У Стоўбцах лазню можна наведаць за 6 рублёў

Главное Эканомiка

Навагоднія святы, дзякуючы вядомаму  савецкаму фільму, традыцыйна асацыіруюцца з лазняй. Кожнаму хочацца змыць з сябе старыя балячкі і пазбавіцца ад надакучлівых праблем, каб у ачышчаным стане, з маладой энергіяй ісці ў новы год.

Балазе ў жыхароў Стоўбцаў такая магчымасць была ва ўсе перадсвяточныя выхадныя дні.

– Па просьбах людзей мы працягнулі работу гарадской лазні № 4 і ў панядзелак, 31 снежня, – прыгадвае начальнік участка грамадзянскага абслугоўвання насельніцтва Стаўбцоўскага АКС Рэгіна Лянцэвіч.

У гэтай лазні па завулку Сацыялістычным (яе вы бачыце на здымку) не так даўно зроблены касметычны рамонт. У студзені рамонтныя работы чакаюцца ў парыльным аддзяленні. Лазня атэставана, адносіцца да другой катэгорыі. Разлічаная на 56 наведвальнікаў, яна запрашае ў суботу – нядзелю ўсіх жадаючых жанчын і мужчын. За выхадныя тут атрымліваюць паслугі ў сярэднім 170 чалавек. Папутна можна набыць піва, напіткі, неабходныя сродкі гігіены. «Прапануем бярозавыя венікі, якія самі нарыхтоўваем», – гаворыць Рэгіна Лянцэвіч.

У новым годзе камунальнікі мяркуюць расшырыць асартымент тавараў. Рабочыя своечасова ажыццяўляюць уборку ў аддзяленнях лазні. Добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя.

– Час работы лазні працягнуты да 21 гадзіны, і ў перыяд з 8 да 12 гадзін дзейнічаюць скідкі, – падкрэслівае бонусы Рэгіна Лянцэвіч.

Разам з тым пэўная частка гараджан наведвае лазню на вуліцы Пушкіна. У свой час яна была закрыта ў адпаведнасці з прадпісаннем санітарнай службы, але ўжо год, як на яе базе праводзіцца своеасаблівы эксперымент. Лазня здадзена ў арэнду індывідуальнаму прадпрымальніку. Яе заўсягдатаі засталіся ёй вернымі, нягледзячы на тое, што будынак далёка не новы, патрабуе капітальных укладанняў. Істотнай перавагай з’яўляецца размяшчэнне лазні. Блізка ад яе цячэ Нёман, таму не пераводзяцца жадаючыя скокнуць у раку пасля атрымання порцыі гарачай пары.

На балансе камунальнікаў знаходзіцца яшчэ лазня № 3 у Новым Свержані. Працуе яна раз на тыдзень – у нядзелю, мае мужчынскае і жаночае аддзяленні, парылку і, нягледзячы на адсутнасць катэгорыі, прадастаўляе ўсе ўмовы для якаснага лазневага абслугоўвання. Аднак попыт пакуль невялікі. Максімальная разавая колькасць наведвальнікаў складае не больш за тры дзясяткі чалавек. «Лазня нерэнтабельная. Зарплата яе работнікам (штат складаецца з касіра і двух апальшчыкаў) перавышае атрыманыя даходы», – падсумоўвае Рэгіна Лянцэвіч.

У сувязі з тым, што дзяржаўныя датацыі на ўтрыманне лазняў ліквідаваны, усе выдаткі кладуцца на Стаўбцоўскае АКС. «У мінулым годзе страты ад іх дзейнасці склалі значную суму – 70 тысяч рублёў», – зазначае дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Мурын.

Наведванне каштуе 6 рублёў і 6,5 рубля адпаведна ў лазнях №№ 3 і 4 (у арандаванай лазні кошт крыху вышэйшы), пры тым што фактычны кошт білета складае 17,9 рубля ў лазні ў Новым Свержані і 9,5 рубля – у лазні па завулку Сацыялістычным у Стоўбцах. Для іх функцыянавання выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *