У райвыканкаме разгедзелі паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2019 год

Афіцыйна Важное

Напрыканцы 2018 года адбылося сумеснае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, дзе былі разгледжаны прагнозныя паказчыкі сацыяльнаэканамічнага развіцця раёна на 2019 год.

Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч паведаміла, што паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2019 год вызначаны зыходзячы з асноўных мэт, задач і параметраў развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе, эканамічнай і сацыяльнай структуры раёна, дынамікі развіцця прамысловасці і сельскагаспадарчай вытворчасці, знешнеэканамічнай інвестыцыйнай дзейнасці.

Асноўная мэта сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2019 год – далейшае забеспячэнне спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва на аснове развіцця і эфектыўнага выкарыстання чалавечага патэнцыялу, росту вытворчасці працы пры рацыянальным выкарыстанні працоўных, матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў.

За студзень – лістапад 2018 года аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 92 434 тысячы рублёў, ці 108,2% да ўзроўню 2017 года. У 2019 годзе асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі раёна плануецца нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, у тым ліку дзякуючы выкарыстанню новых тэхналогій, пашырэнню вытворчасці, аптымізацыі асартыменту прадукцыі, што выпускаецца. Тэмп росту прамысловай вытворчасці ў 2019 годзе прагназуецца на ўзроўні 109,9%. ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» у 2019 годзе разлічвае выпусціць прадукцыі на суму 62,9 мільёна рублёў, перапрацаваць 16,5 тоны сыравіны, вырабіць 1,3 тоны каўбаснай прадукцыі, 0,5 тоны кансерваў і паштэтаў. Плануецца будаўніцтва цэха забою буйной рагатай жывёлы магутнасцю 25 галоў у гадзіну.

Філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы на 2019 год павялічыць вытворчасць кампрэсарных станцый – да 172 (за 11 месяцаў 2018 года выпушчана 32 станцыі).

ААТ «Навасвержанскі лесазавод» плануе рост аб’ёмаў вытворчасці на 4,8% у сувязі з далейшым нарошчваннем выпуску піламатэрыялаў сухіх (на 8,4%), што дазволіць павялічыць долю экспарту да 80%.

Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» запланаваў у 2019 годзе павялічыць аб’ёмы выпуску інавацыйнай прадукцыі – фруктова-ягадных напаўняльнікаў і сокаў для дзіцячага харчавання – да 6,9%.

У 2019 годзе плануецца атрымаць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на 8,4% больш, чым у 2018 годзе. Тэмп росту ў жывёлагадоўлі складзе 100,5%, у раслінаводстве – 122,4%. Вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур плануецца павялічыць на 67,2%. Запланавана будаўніцтва двух будынкаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, чатырох сіласна-сянажных траншэй.

У 2019 годзе ў сферы будаўніцтва плануецца ўзвядзенне шматкватэрнага жылля (10 мільёнаў рублёў), стварэнне інфраструктуры да жылых дамоў (4 мільёны рублёў), індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва (14 мільёнаў рублёў), будаўніцтва кацельні ў г. Стоўбцы (6 мільёнаў рублёў).

У 2019 годзе тэмп росту аб’ёму экспарту тавараў запланаваны на ўзроўні 115%. Рознічны таваразварот гандлю праз усе каналы рэалізацыі плануецца павысіць на 4,7%. Па выніках года, чакаецца выкананне паказчыка на ўзроўні 105,5%. Плануецца адкрыццё магазіна прамысловых тавараў гандлёвай плошчай каля 500 кв. метраў, кафэ на 50 пасадачных месцаў, двух сеткавых гандлёвых аб’ектаў.

У 2019 годзе прагнозны паказчык па прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў суме 0,7 мільёна долараў ЗША плануецца выканаць за кошт унясення ўкладу ва ўстаўныя фонды прадпрыемстваў з доляй замежнага капіталу, накіравання неразмеркаванага прыбытку на рэінвесціраванне.

Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Наталля Валявач праінфармавала ўсіх прысутных у зале аб праекце раённага бюджэту на 2019 год. Яна расказала, з чаго складаецца бюджэт раёна на 2019 год. Гэта індэксацыя ставак падатку (зямельны падатак, арэнда, продаж зямельных участкаў), аб’ём паступлення падатку на прыбытак, вызначаны на ўзроўні ўдакладненага плана яго паступлення ў 2018 годзе па стане на 1 чэрвеня 2018 года; асігнаванні на адукацыю і ахову здароўя, вызначаныя на аснове прыведзеных нарматываў бюджэтнай забяспечанасці растрат у разліку на аднаго спажыўца паслуг; расходы на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, запланаваныя за дадатковыя паступленні ад павышэння ставак падатку на ўласнасць.

Асаблівасцю фарміравання праекта раённага бюджэту з’яўляецца тое, што ў 2019 годзе ўвесь аб’ём падатку на прыбытак будзе залічвацца ў абласны бюджэт, пры гэтым, каб не павялічыць ступень цэнтралізацыі бюджэтных сродкаў на абласным узроўні, на суразмерную суму будзе павялічаны аб’ём паступленняў, што плануюцца, у раённы бюджэт па падатку на дабаўлены кошт.

Сфарміраваны праект бюджэту Стаўбцоўскага раёна на 2019 год з улікам абмежаванай рэсурснай базы дазволіць забяспечыць рэсурсамі выкананне абавязкаў, прынятых на раённым узроўні, рэалізацыю дзяржаўных гарантый, фінансавую збалансаванасць і сацыяльную стабільнасць.

Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў адобрылі праект сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2019 год і праект раённага бюджэту на 2019 год.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *