«Найбольшая патрэба сярод шматдзетных сем’яў». Любоў Жыбуль аб жыллёвым пытанні ў Стоўбцах

Соцыум

У мінулым годзе 47 шматдзетных семяў раёна палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. 34 з іх пабудавалі кватэры з дзяржаўнай падтрымкай у Стоўбцах, а 14 семяў выкарысталі гэтую падтрымку для будаўніцтва ўласнага жылля або яго пакупкі на другасным рынку ў сельскай мясцовасці.

Выбар для шматдзетных

Найбольшая патрэба ў жыллі сярод шматдзетных сем’яў назіраецца ў Стоўбцах.

– На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзіцца 181 шматдзетная сям’я, 105 з гэтых сем’яў – у Стоўбцах, – адзначае намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёвакамунальнай гаспадаркі райвыканкама Любоў ЖЫБУЛЬ. – Для вырашэння жыллёвага пытання прапануем ім індывідуальнае будаўніцтва або будаўніцтва кватэры ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2017 года № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі)  жылых памяшканняў». Першачарговае права на прадастаўленне прадугледжанай субсідыі маюць шматдзетныя сем’і. Другі варыянт – з будаўніцтвам кватэры – найбольш зручны, але і ён не для ўсіх рэальны. Асноўная прычына – адсутнасць уласных фінансавых сродкаў, якія неабходна ўнесці дадаткова да тых крэдытных рэсурсаў, што выдзяляе дзяржава.

– Колькі гэта? Аб якіх сумах ідзе размова?

– Прывяду канкрэтны прыклад. На 1 снежня 2018 года на будаўніцтва квадратнага метра жылля выдзяляўся крэдыт з разліку 718 рублёў. Пры норме жыллёвай плошчы ў малых гарадах 20 м2 на чалавека і саставе сям’і з пяці чалавек ён складзе 71 800 рублёў (пры ўмове, што ва ўласнасці сям’і няма іншай нерухомасці). Плошча трохпакаёвай кватэры – прыкладна 78 м2. Кошт «квадрата» ў ёй, у адпаведнасці з заяўленым у праекце, складае амаль 1094,66 рубля. Такім чынам, цана трохпакаёвай кватэры можа быць 85383,48 рубля. Паміж цаной і выдзеленым крэдытам узнікае розніца, якая складае 13583,48 рубля. Гэтую суму неабходна кампенсаваць за кошт уласных зберажэнняў. На жаль, не ўсе шматдзетныя сем’і маюць такія грошы.

– Любоў Міхайлаўна, каму ў выпадку адмовы шматдзетнай сям’і выдзяляюцца гэтыя кватэры?

– Кватэры ў шматпавярховым доме размяркоўваюцца прыкладна пароўну паміж шматдзетнымі сем’ямі і тымі, хто стаіць на агульнай чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Задавольваем і іншыя катэгорыі грамадзян, якія, згодна з заканадаўствам, маюць права на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Так, у мінулым годзе ў Стоўбцах былі пабудаваны два жылыя дамы па 60 кватэр: адзін з іх – паводле дзяржзаказу, у другім прадугледжаны сацыяльныя і арэндныя кватэры, кватэры на ўмовах долевага будаўніцтва.

Попыт на арэндныя кватэры

– Ці карыстаецца ў Стоўбцах попытам арэнднае жыллё?

– Попыт высокі. На 20 арэндных кватэр, якія былі пабудаваны летась у Стоўбцах, было пададзена 86 заяў, у тым ліку 44 – тымі, хто стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Сярод іх, дарэчы, былі і чатыры шматдзетныя сям’і. У выніку арэндныя кватэры выдзелены 12-ці грамадзянам у залежнасці ад даты пастаноўкі іх на ўлік (з выдзяленнем арэнднага жылля з чаргі яны зняты).

Астатнія восем кватэр выдзелены тым, хто меў першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 2013 года № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін». Сярод іх – суддзя суда раёна, двое работнікаў райаддзела міліцыі і райаддзела Следчага камітэта, адкуль паступілі хадайніцтвы аб выдзяленні жылля на перыяд працоўных адносін, а таксама пяцёра маладых спецыялістаў (работнік культуры і ўрачы), якія навучаліся за кошт рэспубліканскага бюджэту і былі накіраваны на работу не па месцы жыхарства бацькоў у адпаведнасці з дагаворам мэтавай падрыхтоўкі.

Заўважу, што кошт арэнды двухпакаёвай кватэры складае ў месяц у сярэднім 124 рублі, аднапакаёвай – каля 70 рублёў.

– Такая форма паляпшэння жыллёвых умоў, як арэнднае жыллё, будзе развівацца? 

– Безумоўна. Аднак асноўнае развіццё павінна атрымаць долевае будаўніцтва. Менавіта яно дае магчымасць мець уласнае жыллё, і для гэтага прадастаўляецца дзяржаўная падтрымка (згодна з Указам № 240) у выглядзе субсідыі на аплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам або на пагашэнне асноўнага доўгу ў залежнасці ад катэгорыі.

Сацыяльнае жыллё… у наём

– Сёння дзяржава адшуквае розныя формы падтрымкі малаабароненых слаёў насельніцтва. Што вы можаце сказаць пра сацыяльнае жыллё?

– У мінулым годзе 20 кватэр са статусам сацыяльнага жылля атрымалі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. У 2020 годзе для іх плануецца пабудаваць яшчэ 20 кватэр. На чарзе знаходзяцца 128 грамадзян гэтай катэгорыі.

На жаль, далёка не ўсе яны разумеюць і цэняць тое, што робіць для іх дзяржава. Некаторыя могуць элементарна не падаць неабходныя дакументы, і гэтых людзей прыходзіцца адшукваць. Мы сутыкнуліся з двума выпадкамі, калі выдзеленае сацыяльнае жыллё грамадзяне са статусам дзяцей-сірот выкарыстоўвалі… для здачы ў наём.  Сацыяльнае жыллё прадастаўляецца тэрмінам на пяць гадоў з далейшым пераводам яго ў арэнднае.

Год пачынаецца са зверкі  

– У пачатку года пачынаецца зверка тых, хто знаходзіцца на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, ідзе збор свежых даных. Якія ў вас узніклі актуальныя пытанні?

– Сапраўды, з 1 лютага пачынаецца зверка тых, хто знаходзіцца на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Мы накіроўваем запыты ў органы рэгістрацыі нерухомасці, ЗАГС і да т. п., але і ад грамадзян чакаем адказнага падыходу. Неабходна прадаставіць ў аддзел копію пашпарта ў выпадку яго замены ці атрымання пашпарта непаўналетнім. Акрамя таго, трэба паклапаціцца наконт своечасовага прадастаўлення копіі дагавора найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду пры яго прадаўжэнні або заключэнні новага.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, у выпадку змянення саставу сям’і трэба звярнуцца ў службу «Адно акно» для ўключэння ў склад сям’і новых членаў або выключэння былых. Просім грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паведамляць у наш аддзел інфармацыю пры выездзе ў іншы населены пункт, набыцці жылля на другасным рынку, а таксама нумары тэлефонаў пры іх змене для паляпшэння ўзаемасувязі.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *