Дзяніс Колясень зацвердзіў новы склад гарадской аглядавай камісіі

Афіцыйна Важное

У 2019 годзе на якасна новы ўзровень павінна выйсці работа аглядавых камісій у пытаннях папярэджання пажараў у жыллёвым фондзе. На мінулым тыдні члены гарадской аглядавай камісіі і аглядавых камісій пры сельвыканкамах ужо выйшлі на свае маршруты.

Калі ў сельсаветах работа аглядавых камісій вядзецца не першы год і патрабуе актывізацыі з улікам сучасных патрабаванняў, то ў горадзе гэтая работа фактычна пачынаецца з нуля.

У адпаведнасці з распараджэннем старшыні райвыканкама, зацверджаны новы склад гарадской аглядавай камісіі, які ўключае інспектараў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, участковых інспектараў міліцыі, прадстаўнікоў АКС,  тэрытарыяльнага цэнтра, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, цэнтральнай раённай бальніцы, Стоўбцыгаза, энерганагляду і іншых суб’ектаў прафілактыкі. З мэтай эфектыўнай пажарна-прафілактычнай работы гарадская аглядавая камісія падзелена на чатыры групы, за кожнай замацаваны пэўныя вуліцы райцэнтра. Як і патрабуюць законы Рэспублікі Беларусь «Аб пажарнай бяспецы», «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», іншыя нарматыўныя дакументы, з дапамогай аглядавых камісій дадаткова арганізуецца агляд і абследаванне супрацьпажарнага стану домаўладанняў грамадзян і аб’ектаў камунальнай формы ўласнасці, навучанне насельніцтва мерам пажарнай бяспекі.

Актуальнасць пажарна-прафілактычнай работы была падкрэслена падчас нарады ў райвыканкаме, якая ладзілася пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Жанны Лысай. На пасяджэнне былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, члены гарадской аглядавай камісіі. Спачатку прайшло абмеркаванне прадстаўлення пракуратуры Мінскай вобласці аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб папярэджанні пажараў, недапушчэнні гібелі і траўматызму людзей на іх, якое стала вынікам праверкі ўсіх раёнаў вобласці. Пры тым, што пажарна-прафілактычная работа займае вядучае месца ў дзейнасці органаў улады і суб’ектаў прафілактыкі, на Стаўбцоўшчыне назіраецца рост пажараў, выяўлены факты неналежнага выканання рашэння Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і зацверджанага ім плана мерапрыемстваў па забеспячэнні пажарнай бяспекі. На канкрэтных прыкладах былі разабраны дапушчаныя недахопы, высветлены слабыя месцы ў рабоце, што фактычна стала, так бы мовіць, вучобай для членаў аглядавых камісій.

– Наша задача – актывізаваць работу аглядавых камісій, дабіцца яе эфектыўнасці, – падкрэсліла Жанна Лысая.

Старшы інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Саковіч назвала асноўныя патрабаванні, на якія неабходна звяртаць увагу членам аглядавых камісій: наяўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, стан печаў і электраправодкі. Алгарытм работы ў выпадку небяспекі прадугледжвае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі структурамі і арганізацыямі і своечасовае інфармаванне іх, звароты ў кантралюючыя органы. Першаступенная ўвага ў ходзе супрацьпажарных аглядаў, як і падчас рэйдавых і розных іншых міжведамасных мерапрыемстваў, будзе нададзена шматдзетным сем’ям, людзям з інваліднасцю, грамадзянам, якія пражываюць адны, і да т. п., а таксама тым, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі.

Прафілактычная работа патрабуе часу і неабыякавых адносін. Аглядавым камісіям, як правіла, прыходзіцца працаваць у вячэрні час, выхадныя дні, калі большасць грамадзян знаходзяцца дома, таму ўзнімалася пытанне стымулявання яе членаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *