Таццяна Апраніч і Таццяна Цвірка наведалі Стаўбцоўшчыну ў рамках акцыі «Нашы дзеці»

Адукацыя Важное

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» завяршылася 11 студзеня 2019 года. За перыяд яе правядзення на Стаўбцоўшчыне пабывалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і прадпрыемстваў, ведамасных структур, шэфскіх арганізацый, лідары грамадскіх аб’яднанняў з віншаваннямі і падарункамі.

Так, адразу пасля Новага года, 2 студзеня 2019 года, выхаванцаў аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулка ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна» і дзіцячы дом сямейнага тыпу нашага раёна наведалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч і начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Таццяна Анатольеўна Цвірка.

Таццяна Валянцінаўна сардэчна павіншавала дзяцей з Калядамі і Новым годам, уручыла салодкія падарункі.

Асабліва незабыўнай гэтая сустрэча стала для Дзмітрыя Бохана – выхаванца аддзялення сацыяльнага прытулка. Дзіма – незвычайны хлопчык, ён добра малюе, займаецца творчасцю, любіць гуляць у шахматы і катаецца на веласіпедзе. Яго мара – стаць камбайнерам. Таццяна Валянцінаўна запэўніла, што планы Дзмітрыя абавязкова здзейсняцца, таму што яны задуманы на Новы год. Гутарка з гасцямі прынесла хлопчыку шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў, а хваляванне, з якім ён іх сустракаў, знікла прэч.

У дзіцячым доме сямейнага тыпу гасцей вітала вялікая сям’я Васільевых. Дзесяць дзяцей наперабой дзяліліся сваімі поспехамі, дасягненнямі і планамі на будучыню. Віталь прадэманстраваў свае ўзнагароды за спартыўныя перамогі, Людміла выканала навагоднюю песню, Аляксандр дэкламаваў вершы з віншаваннямі і пажаданнямі.

Дзяўчынкі і хлопчыкі з цеплынёй гаварылі аб доме, у якім жывуць, дзяліліся сямейнымі сакрэтамі, расказвалі вясёлыя выпадкі з паўсядзённага жыцця.

Таццяна Валянцінаўна разам з дзецьмі ўпрыгожыла навагоднюю ёлку чароўнымі шарамі з пажаданнямі, якія абавязкова спраўдзяцца ў найбліжэйшай будучыні. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, пакінула ва ўсіх добры настрой.

Яўгенія Слесарчык, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *