Калі «павукі», то толькі спартыўныя

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Пра курыльныя сумесі – новую небяспеку для падлеткаў – і іншыя негатыўныя залежнасці ў маладзёжным асяроддзі ішла размова ў Горкаўскай сярэдняй школе.   

На базе школы прайшоў раённы дзень прафілактыкі, ужо традыцыйны, маштабны, таму што ён закранае фактычна ўсе існуючыя ў маладзёжным асяроддзі сацыяльна небяспечныя звычкі.

– Трэнінгі, гутаркі і адкрытыя размовы са школьнікамі былі скіраваны супраць курэння, на прафілактыку п’янства і правапарушэнняў, захаванне рэпрадуктыўнага здароўя, пажарную і іншую бяспеку, – расказала в. а. першага сакратара раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – На сустрэчу  мы запрасілі спецыялістаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна і Цэнтра здароўя падлеткаў і моладзі цэнтральнай раённай бальніцы, інспектараў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі. Перад вучнямі выступіў айцец Генадзій Кійко, настаяцель храма Ражджаства Іаана Прадцечы ў Вішняўцы.

Праведзены  круглы стол на тэму «Прафілактыка наркатычнай залежнасці». З улікам сучаснай абстаноўкі тэма яго была накіравана пераважна на «выкрыванне» спайсаў ці, іх больш зразумелая назва, курыльных сумесяў. У рэспубліцы знайшлі шырокі рэзананс тыя трагічныя выпадкі, калі падлеткі, проста з цікавасці пакурылі прапанаваны ім «кайф» і… развіталіся з жыццём. Хапіла толькі аднаго разу…

– Усе шасці- і сямікласнікі, з якімі я працавала, ведаюць, што такое спайсы. Педагогі школы папрацавалі з імі ў гэтым накірунку. На шчасце, ніхто з іх – гэта паказала праведзенае анкетаванне –  не спрабаваў спайсаў і добра засвоіў, што ўжыванне або распаўсюджванне спайсаў – гэта крымінальныя дзеянні, за якія трэба адказваць,  гэта шкода і небяспека здароўю, – пракаменціравала  валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская.

Напрыканцы сустрэчы ўсіх школьнікаў паклікала спартландыя, якая, дзякуючы камандам «Жукоў»і «Павукоў», выдалася вельмі азартнай і вясёлай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *