«Павестка-50» працягне свае крокі

Соцыум

У канцы года адбылася значная падзея ў рэалізацыі кампаніі «Павестка-50». Яго ўдзельнікі ўрачыста падпісалі дакумент – «Мясцовую павестку імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю Стаўбцоўскага раёна». Падпісанне праходзіла з удзелам Ленэ Петэрсан, каардынатара кампаніі «Павестка-50» The European House (Каралеўства Данія).

Фактычна падпісанне было пяцібаковым – прадстаўнікамі райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Офіса па правах людзей з інваліднасцю, памочніка дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім, раённай арганізацыі інвалідаў і раённай арганізацыі інвалідаў па зроку.

Урачыстае падпісанне дакумента – «Мясцовай павесткі імплементацыі Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю Стаўбцоўскага раёна»

Праект мясцовай павесткі, накіраваны на стварэнне ў горадзе безбар’ернага асяроддзя, а таксама на інфармаванне людзей з інваліднасцю аб ільготах і правах, якімі яны могуць карыстацца, рэалізуецца на Стаўбцоўшчыне з лютага 2018 года. Аднак ужо відавочны яго плён. «Мы робім агульную справу», – у гэтым бачыць складаемае поспеху дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко.

На старонках раённай газеты мы расказвалі пра дзясяткі сустрэч і сацыяльных кансультацый, якія прайшлі за гэты кароткі перыяд у многіх сельсаветах раёна і суправаджаліся раздачай тэматычных брашур і буклетаў, маніторынгі, размовы за круглым сталом і да т. п. Перадавы вопыт сацыяльнай работы з людзьмі, якія маюць інваліднасць, прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра мелі магчымасць вывучыць, будучы запрошанымі на тыдзень у Данію.

Абмеркаванне з каардынатарам кампаніі «Павестка-50» Ленэ Петэрсан (на другім плане злева)

Сапраўды, ацаніць хуткасць і якасць зробленага дазваляюць многія фактары. У іх ліку – удзел у рэалізацыі мясцовых павестак яшчэ чатырох гарадоў рэспублікі – Бабруйска, Шчучына, Валожына і Століна. Там работа пачалася ў 2016-2017 гадах. Эксперты з Еўрапейскага саюза, якія фінансуюць праект, выказалі сваю думку: стаўбчане пазней за іншых пачалі, але раней падышлі да намечанага. Ленэ Петэрсан заўважыла:

– Вы прадэманстравалі адданасць той справе, якой займаліся. Няхай дасягнутыя зрухі – лакальныя, але яны патрэбныя людзям з інваліднасцю. «Павестка-50» – гэта працяглы шлях, для яго важныя змены на агульнадзяржаўным узроўні, але, калі ласка, прытрымлівайцеся мясцовых ідэй, бо вы выступаеце ад імя свайго насельніцтва, і менавіта праца на мясцовым узроўні адыгрывае важную ролю ва ўвасабленні Канвенцыі. Мы ўзялі на сябе абавязак распаўсюджання інфармацыі пра вашу дзейнасць на нашым сайце на рускай, дацкай і англійскай мовах. Падпісаны дакумент – гэта толькі пачатак. Ён не павінен быць архіўным. Патрэбна, каб гэты дакумент стаў рабочым і забяспечыў пераемнасць ідэй, – агучыла свае пажаданні каардынатар кампаніі «Павестка-50» з Даніі.

Намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, вітаючы ўдзельнікаў падпісання дакумента, выказала спадзяванне, што супрацоўніцтва працягнецца і далей, таму што стварэнне безбар’ернага асяроддзя – пытанне надзвычай важнае, яно пастаянна патрабуе нашых намаганняў. Яна ўручыла Ленэ Петэрсан на памяць кнігу пра Стоўбцы – «Пяць вякоў гісторыі».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *