Дзяніс Колясень наведаў працоўны калектыў райспажыўтаварыства

Афіцыйна Главное

У рамках графіка сустрэч старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзяніса Колясеня ў працоўных калектывах кіраўніка раёна сустракалі ў райспажыўтаварыстве.

Сустрэча прайшла не ў афіцыйнай атмасферы, а ў фармаце даверлівай размовы. Старшыня райвыканкама даў зразумець, што да гэтай арганізацыі ўважлівыя і паважлівыя адносіны, таму што яна ў ліку тых, на якія ўскладзена задача забеспячэння дзяржаўных сацыяльных стандартаў па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, і асабліва ў сельскай мясцовасці.

Дзяніс Колясень і намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Ірына Пашкевіч агучылі вынікі праведзенага маніторынгу ў гандлёвых кропках раёна па асартыменце тавараў у навагоднія і ражджэственскія дні. Былі зроблены як заўвагі, так і адзначаны станоўчыя моманты. Заслужыла пахвалы прадавец сельскага магазіна ў аддаленай лясной вёсцы Пруды Таццяна Лісоўская, якая сумела экскюзіўна, па-каляднаму, аформіць інтэр’ер крамы ўпрыгожанымі жывымі галінкамі ёлкі, чым стварыла для ўсіх радасны настрой.

Тэмай сур’ёзнага абмеркавання стала размова аб тым, як у сучаснай сітуацыі наступстваў сеткавага гандлю, які смела заявіў аб сабе на рынку гандлёвых паслуг у нашым горадзе, працаваць магазінам спажывецкай кааперацыі. Няроўныя фінансавыя магчымасці буйных гандлёвых сетак і кааператыўнага гандлю з дэфіцытам абаротных сродкаў пагаршаюць стан спажывецкага рынку. У падтрымку калектыву сістэмы спажывецкай кааперацыі была дадзена высокая ацэнка рупнасці кіраўніцтва па ўкараненні такіх прагрэсіўных форм гандлю, як перавод магазінаў на работу па прынцыпе самаабслугоўвання. Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Андрэй Халюта заверыў, што работа ў гэтым напрамку будзе актыўна працягвацца. Абмяркоўваючы захады па ўмацаванні пазіцый ва ўмовах такой канкурэнцыі, кіраўніцтвам раёна была дадзена высокая ацэнка прафесіяналізму работнікаў спажывецкай кааперацыі, у тым ліку і прадаўцоў, адзначана канкурэнтаздольнасць тавараў па цэнах і якасці. Да слова сказаць, стаўбцоўскае райспажыўтаварыства мае высокія пазіцыі па вобласці ў табліцы вытворчай дзейнасці: ніжэй за пятае месца па асноўных вытворчых паказчыках сярод райспажыўтаварыстваў Міншчыны не апускаецца.

Новае якаснае развіццё рознічнага кааператыўнага гандлю старшыня праўлення Андрэй Халюта бачыць у неабходнасці прымянення цывілізаваных форм абслугоўвання – укараненні прагрэсіўных метадаў і дадатковых паслуг, шырокім прымяненні разнастайных скідак і акцый, пераабсталяванні магазінаў з устаноўкай самых новых відаў гандлёва-тэхналагічнага абсталявання. У ліку рэзерваў – павелічэнне аб’ёмаў рэалізацыі прамысловых тавараў, продаж якіх у агульным тавараабароце ведамасных гандлёвых аб’ектаў складае менш за 20 працэнтаў. Сярод надзённых задач кіраўніцтва райспажыўтаварыства агучыла задачу пазбаўлення ад аб’ёмных гандлёвых плошчаў шляхам продажу будынкаў ці здачы іх у арэнду.

Яшчэ адной важнай тэмай для калектыўнай размовы стала пытанне магчымай рэарганізацыі сістэмы спажывецкай кааперацыі ў маштабах вобласці. Вышэйстаячымі структурамі ініцыіравана стварэнне аблспажыўтаварыства шляхам аб’яднання раённых спажывецкіх таварыстваў у структуру з адзіным рахункам. Гэтая тэма выклікала зацікаўленае абмеркаванне. Сваю пазіцыю выказалі як кіраўнікі раёна, так і вопытныя спецыялісты райспажыўтаварыства, якія на адным месцы працуюць дзесяцігоддзямі. Аўтарытэтна прагучала меркаванне галоўнага таваразнаўцы з больш чым 30-гадовым стажам работы Ганны Гарэлік, якая абгрунтавана выказала плюсы і мінусы такой рэарганізацыі.

Работнікам спажывецкай кааперацыі была прадстаўлена магчымасць задаць старшыні райвыканкама і пытанні асабістага характару. Выказаны непакой адносна перапоўненасці сярэдняй школы № 3, агучаны праблемы, што існуюць на асобных вуліцах горада, і вострая праблема забеспячэння пітной вадой у аграгарадку Заямнае.

Адказваючы на гэтыя запыты, Дзяніс Колясень праінфармаваў прысутных аб праектах па развіцці нашага горада, якія будуць ажыццяўляцца ў бягучым годзе. У першую чаргу, гэта будаўніцтва кацельні ў Стоўбцах, увод якой у строй вызваліць вялікія сумы сродкаў па аплаце ацяплення горада холдынгу «Мінскі маторны завод». Гэтыя сродкі можна будзе накіраваць на развіццё інфраструктуры. Завяршаецца ўзвядзенне новага прыёмнага пакоя ў цэнтральнай раённай бальніцы, які будзе ўяўляць цэлы комплекс па зручнай транспарціроўцы хворых з машыны хуткай дапамогі ў рэанімацыю ці іншыя аддзяленні. У бягучым годзе ў райцэнтры запланавана будаўніцтва чатырох шматпавярховых дамоў. Распачата падрыхтоўка неабходнай дакументацыі для ўзвядзення ў горадзе помніка Якубу Коласу. Гэта частка інавацыйных праектаў у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *