Праект «Праменя»: Панямонь. Музейная гасцёўня ў Вільнюсе

Важное Панямонь Соцыум

У Вільнюсе, у Літаратурным музеі А. Пушкіна, адбылася чарговая імпрэза тэматычнага цыкла «Музейныя гісторыі: людзі, якія стваралі музей». Яна была прысвечана нашаму земляку паэту, пісьменніку, этнографу, краязнаўцу і мастаку Уладзіславу Паўлюкоўскаму. Ініцыятарам правядзення гэтага мерапрыемства стаў таксама ўраджэнец Стаўбцоўшчыны – педагог, паэт і перакладчык Іосіф Станкевіч. На сустрэчу ў вільнюскі Пушкінскі музей прыйшлі прадстаўнікі літаратурных колаў і культурнай грамадскасці літоўскай сталіцы, былі і госці са Стоўбцаў.

Уладзіслаў Паўлюкоўскі

Пра жыццёвы і літаратурны шлях У. Паўлюкоўскага, які падпісваў свае творы псеўданімам Улад Ініцкі, расказаў І. Станкевіч. Яго аповед пра нашага земляка зацікавіў прысутных адначасова сваёй грунтоўнасцю і даступнасцю. Мы ж сабе дазволім толькі кароткі пераказ сказанага Іосіфам Іосіфавічам.

Выступае Іосіф Станкевіч

Нарадзіўся У. Паўлюкоўскі ў 1895 годзе ў вёсцы Ініца Старасвержанскага сельсавета, скончыў пачатковую школу ў Стоўбцах і гарадскую – у Навагрудку. Затым працаваў у канцылярыі князёў Радзівілаў у Нясвіжы, вучыўся ў Харкаўскім мастацкім вучылішчы. Падчас Першай сусветнай вайны наш зямляк служыў у расійскім войску ў чыне прапаршчыка, паміж баямі займаўся фатаграфаваннем – захаваўся яго фотаальбом пра падзеі 1916 – 1917 гадоў на фронце каля Смаргоні. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі У. Паўлюкоўскі перайшоў на бок бальшавікоў, удзельнічаў у грамадзянскай вайне на тэрыторыі Расіі, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У 1920 годзе ён вырашыў вярнуцца на радзіму, пэўны час жыў у Ініцы, а затым пераехаў у Вільню (сучасны Вільнюс), дзе з галавой акунуўся ў культурнае і палітычнае жыццё – прымаў удзел у дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады, за што ў 1926 годзе быў арыштаваны польскай дэфензівай, але дзякуючы рашэнню апеляцыйнага суда праз год выйшаў на волю. Пачаткам літаратурнай творчасці Улада Ініцкага прынята лічыць 1926 год, калі яго вершы адзін за другім сталі з’яўляцца на старонках заходнебеларускага перыядычнага друку – у часопісах «Маланка», «Шлях моладзі», «Авадзень» і інш. Напрыканцы 1920-х гадоў таксама выйшлі яго паэтычныя зборнікі «Сон Гаўрылы і розныя вершы» (1928), «Клім бабаю і іншыя жарты» (1929), кніга публіцыстыкі «Апавяданні» (1929). Жывучы ў Вільні, ён аздабляў сваімі графічнымі малюнкамі мастацкія кнігі, падручнікі, календары… У канцы лета 1939 года          У. Паўлюкоўскі зноў быў арыштаваны польскімі ўладамі, быў змешчаны ў Бяроза-Картузскі канцлагер, адкуль вызваліўся ў сярэдзіне верасня таго ж года пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Свае ўспаміны аб знаходжанні за кратамі ён пакінуў у кнізе «Арышты: Бяроза і воля» (1940). Вярнуўшыся ў Вільню, наш зямляк стаў штатным супрацоўнікам Беларускага музея імя І. Луцкевіча, дзе, дарэчы, працаваў і падчас нямецка-фашысцкай акупацыі літоўскай сталіцы. Пасля вызвалення Вільнюса савецкімі войскамі У. Паўлюкоўскі працягваў працаваць у Беларускім музеі, а затым перайшоў на пасаду дырэктара Літаратурнага музея А. Пушкіна. У канцы жніўня 1948 года ён быў арыштаваны (органы дзяржбяспекі не даравалі яму музейную працу «пад немцамі») і асуджаны на 10 гадоў лагераў ГУЛАГа, адкуль вярнуўся ў Вільнюс у 1953 годзе пасля смерці І. Сталіна з моцна падарваным здароўем – часткова быў паралізаваны. Памёр У. Паўлюкоўскі ў 1955 годзе, пахаваны на вільнюскіх могілках Роса.

Пра свайго траюраднага дзядзьку расказвае Дзмітрый Станкевіч

Пра свайго сваяка, яго сувязь з роднай вёскай расказаў на сустрэчы траюрадны пляменнік У. Паўлюкоўскага – стаўбчанін Дзмітрый Станкевіч, а яго жонка Марыя Станкевіч – пра сваё даследаванне прысвечанага падзеям Першай сусветнай вайны фотаальбома нашага земляка, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар гэтых радкоў распавёў, як захоўваецца памяць пра У. Паўлюкоўскага (У. Ініцкага) на Стаўбцоўшчыне: у 1996 годзе, дзякуючы рупнасці колішніх загадчыка аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Анатоля Грэкава, старшыні калгаса імя Леніна Іосіфа Меляшкевіча, старшыні Залужскага сельсавета Міхаіла Пакроўскага, старасты в. Ініца Антона Халявінскага, у рамках правядзення Свята вёскі Ініца быў устаноўлены мемарыяльны знак у гонар знакамітага земляка. Цёплыя словы пра У. Паўлюкоўскага выказала і гаспадыня імпрэзы – дырэктар Літаратурнага музея А. Пушкіна Надзея Петраўскенэ. Пабывалі ўдзельнікі сустрэчы і на магіле нашага земляка – на вільнюскіх могілках Роса, добраўпарадкавалі яе.

У в. Ініца, што на Стаўбцоўшчыне, на месцы, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся беларускі паэт, этнограф, мастак Улад Ініцкі (Уладзіслаў Паўлюкоўскі), усталяваны мемарыяльны камень

На заканчэнне трэба сказаць некалькі слоў і пра рупліўца згаданага мерапрыемства – Іосіфа Станкевіча. Ужо больш за 30 гадоў ён стала жыве ў літоўскай сталіцы, працуе там у навучальных установах, цяпер – выкладае рускую мову як замежную ў Вільнюскім міжнародным універсітэце дакладных навук, права і бізнесу. Ён з’яўляецца аўтарам дзевяці выдадзеных у Вільнюсе паэтычных і празаічных кніг – «Сердце стремится только сюда» (2012),  «С верой и любовью» (2013), «Под знаком добра» (2014), «Пароход памяти» (2015), «Жить с мечтой» (2017) і інш. На імпрэзе Іосіф Іосіфавіч прачытаў  па-руску, па-беларуску і па-літоўску свае вершы, прысвечаныя Стаўбцоўшчыне і Вільнюсу, а таксама перакладзеныя ім на літоўскую, польскую і рускую мовы паэтычныя творы Улада Ініцкага.

Сяргей ГАЛОЎКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *