Пыласос для сям’і Андроцкіх

Важное Соцыум

Да новага года раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку падрыхтавала падарункі не толькі дзетвары, але і дарослым.

Старшыня арганізацыі Аляксандр Клімаш расстараўся салодкія падарункі для дзяцей, а таксама рэчы, якія патрэбны ў дамашняй гаспадарцы, для дарослых. Так, адмыслова для сям’і Жанны і Івана Андроцкіх быў падрыхтаваны пыласос. Падобнае ахвяраванне зрабілі члены каманды дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім. Раней дэпутат парламента асабіста наведвала гэтую сям’ю, аказвала матэрыяльную падтрымку. Сям’я Андроцкіх з удзячнасцю прыняла знакі ўвагі.

– З пыласосам уборка ў доме будзе куды хутчэйшым і цікавейшым заняткам, – выказаў упэўненасць Аляксандр Клімаш.

Падарунак Жанна Андроцкая разглядзець не можа, затое «вывучае» яго рукамі, слухае яго рабочы шум і цалкам задаволена. Пыласос у руках мужа запрацаваў на поўную магутнасць, чым прыцягнуў увагу нават самага маленькага члена сямі, васьмімесячнага ўнука Арцёмкі.

У гэтай сям’і фактычна пражываюць тры пакаленні. Старэйшае – гэта Мікалай Васільевіч і Тамара Сцяпанаўна Смольнікі. Да выхаду на заслужаны адпачынак абое працавалі ў Стаўбцоўскіх электрасетках. Выгадавалі траіх дзяцей – дзвюх дачок і сына. Юрый жыве ў Мінску, Алена – у Стоўбцах, па вуліцы Міру, а Жанна з мужам і дачкой Хрысцінай – у бацькоўскім доме. Хрысціна закончыла каледж у Навагрудку, атрымала спецыяльнасць повара і пакаёўкі, да дэкрэтнага адпачынку паспела папрацаваць у кафэ у г. п. Мір. Дарэчы, у Мікалая Васільевіча і Тамары Сцяпанаўны пяцёра ўнукаў і ўжо двое праўнукаў. З Арцёмкам яны з задавальненнем дапамагаюць упраўляцца.

Увогуле нельга ўявіць без узаемадапамогі сям’ю, дзе адзін з яе членаў – невідушчы чалавек. Для Жанны Мікалаеўны створаны ўсе ўмовы, блізкія акружылі яе клопатам і добразычлівасцю. Яшчэ адну характэрную рысу гэтай сям’і адзначыў Аляксандр Клімаш. Яна заключаецца ў незвычайнай сціпласці, адсутнасці ўсякіх патрабаванняў і просьбаў, хоць даходы сям’і невысокія, складаюцца выключна з дзяржаўных дапамог і пенсій. Магчыма, акурат гэтая акалічнасць і падштурхнула да таго, каб перадаць пыласос менавіта Андроцкім.

Звяртаючы ўвагу на праблемы людзей з інваліднасцю па зроку, Аляксандр Клімаш чарговы раз выказвае просьбу да неабыякавых людзей: «Дзяліцеся лішнімі, непатрэбнымі рэчамі ў вашым гардэробе і доме – абуткам, вопраткай, бытавой тэхнікай, мэбляй! Яны могуць быць карыснымі для тых, у каго няма магчымасці набыць новае». Кантактны тэлефон для жадаючых зрабіць ахвяраванні – 8-025-692-52-10.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара   



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *