Не хадзіце пад дахамі

Важное Медыцына

У сувязі з пагаршэннем умоў надвор’я спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ажыццяўляецца маніторынг санітарнага стану тэрыторый, у тым ліку якасці правядзення супрацьгалалёдных мерапрыемстваў, наяўнасці снежна-ледзяных утварэнняў на дахах будынкаў у месцах перамяшчэння людзей і аўтамабільнага транспарту.

Для бяспекі грамадзян і прафілактыкі траўматызму ў зімні перыяд санітарным заканадаўствам рэгламентавана штодзённая ўборка (ачыстка ад усіх відаў снежных, ледзяных і снежна-ледзяных утварэнняў, у тым ліку дахаў будынкаў), апрацоўка пры неабходнасці супрацьгалалёднымі сродкамі тратуараў, пешаходных зон, лесвіц, пандусаў, а таксама праездаў.

Уборку ледзяшоў і снегу з дахаў будынкаў неабходна ажыццяўляць у светлы час сутак з абавязковым выкананнем комплексу мерапрыемстваў, якія гарантуюць бяспеку пешаходам і транспарту, захаванасць насаджэнняў і да т. п. У выпадку невыканання выдадзеных рэкамендацый і прадпісанняў да адказных асоб могуць быць прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння (артыкул 21.14 частка 2 КоАП Рэспублікі Беларусь) у выглядзе штрафу.

Каб знізіць рызыку галалёднага траўматызму, раённы аддзел гігіены і эпідэміялогіі заклікае дарослых і дзяцей пры выхадзе з пад’езда прыслухвацца да падазроных гукаў, глядзець уверх, каб мець магчымасць заўважыць ледзяшы ці наледзь, што звісаюць з даху . Пры небяспецы неабходна неадкладна паведаміць работнікам камунальнай службы, нялішне апавясціць суседзяў, развесіўшы ў пад’ездзе адпаведнае паведамленне. Варта абыходзіць месцы магчымага абрушэння.

Калі падчас руху па тратуары вы пачулі зверху падазроны шум (гэта можа быць сыход снегу або ледзяной глыбы), лепш не спыняцца і не ўзнімаць галаву, каб разглядзець, што там здарылася. Варта як мага хутчэй прыціснуцца да сцяны – у такім выпадку казырок даху паслужыць укрыццем.

Нагадваем: не пакідайце дзіцячыя каляскі, аўтамабілі паблізу будынкаў, на карнізах якіх утварыліся ледзяшы і навісанне снегу. Часцей за ўсё ледзяшы ўтвараюцца над вадасцёкамі, таму гэтыя месцы фасадаў дамоў асабліва небяспечныя, іх неабходна абыходзіць. Акрамя таго, варта звяртаць увагу на абледзяненне тратуараў. Больш тоўсты слой наледзі ўтвараецца пад ледзяшамі.

У зімні перыяд насіце няслізкі абутак з падэшвай на мікрапорыстай аснове. Ад высокіх абцасаў лепш адмовіцца. Пажылым людзям рэкамендуем выкарыстоўваць кій з гумовым наканечнікам або спецыяльную палку з завостранымі шыпамі. Наступаць трэба на ўсю падэшву.

Глядзіце сабе пад ногі, старайцеся абыходзіць небяспечныя месцы і месцы з нахіленай паверхняй. Калі ледзяную «лужу» абысці немагчыма, лепш перасоўвацца па ёй, як на лыжах, невялікімі слізгаючымі крокамі. Рукі па магчымасці павінны быць свабоднымі, не ў кішэнях, каб не павялічваць верагоднасць падзення.

Калі паслізнуліся, трэба прысесці – і гэта дазволіць знізіць вышыню падзення. У момант падзення пастарайцеся згрупавацца і, перакаціўшыся, змякчыць удар аб зямлю.

Беражыце сваё здароўе!

ДУ «Стаўбцоўскі РЦГіЭ»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *