

Нашы надзеі апраўдаліся:  мы з радасцю  ўбачылі ў гэтым доме хрысціянскі ўклад жыцця.

Сям’я Вячаслава і Кацярыны Мышко склалася дзевяць гадоў назад. Абое яны стаўбчане. З моманту іх знаёмства да вяселля прайшло паўгода, якіх Кацярыне хапіла, каб убачыць у Вячаславе надзейнага чалавека, якому можа аддаць сваё сэрца, а Вячаславу з радасцю выявіць у Кацярыне тыя якасці, якія дапамаглі ёй адбыцца жонкай-хрысціянкай.

На час іх знаёмства Вячаслаў меў ужо свой бізнес, цвёрда стаяў на нагах. Адразу ён быў уладальнікам камп’ютарнага клуба, потым меў прыватныя магазіны камп’ютарнай і бытавой тэхнікі. Кацярына была студэнткай універсітэта культуры і мастацтваў і салісткай вядомага сталічнага харэаграфічнага калектыву, які часта выязджаў на гастролі за мяжу. Паставіўшы ў прыярытэт замужжа, Кацярына перавялася на завочнае аддзяленне ўніверсітэта, пакінула харэаграфію і з радасцю прысвяціла сябе занятку маці і жонкі.

У іх было двое дзяцей, калі Вячаслаў прыняў рашэнне арганізаваць першую ў раёне службу пахавальных паслуг. Патрэбна было мець пэўную смеласць, быць гатовым перанесці здзекі, насмешкі: маўляў, будзе абагачацца на якім бізнесе. Нават бацька Вячаслава, рэжысёр па спецыяльнасці, былы дырэктар кінатэатра «Беларусь», стаў «у позу»: ён усё жыццё арганізоўваў адпачынак у горадзе, а тут сын будзе хаваць людзей. І Вячаслаў даверыў свае планы свяшчэнніку. У адказ атрымаў благаславенне з такой падтрымкай, што бацька яшчэ папросіць прабачэння. Цяпер Хрыстафор Баніфацыевіч – першы памочнік сына, і нават узначальвае адну з даччыных фірмаў, таму што цэнтр мае філіялы ў двух суседніх раёнах.

– Мне было вельмі няпроста  першым часам, – расказвае Вячаслаў Хрыстафоравіч. – Гэтая справа многімі ўспрымалася як нешта такое, што на задворках жыцця, у чорных фарбах. Аднак з кожным годам я пачынаю глыбей і глыбей разумець, што рыса пераходу з зямнога жыцця ў вечнасць – вельмі важная, і нічога банальнага тут няма. Гэта вялікая ноша для мяне, на самай справе, аднак калі Гасподзь мне даверыў яе, я яе павінен несці з адказнасцю, таму што кожнаму з нас прыйдзецца даць адказ за тое, як мы выконвалі сваю работу, і наогул, як мы жылі, як адносіліся да людзей. Я перакананы, што нішто не можа перашкодзіць нікому ў любой сітуацыі заставацца чалавекам. Мне многія часам кажуць: «Як ты не цураешся сам падняць дамавіну і ўдзельнічаць у арганізацыі пахавання, з’яўляючыся дырэктарам?» Так, я не цураюся, грош цана мне, калі я буду лічыць гэта ганебным. Я шмат перанасіў нябожчыкаў на сваіх плячах. Калі здараецца, што хтосьці з майго штату не можа выйсці на работу, я станаўлюся на яго месца і выконваю ўсё, што патрэбна для арганізацыі пахавання. Правесці ў апошні шлях чалавека, знаёмы ён табе ці не, – святая справа. Сваім хрысціянскім абавязкам лічу і паставіць свечку ў царкве з малітвай за супакой душы тых, у пахаванні каго мы прымаем удзел па абавязку сваёй службы.

Той, хто хоць раз у самотныя дні звяртаўся па дапамогу ў цэнтр «Памяць», заўсёды адчуваў, якую патрэбную справу робяць людзі, якія аб’ядналіся для аказання такіх паслуг у сітуацыях, што непазбежна бываюць у жыцці кожнага чалавека.

Нам цікава было даведацца, што сям’я Мышко ўдзельнічае і ў шчаслівых падзеях у жыцці людзей – мае «Вясельную майстэрню» і аказвае паслугі па дэкоры залаў для вяселляў, юбілеяў, выпускных вечароў у школах і дзіцячых садах. Тут ужо кіраванне на сябе ўзяла Кацярына. Яна гаворыць, што такі бізнес дазволіў ёй не расстацца з творчасцю, не толькі рэалізаваць сябе як маці і гаспадыня, але і ў нейкай ступені адбыцца ў сваёй творчай прафесіі, таму што стварэнне атрыбутаў для шчаслівых падзей патрабуе багатай фантазіі і працы. Напрыклад, яна сваімі рукамі пашыла чахлы для крэслаў на застоллі – больш за сто штук, афармляе прыгожыя эксклюзіўныя зоны для маладых за сталом. Скульптуры з паветраных шароў у яе выкананні такія добрыя і светлыя, што хочацца ім у адказ усміхнуцца. Цяпер вось стварыла навагоднюю фотазону ў памяшканні былой воінскай часці, дзе раней быў офіс пахавальнага агенцтва. Тут можна правесці фотасесію. Як расказвае Кацярына, каб упрыгожыць залу для правядзення вяселля, ёй патрэбна выехаць да заказчыка, і не толькі ў нашым раёне, але, бывае, і ў Мінск ці ў іншыя гарады. Для выканання работы патрэбна 4-6 гадзін без уліку часу на дарогу. Для шматдзетнай маці гэта ахвярны клопат, калі ўлічыць, што іх малодшай дзяўчынцы – Ірынцы – тры месяцы, дашкольніку Цімафею – няпоўныя тры гады, Эвеліне – шэсць, старэйшаму – Станіславу, другакласніку, – восем гадоў.

Увесь дэкор Кацярына выконвае сваімі рукамі. Кажа, што ёй вельмі спатрэбіліся навыкі шыцця, атрыманыя на ўроках працоўнага навучання ў сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы. Каб паспець у гэтай творчасці з малымі дзецьмі, яна ахвяруе начным часам.

Вячаслаў з вялікай любоўю і павагай гаворыць пра сваю родную палавінку. Ён удзячны Кацярыне і за яе адносіны да яго бацькоў, яна называе іх мама і тата, хоць кажа, ніколі яе аб гэтым не прасіў. Галава сям’і гаворыць: яму нярэдка здаецца, што бацькі любяць Кацярыну нават больш, чым яго. У працяг гэтай тэмы Кацярына лічыць, што яе дзецям пашанцавала жыць у адным доме з дзядулем і бабуляй. Яны рыхтуюцца да самастойнага жыцця на прыкладзе ўзаемаадносін родных бацькоў і на прыкладзе адносін маці і бацькі да сваіх бацькоў. Гэта той духоўны фундамент, які пабудаваны не на пяску, а на камені. Нам прыемна слухаць, з якой павагай Вячаслаў гаворыць пра сваіх дзядоў. Ён упэўнены, што прадпрымальніцтва ў яго – у генах.

Прыгожыя здымкі дзяцей і іншыя сямейныя атрыбуты ў інтэр’еры дома сведчаць аб тым, якую каштоўнасць для Вячаслава і Кацярыны мае сям’я. Пажадаем ім святла Віфлеемскай зоркі Ражджаства Хрыстовага.

 Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *