Цюбінг – новы від спорту ці смяротная забава?

Главное Спорт

Гісторыкі адносяць з’яўленне цюбінга да канца 1890-х гадоў. Менавіта тады шатландскі ветэрынар Джон Бойд Данлоп вынайшаў першыя запоўненыя паветрам шыны. Зробленыя для трохколавага веласіпеда яго сына, яны былі занадта цяжкімі для выкарыстання. Гэта паслужыла штуршком для з’яўлення першых камер. Паводле сведчанняў відавочцаў, рабочы прадпрыемства па вырабе камер, пераносячы адну з іх, паслізнуўся, зваліўся і зразумеў, што едзе ўніз з гары. З тых часоў цюбінг, або катанне на «ватрушках», стала адной з любімых зімовых забаў у Шатландыі і хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. У пачатку ХХ стагоддзя цана на цюбінг была высокая, купіць свайму дзіцяці «ватрушкі» мог сабе дазволіць толькі вельмі забяспечаны чалавек. Сёння набыць цюбінг не праблема, яго кошт вар’іруецца ад 40 да 120 беларускіх рублёў. Аднак варта паразважаць над пытаннем, што гэта такое: новы від спорту ці смяротная забава?

Студзень насыпаў снегу – і ўся дзятва перамясцілася з вулічных пляцовак на горкі. Дзеці адкладаюць гаджэты і бяруцца за цюбінгі – самы папулярны цяпер від зімовага спорту, які, на жаль, не такі бяспечны, як лічаць бацькі.

Прычына гэтага ў тым, што надзіманыя «аладкі» маюць наступныя перавагі перад звычайнымі санкамі і лядзянкамі: высокая хуткасць і мяккасць пры катанні, невялікая вага, яркі і маляўнічы знешні выгляд і невялікі аб’ём у спушчаным стане, што робіць іх зручнымі для захоўвання. Усё гэта надзвычай падкупляе бацькоў, якія стаміліся цягаць санкі зімой і спатыкацца аб іх увесь астатні час: са снежня па сакавік на жаночых форумах ледзьве не кожнае другое пытанне – аб выбары цюбінга для дзіцяці 3-5 гадоў, а то і для гадавалых дзяцей. Урачы тым часам рэгулярна бачаць аматараў такой забавы ў траўматалагічных аддзяленнях бальніц з вывіхамі, ударамі і пераломамі, у тым ліку пазваночніка.

Катанне на цюбінгах – захапляльны адпачынак, падчас якога чалавек атрымлівае неперадавальныя адчуванні. У народзе цюбінгі звычайна называюць «ватрушкамі», «праснакамі», «пончыкамі» і «абаранкамі», бо яны, уяўляючы сабой круглую надзіманую камеру, змешчаную ў спецыяльны чахол, моцна нагадваюць гэтыя віды выпечкі. Аднак пры ўсіх наяўных перавагах катання на цюбінгах неабходна ўлічваць той факт, што «ватрушкі», у адрозненне ад санак і лядзянак, больш траўманебяспечныя. Яны здольны развіваць хуткасць да 85 км/г, закручвацца вакол сваёй восі. Цюбінгі не абсталяваны тармазной сістэмай, таму абсалютна некіруемыя, што можа прывесці да трагедыі падчас катання са стромкіх гор на вялікай хуткасці. Успамінаем другі закон Ньютана: чым большая маса або чым большае паскарэнне, тым большая сіла, з якой можна стукнуцца аб нешта. Чалавек, які сядзіць у «ватрушцы», не дакранаецца да снегу ні рукамі, ні нагамі і на працэс катання ніяк паўплываць не можа, пакуль цюбінг  не спыніцца сам або вымушана, з дапамогай якога-небудзь прысыпанага снегам пня ці каменю.

Цюбінгі не маюць абмежаванняў па ўзросце. Адміністрацыя гарналыжных комплексаў, дзе ёсць цюбінгавыя трасы, звычайна агаворвае ў правілах, што дзеці павінны катацца ў шлемах і да дасягнення імі пэўнага ўзросту (6-14 гадоў) – толькі пад наглядам дарослых. Аднак варта памятаць пра тое, што дзеці розныя, горкі – таксама.

Асноўнае, што неабходна зрабіць бацькам, – гэта навучыць дзіця падаць. Самастойна такую навуку асвоіць складана, таму карысна аддаваць дзяцей у спартыўныя секцыі, асабліва на самба і ўсходнія адзінаборствы. На думку псіхолагаў, дзяцей не варта агароджваць ад небяспечных гульняў, бясконцыя забароны толькі павялічваюць выпадкі траўматызму. Маючы вопыт падзення, дзіця само будзе рабіць высновы і зможа прадухіліць бяду.

Кожныя выхадныя з траўмамі ад катання на цюбінгах у прыёмныя аддзяленні паступаюць як мінімум некалькі чалавек (за гэты перыяд больш чым 100 чалавек звярнуліся па дапамогу). Часцей за ўсё ў бальніцу прывозяць пацярпелых з пераломам пазваночніка. Катаючыся на «ватрушцы», атрымаць такія траўмы вельмі проста, асабліва дзецям. Неабавязкова нават пераварочвацца і ўразацца ў што-небудзь. Рэзкае згібанне – і гатова. І калі ў дзяцей з пераломам пазваночніка ёсць больш шанцаў на аднаўленне, то для многіх дарослых гэта, на жаль, раўнасільна інваліднасці. Самыя вялікія шчасліўчыкі ўмудраюцца абысціся месяцам пасцельнага рэжыму.

Але ёсць і тыя, якія нават да ўрача не даходзяць – у Беларусі зафіксаваны два выпадкі са смяротным зыходам. У 60-70 % выпадкаў, калі ў дзяцей пасля горкі баліць спіна, бацькі на гэта не звяртаюць належнай увагі. Пабаліць – і праходзіць. Такая асаблівасць дзіцячых траўм. А на самай справе гэта быў пералом пазваночніка, часцей дыягнастуем яго пастфактум, калі ў падлетка з’яўляюцца іншыя праблемы са здароўем. Да прыкладу, астэахандроз, скаліёз.

Усяго за два дні ў рэспубліцы траўмы атрымалі каля 30 чалавек.

У любым выпадку такі спорт на адкрытым паветры не пакідае людзей абыякавымі. Многія прыязджаюць на гарналыжныя курорты і катаюцца толькі на цюбінгах. Такі від актыўнага адпачынку дабратворна ўплывае на арганізм, паколькі пры ўзыходжанні на гару чалавек адчувае сур’ёзную кардыёнагрузку. А скаціўшыся, ён адпачывае, адначасова развіваючы лёгкія сваім крыкам. Таксама папулярная забава добра адбіваецца на каардынацыі.

На заканчэнне хацелася б адзначыць, што траўміравацца можна і падчас катання на звычайных санках, лядзянках, лыжах і кавалках кардону, калі дзіця не ведае звычайных правілаў бяспекі катання з горкі. Любая зімовая забава траўманебяспечная, проста трэба ведаць і памятаць аб магчымых рызыках і спосабах іх прадухілення. Катанне на «ватрушках» набыло шырокую папулярнасць і нароўні з традыцыйнымі санкамі заняло годнае месца ў спісе аматараў актыўнага адпачынку.

Яўгенія Слесарчык



1 комментарий по теме “Цюбінг – новы від спорту ці смяротная забава?

  1. В последнее время столько шума по поводу этих тюбингов, хотя им и труднее управлять чем санками, зато комфортнее и если подходить ко всему с головой, то не будет и страшных историй. А думаете катание на санках не приводит к травмам, просто на это никто не обращает внимания.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *